Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады турмы за інтэрв’ю пра мужа-палітвязня
У Брэсцкім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні Дар‘і Лосік — жонкі Ігара Лосіка, журналіста і адміністратара тэлеграм-канала “Беларусь головного мозга”. Суддзя Мікалай Грыгаровіч пагадзіўся з прапановай пракурора і пакараў жанчыну пазбаўленнем волі на два гады.
Нагадаем, кансультант Радыё “Свабода” Ігар Лосік быў асуджаны па так званай “справе Ціханоўскага” да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку) і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 года пасля ператрусу ў яе кватэры ў Баранавічах. Маці чатырохгадовай дачкі адвезлі ў Брэст і змясцілі ў СІЗА‑7, а пазней выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Падставай для крымінальнага пераследу стала інтэрв’ю Дар‘і пра мужа тэлеканалу “Белсат” вясной 2022 года.
Як адзначаецца ў абвінавачанні, у гэтым інтэрв’ю тэлеканалу, што прызнаны беларускімі ўладамі “экстрэмісцкім фармаваннем”, Дар’я Лосік “пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя”.
Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Кацярына Пакала, якая заявіла падчас працэсу, што ў Дар’і Лосік нібыта быў прамы намер на “аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці”. У выніку пракурор запрасіла для Дар’і два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Сама Дар’я Лосік ў судзе прызнала віну і падрабязна распавяла пра абставіны, якія тычацца інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. Яна паведаміла, што гэта было вынікам цяжкіх эмацыйных перажыванняў пасля спаткання з мужам у СІЗА Гомеля, дзе на той момант знаходзіўся Ігар Лосік.
“Мне вельмі хацелася выказацца, падзяліцца сваімі перажываннямі. І я, нядоўга думаючы, пагадзілася даць інтэрв’ю. Хоць я не прыхільнік менавіта гэтага СМІ і не правярала яго на прыналежнасць да так званых экстрэмісцкіх арганізацый”, — распавяла Дар’я Лосік.
Яна адзначыла, што ніякага негатыву не выказвала і наогул старалася пазбягаць ацэнак грамадска-палітычнай сітуацыі. “Я нікога не абражала і не заклікала да здзяйснення якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў», — дадала Дар’я Лосік.
На пытанне суда, як яна ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца, Дар’я Лосік адказала: “Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям’ю, у тым ліку маю малую дачку”. Яе адвакат звярнула ўвагу на цяжкі эмацыйны стан Дар’і пасля арышту мужа і папрасіла суд вынесці пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, каб даць магчымасць самой выхоўваць дачку.
У сваім апошнім слове Дар’я Лосік сказала:
— Так, я не адмаўляю тое, у чым мяне абвінавачваюць. Але прашу зразумець, што апошнія два гады былі вельмі цяжкімі ў маім жыцці. І цяпер мне балюча ўсведамляць, што мая дачка ідзе ў сад або на шпацыр не са мной, дзеліцца сваімі перажываннямі таксама не са мной. Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла. Вельмі прашу суд улічыць гэты факт пры вынясенні прысуду. Гатовая панесці пакаранне, калі я заслугоўваю яго. Але мне б вельмі хацелася, каб яно не перашкодзіла маёй дачцэ ў бліжэйшы час убачыць мяне і сказаць: “Мама, ты смешная, я цябе вельмі люблю”.
Чытайце яшчэ:
«Праязджаю 900 кіламетраў двойчы на тыдзень, каб прывезці яму перадачу». Даша Лосік — пра смеласць і вернасць
Палітвязень, блогер Ігар Лосік абвясціў бестэрміновую галадоўку
«Арыштавалі піяніна, якое мне купілі бацькі ў першай клясе». У журналіста Ігара Лосіка апісалі маёмасьць