Гурневіч: Некаторых абурае прысутнасць Тамары Эйдэльман у беларускіх СМІ, а я лічу гэтую прысутнасць вельмі карыснай
У фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч разважае наконт частай дыскусіі — ці запрашаць расійскіх экспертаў у беларускія медыя, піша "Наша Ніва".
«Некаторых абурае прысутнасць расейскай папулярызатаркі гісторыі Тамары Эйдэльман у беларускіх СМІ. А я лічу гэтую прысутнасць вельмі карыснай. Як і іншых падобных асобаў з Расеі», — піша журналіст у фэйсбуку.
Ён тлумачыць, што, на яго думку, гэта карысна не толькі беларусам.
«Відавочна, што сёння такія людзі, як яна, пачалі звяртаць асаблівую ўвагу на адметнасць народаў постсаўка і іх адрознасць ад Расеі. Час прымусіў рэфлексаваць і адкрыць іншую перспектыву погляду.
І чым больш такія людзі будуць чуць нас, чым больш мы будзем камунікаваць і фармуляваць свой пункт погляду, тым больш пісьменна яны будуць пераказваць яго сваёй аўдыторыі. А ў Эйдэльман яна мільённая. Яе глядзяць самыя адукаваныя расейцы, якія таксама фармулююць сэнсы. Яны да сёння пра нас нічога не ведаюць, апрача бульбы і трактароў.
У нас ніколі ніхто сур’ёзна не працаваў з грамадскай думкай нават у Расеі ці Украіне, не кажучы пра Захад. Напісаць кнігу ці зняць ролік — гэта яшчэ не праца з мэтавай групай. Людзей трэба зацікавіць. І Эйдэльман можа агучваць шырокай аўдыторыі патрэбныя нам рэчы, каб яны замацоўваліся ў галовах суседзяў. Прынамсі з’яўляецца шанец. Ёсць, вядома ж, і альтэрнатыва — марыць пра развал Расеі і нічога не рабіць. Але нават калі яна разваліцца (хвілінка летуценняў), то людзі там застануцца тыя ж. У нас ніколі не было сур’ёзнай мяккай сілы ў распаўсюджванні сваёй гісторыі, дык чаму б не карыстацца кожнай магчымасцю?» — прыводзіць аргумент Дзмітрый Гурневіч.
Ён згадвае, як сам нядаўна правёў тыдзень у кампаніі людзей з розных краін і не змог прыгадаць добры падручнік па гісторыі Беларусі на англійскай ці іншых папулярных мовах, калі тыя папрасілі параіць.
«Мы белая пляма, і ў многім — па ўласнай віне. Крыўдзімся, калі людзі блытаюць нас з расейцамі або блытаюць Беларусь з Белізам. У нас ніколі не было think tank’у ці нейкай інстытуцыі, якая б папулярызавала нашу гісторыю і культуру ў свеце, на розных мовах. Такія функцыі выконвалі і выконваюць многія з нас ці нейкія дробныя арганізацыі, у якіх іншыя мэты.
Але час сёння такі, які прымушае працаваць па-іншаму. А калі трапляецца нешта чужое, як Эйдэльман, якое можа нам спрыяць, трэба рабіць з такіх людзей сваіх саюзнікаў, а не хэйціць за відавочна не наўмысныя агаворкі. Любы каэфіцыент карыснага дзеяння лепшы, чым нуль», — падсумоўвае Дзмітрый Гурневіч.