• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Хрысціянская візія” заклікала Ватыкан тэрмінова ўмяшацца ў лёс рэпрэсаванай сям’і журналіста Ігара Лосіка

    Працоўная група Каардынацыйнай рады “Хрысціянская візія” звярнулася да Папы Францішка ад імя сям'і палітвязняў Ігара і Дар'і Лосікаў, а таксама іх 4-гадовай дачкі Паўліны з заклікам дапамагчы спыніць беззаконне ў Беларусі. 

    У адкрытай заяве на імя Папы Рымскага Францішка актывісты “Хрысціянскай візіі” нагадваюць пра адчайны ліст, які Святому Айцу яшчэ ў жніўні 2021 года накіраваў Ігар Лосік — шчыры каталіцкі вернік і фрылансер “Радыё Свабода”, асуджаны на 15 гадоў зняволення. 

    Сярод іншага ў лісце Ігар расказаў пра сваю 42-дзённую галадоўку, якую аб’явіў, каб прыцягнуць увагу да “абсурднага крымінальнага пераследу”. Дзеля доказу сваёй невінаватасці нават спрабаваў учыніць самагубства — як апошні спосаб дастукацца да правасуддзя.

    “15 гадоў сядзець у турме ні за што і не бачыць сваёй дачкі — гэта горш за смерць”, — канстатаваў ён, заклікаўшы Пантыфіка заступіцца за дабро, праўду, справядлівасць.

    Насамрэч — за тысячы беларусаў, якія страцілі надзею, апынуўшыся ў  гэткім жа безвыходным становішчы.

    Да гэтага часу невядома, ці дайшло тое пасланне да Папы Францішка, бо ніякай рэакцыі на яго не было. 

    З гэтай прычыны “Хрысціянская візія” паўторна звярнулася да Ватыкану ад імя Лосікаў з паўторнай просьбай акцэнтавацца на лёсе беларускай сям’і. Тым больш, з’явілася чарговая сумная нагода.

    19 студзеня Брэсцкі абласны суд вынес прысуд Дар’і Лосік, прызначыўшы ёй 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Жанчына да таго  правяла 3 месяцы пад вартай у СІЗА за інтэрв’ю пра свайго мужа. Такім чынам, пасля таго, як у снежні 2021-га Ігар Лосік быў пакараны  зняволеннем тэрмінам на 15 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, іх малалетняя дачка Паўлінка засталася без апекі бацькоў.

    Прэтэнзіі з боку ўладаў з’явіліся праз тое, што інтэрнэт-рэсурсы тэлеканала “Белсат” у лістападзе 2021 года прызнаныя рэжымам  “экстрэмісцкім фармаваннем”. Адпаведна, сам факт інтэрв’ю названаму каналу ёсць нібыта “садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса). Акрамя таго, ёй ставілі ў віну словы аб тым, што яе муж з’яўляецца “палітычным зняволеным і асуджаны незаконна”, чым  выказвала «асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена адпраўленне правасуддзя».

    “Дар’я Лосік змагалася за жыццё свайго мужа, каб перамагла справядлівасць. Не з’яжджала з краіны, каб мець магчымасць хоць часам сустракацца з ім на спатканнях. За нявіннае інтэрв’ю ўлада жорстка пакарала абодвух турэмным зняволеннем, пакінуўшы малалетнюю Паўліну без апекі бацькоў. “Хрысціянская візія” выказвае салідарнасць з сям’ёй Лосікаў, лічыць Ігара і Дар’ю сумленнем беларускага народа ў сваім бескампрамісным адстойванні правоў чалавека і ўласнай годнасці перад тварам дыктатуры і знішчэння грамадзянскай супольнасці. Мы таксама захапляемся любоўю і адданасцю мужа і жонкі адзін аднаму”, — гаворыцца ў апублікаваным лісце, асобнік якога накіраваны ў Ватыкан.

    “Хрысціянская візія” просіць Пантыфіка паўплываць на ўлады Беларусі, каб тыя як мінімум замянілі меру крымінальнага пакарання ў дачыненні да Дар’і Лосік на не звязанае з пазбаўленнем волі.

    Застаючыся ў Беларусі, яна ўжо прадэманстравала, што не мае намеру пакідаць краіну, да таго ж, не ажыццяўляла ніякіх дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, і ніякай небяспекі для навакольных не ўяўляе. Яе прысутнасць неабходна перш за ўсё для выхавання і клопату пра маленькую дачку. 

    “Хрысціянская візія” ўтворана 9 верасня 2020 года і з’яўляецца нефармальным міжканфесійным аб’яднаннем, заяву аб стварэнні якога  падпісалі дзясяткі вернікаў і святароў асноўных канфесій.

    Вакол ініцыятывы сканцэнтравалася грамадская дзейнасць беларускіх хрысціян ва ўмовах поствыбарчых рэпрэсій і ўнутрыцаркоўнага ціску. Асабліва яе патэнцыял вырас праз вымушаную эміграцыю актывістаў.  Група ставіць мэтай садзеянне сумеснай дзейнасці хрысціян дзеля дасягнення мэтаў Каардынацыйнай рады: пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння грамадскай згоды.

    Чытайце яшчэ:

    Боролась за мужа и оказалась в тюрьме. История Дарьи Лосик

    «Яшчэ прыйдзе час, калі ўсе людзі ўбачаць, хто такі Мікола Дзядок!»

    У Мінску затрымалі відэааператара Паўла Падабеда

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці