“І конь не валяўся”. Блізкі да афіцыйнага Мінска расійскі эксперт жорстка прайшоўся па “саюзным медыяхолдынгу”
Расійскі журналіст Ігар Каротчанка, які пазіцыянуе сябе вайсковым экспертам, надзвычай крытычна пракаментаваў дзейнасць медыяхолдынга так званай саюзнай дзяржавы. Фактычна абвінаваціў “рэдакцыю” ў марнаванні грошай і заклікаў прыцягнуць да справы прафесіяналаў.
Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Национальная оборона», часты госць у якасці вайсковага і палітычнага аглядальніка на беларускіх прапагандысцкіх пляцоўках Ігар Каротчанка нечакана абрынуўся з вострай крытыкай на “поўную неэфэктыўнасць саюзнага медыяхолдынга”.
Пасля доўгіх узгадненняў “інфармацыйна-аналітычны партал” сёлета нарэшце запрацаваў, але пакуль гэта толькі трата грошай, канстатаваў ён.
«Медыяхолдынг саюзнай дзяржавы, на мой погляд, працуе абсалютна неэфектыўна. Грошы, якія трацяцца, не адпрацоўваюць свой функцыянал. Патрэбна іншая мадэль. Калі тыя людзі, якія робяць фармалізаваныя нейкія рэчы, не спраўляюцца, значыць трэба пераразмеркаванне бюджэту, прыцягненне новых сіл, тых, хто можа хутка даць вынік. Таму што медыйны асяродак канкурэнтны. Сучасны медыяпарадак хутка змяняецца, патрабуе маментальнай рэакцыі. Адпаведна, медыяпрадукты павінны быць канкурэнтныя ў асяроддзі, калі аказваецца ціск з усіх бакоў. Для таго, каб гэты кантэнт спажывец мог і жадаў атрымліваць».
Кантэнт “інфармацыйнага рэсурсу” сапраўды мала чым нагадвае сучаснае медыя — па-сутнасці, гвыглядае на чарговы “клон” дзяржаўных агенцтваў кшталту БелТА ў Беларусі ці ТАСС у Расіі, дзе ўся інфармацыя адцэнзураваная і прычэсаная ў адпаведнасці з патрабаваннямі кіроўных рэжымаў. Як прызнаў Ігар Каротчанка, з такім падыходам спадзявацца на канкурэнтаздольнасць могуць толькі такія “аптымісты”, як цяперашні дзяржсакратар саюзнай дзяржавы, у нядаўнім мінулым амбасадар Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
«Гляджу, як мяняецца беларуская інфармацыйная прастора: агенцтвы, тэлеканалы — новыя фарматы. Гэтак жа трэба падыходзіць да пытання медыяхолдынга, тых бюджэтаў, якія выдзяляюцца і трацяцца неэфектыўна. Я гэта гаварыў таварышу Мезенцаву, беларускім і расійскім калегам. Хацелася б нейкага рашэння, бо год прайшоў, а, як кажуць, і конь не валяўся. Неабходна максімальная інтэграцыя, узаемадзеянне аналітычных цэнтраў. Ёсць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, такая фабрыка думак, я знаёмы з калектывам і кіраўніком. Патрэбны эфектыўныя ўзаемаадносіны. Пакуль жа шмат праблем у гэтым плане».
Пры гэтым расійскі журналіст-агітатар заклікае спыніць усялякія “інфармацыйныя войны” паміж Расіяй і Беларуссю — перад “сапраўднай пагрозай” з боку калектыўнага Захаду. З апорай на “саюзную сілу”, падкрэсліў ён.
“Вельмі добра, што мы нарэшце пераадолелі тую спадчыну, якая, на жаль, мела месца. Чаго граху ўтойваць, і ў нас часта ўздымаліся антыбеларускія кампаніі ў СМІ, і ў вас яны вяліся супраць асобных расійскіх прадстаўнікоў. Я разумею, што гэта палітычная кан’юнктура, імгненнае рэагаванне палітыкаў на тыя ці іншыя камбінацыі. Але сёння з’явіўся новы ўзровень вонкавых выклікаў. Таму я прыхільнік таго, што з апорай на сілу мы павінны забяспечваць свой суверэнітэт. Натуральна, не прэтэндуючы ні на тэрыторыю Польшчы, ні на нечую яшчэ», — падсумаваў Ігар Каротчанка.
З пачаткам ваеннай агрэсіі Крамля супраць Украіны танальнасць падачы інфармацыі ў беларускіх і расійскіх медыях сапраўды выраўнялася — адзінагалоснае апраўданне вайны і непрыманне ніякай крытыкі так званай “спецаперацыі”. Мала таго, СМІ Беларусі цалкам існуюць у “навінавым парадку дня” Расіі, дублюючы “поспехі” на франтах і ўтойваючы ганебныя паразы маскоўскіх “палкаводцаў”.
Чытайце яшчэ:
Эдуард Мельников: «Горком закрыл мои прямые эфиры: во время их рабочие крыли последними словами то, что творилось в промышленности»
Затрымалі журналістку “Витебского курьера” Жанну Жалевіч
Краткое правовое руководство для интернет-ресурса в Беларуси и его корреспондентов