• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто “разруліць” журналісцкі канфлікт?

    Адкуль бяруцца канфлікты паміж уладальнікам СМІ і калектывам, паміж рэдактарам і журналістам, паміж журналістамі розных СМІ? Ці можна і ці варта ўмешвацца трэцяму "боку"? Што такое медыяцыя і ці прыжывецца яна ў Беларусі? Ці могуць самі журналісты стаць медыятарамі?

    Гэтыя пытанні абмяркоўвалі ў Мінску на працягу двух дзён актывісты ГА “БАЖ” з экспертамі – намеснікам старшыні Нямецкага саюза журналістаў (DJV) Вольфгангам Грэбенхофам і спецыяластам мінскага Цэнтра медыяцыі і перамоваў Таццянай Бяляевай. Ініцыявалі сустрэчу ГА «БАЖ» і нямецкі Фонд імя Фрыдрыха Эберта.

    Адкуль бяруцца канфлікты

    Як паказала дыскусія, журналісцкія канфлікты ва ўсім свеце ўзрастаюць прыблізна на адной глебе.

    Канфлікт “Уладальнік СМІ – калектыў” можа паўстаць з‑за няведання абодвума бакамі сваіх правоў і абавязкаў, з‑за рознай матывацыі ў наймальніка і супрацоўнікаў, з‑за рэзкай змены патрабаванняў, нарэшце – з‑за асабістай непрыязнасці.

    Канфлікт “Рэдактар – журналіст” таксама можа мець безліч прычын: незадаволенасць заробкам, прэтэнзіі да працоўнага графіку, незадаволенасць якасцю і аб’ёмам выкананай працы альбо безыніцыятыўнасцю супрацоўніка і г.д. У большасці выпадкаў праблемы караняцца ў адсутнасці дакладных дамоўленасцяў і непразрыстасці ўнутрырэдакцыйных працэсаў.  

    Канфлікт “Журналіст – журналіст” можа разгарэцца з‑за канкурэнцыі ў межах рэдакцыі ці паміж рэдакцыямі, з‑за ўзроставых разыходжанняў (“малады” vs “заслужаны” і інш.), з‑за палітычных поглядаў, няўмення працаваць у камандзе і г.д.

    Ці можна паўплываць

    Журналісты паразважалі над тым, у якіх выпадках канфлікты можна прадухіліць ці вырашыць, а ў якіх – не. Пагадзіліся, што не зашкодзяць добрае веданне сваіх правоў і абавязкаў, выразныя дамоўленасці на самым пачатку супрацоўніцтва, уважлівае стаўленне да патрэбаў супрацоўнікаў і іх дасягненняў, інтэграцыйныя мерапрыемствы і г.д. У некаторых накірунках – асабліва датычных адукацыі і пасярэдніцтва ў перамовах – калегі лічаць дарэчным удзел ГА “БАЖ”.

    Вольфганг Грэбенхоф распавёў пра досвед DJV у вырашэнні канфліктных сітуацый.

    – Безумоўна, толькі той, хто ведае свае правы, можа за іх змагацца. Мы, дарэчы, нярэдка сутыкаліся з сітуацыямі, калі працадаўца ведае свае правы яшчэ горш за супрацоўнікаў. Рэдакцыйныя статуты ёсць не ва ўсіх медыях Германіі, і мы стараемся як мага шырэй распаўсюджваць гэты досвед, які задае пэўныя арыенціры для абодвух бакоў – і работніка, і наймальніка.

    Па словах эксперта, добрыя вынікі дае сістэма “давераных асоб” DJV на розных медыйных прадпрыемствах. Гэтыя людзі не маюць афіцыйнага статусу назіральнікаў, а проста распаўсюджваюць прафсаюзныя ідэі ў калектыве і інфармуюць журналісцкае аб’яднанне пра магчымыя негатыўныя працэсы ў СМІ – дзеля своечасовага прадухілення “выбухных” сітуацый.

    – Наша мэта – не дапусціць расколу ўнутры рэдакцый. Што да асабістых канфліктаў – тут мы стараемся не ўмешвацца. Разам з тым, нядаўна мы выдалі брашуру – пра сумленнае, адказнае і справядлівае абыходжанне з калегамі, – кажа эксперт DJV.

    “Здаровы” канфлікт – гэта развіццё

    І тым не менш, не ўсіх канфліктаў трэба пазбягаць, – даводзіць эксперт мінскага Цэнтра медыяцыі і перамоваў Таццяна Бяляева. У пэўным сэнсе канфлікты – гэта прыступкі развіцця. Падаўленне канфліктаў больш небяспечнае за самі канфлікты. Адсутнасць канфліктаў у калектыве (як і словы-маркеры кшталту “я ніколі не…”) – сігнал трывогі для эксперта.     

    А вось вывесці канфлікт у канструктыўнае рэчышча – вартая высілкаў справа.

    Як гэта зрабіць – ведаюць медыятары.   

    Медыятар – гэта перамоўшык-пасярэднік, “трэцяя асоба”, якая імкнецца, каб усе канфліктуючыя бакі ў выніку засталіся задаволеныя. У медыяцыі бакі дамаўляюцца самі – медыятар толькі будуе стратэгію перамоваў і кіруе працэсам, ведаючы, што і калі трэба сказаць, каб стратэгія выконвалася.

    – Некаторыя параўноўваюць медыятара з сабакам, які пільнуе статак: пакуль усё добра – ён адпачывае, – кажа Таццяна Бяляева.

     Сярод асноўных прынцыпаў медыяцыі:

    Добраахвотнасць. Бакі павінныя самі вырашаць, калі ўваходзіць у перамовы і калі з іх выходзіць.

    Канфідэнцыйнасць. Нават калі бакі ў выніку вырашаюць ісці ў суд, закон (у тым ліку беларускі) гарантуе медыятару імунітэт сведкі – ён не абавязаны даваць паказанняў, калі толькі не ідзе гаворкі пра пагрозу жыццю, здароўю ці планаванае злачынства.

    Нейтральнасць і незалежнасць медыятара. Ён не зацікаўлены ў зыходзе спрэчкі – нават у тым, каб бакі прыйшлі да згоды. У гэтым павінныя быць зацікаўленыя самі бакі. Ён не дае ніякіх ацэнак, не шукае, хто мае рацыю, а хто – не. У гэтым сэнсе найцяжэй працаваць медыятарам-юрыстам і медыятарам-псіхолагам, якія бачаць сітуацыю глыбей. 

    – Медыяцыя – гэта не ўніверсальная працэдура. Ёсць выпадкі, калі яна неэфектыўная, – адзначае эксперт.

    Бывае, што канфлікт знаходзіцца на стадыі высокай эскалацыі – бакі ўжо не чуюць адно аднаго і нават гатовыя панесці пэўныя страты, толькі каб другому было яшчэ горш. Бываюць канфлікты, дзе сілы занадта няроўныя: груба кажучы, “алігарх” супраць “жабрака”. Таму вельмі важна дыягнаставаць канфлікт на самым пачатку.

    Затое паспяховая медыяцыя дазваляе бакам захаваць дзелавыя і чалавечыя стасункі, зняць псіхалагічнае напружанне, нават калі канфлікт не вырашаны.

    Медыятар павінен быць адчувальнай, гнуткай, крэатыўнай, здольнай да аналізу асобай з добрым пачуццём гумару.  

    Паводле Таццяны Бяляевай, медыятарам можа стаць любы чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў з вышэйшай адукацыяй. Юрыстам ці псіхолагам быць не абавязкова – трэба толькі атрымаць спецыяльную адукацыю. Не-юрыстам давядзецца правучыцца 170 гадзін, юрыстам – 140.  

    У Беларусі існуе тры арганізацыі, якія займаюцца падрыхтоўкай медыятараў па зацверджаных Мінюстам праграмах. Адна з іх – Цэнтр медыяцыі і перамоваў, у якім працуе Таццяна Бяляева. Усе, хто прайшоў такую падрыхтоўку, атрымліваюць сертыфікат ад Мінюста і з’яўляюцца ў адкрытым рэестры на сайце гэтай установы. Канфліктуючыя бакі, што хочуць дамовіцца без суда, могуць наўпрост звязацца з медыятарам, які ім спадабаўся. На сёння ў Беларусі зарэгістравана каля 200 сертыфікаваных мадыятараў. “Камерцыйная медыяцыя даволі цікавая ў плане ўзнагароджання”, – кажа Таццяна Бяляева. Па яе словах, паслугі дасведчанага медыятара каштуюць каля 100 долараў за гадзіну. Але для канфліктуючых бакоў гэта больш выгадна, чым выдаткі на суд і адвакатаў.

    Кажучы пра магчымасці журналістаў выступаць медыятарамі ў прафесійных канфліктах, Таццяна Бяляева прызнае, што тут “класічная” схема наўрадці спрацуе – хаця б таму, што не будзе выкананы прынцып поўнай нейтральнасці медыятара. Гэта больш дарэчна назваць пасярэдніцтвам у перамовах. Тым больш што юрыдычнай сілы пагадненне не будзе мець.

    Тым не менш, прыкладны план вядзення перамоваў падобны да “класічнага”:   

    • Збор (атрыманне) інфармацыі
    • Уступнае слова пасярэдніка (заклік бакоў да перамоваў, згадка пра магчымыя агульныя інтарэсы і г.д.)
    • Выказванне бакоў (паралельна ці паслядоўна)
    • Кола праблемных пытанняў (высвятленне паходжання канфлікту), вызначэнне патрэбаў бакоў
    • Абмеркаванне
    • Рашэнне (пагадненне)
    • Выхад з перамоваў.

    “Ёсць такая мара – калі-небудзь займець у нашай арганізацыі пул людзей, якія цікавяцца і больш за іншых ведаюць пра спосабы вырашэння канфліктаў унутры рэдакцый”, – адзначыла напрыканцы сустрэчы намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец. Як паказала апытанне ўдзельнікаў, першы крок у гэтым накірунку падаўся ім цікавым і карысным, і яны спадзяюцца на працяг.

    Журналіст і галоўны рэдактар. Як паразумецца?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці