Гродзенскія журналісты расказалі пра акалічнасці ўчорашняга ператрусу
Незалежных журналістаў з Гродна Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса 23 ліпеня затрымалі на вуліцы людзі ў цывільным. Пасля ў іх дома міліцыянты правялі агляд памяшкання і забралі камп’ютарную тэхніку.
Пра тое, якім чынам разгортваліся падзеі распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ” Алесь Дзянісаў:
– Мы ішлі з Аляксеем па журналісцкіх справах, каля аўтамабіля да нас падышлі трое ў цывільным, адзін з іх прад’явіў дакумент. Ветліва папрасілі праехаць ў Ленінскі РАУС. На просьбу патлумачыць у сувязі з чым, адказалі, што вядзецца праверка і трэба праехаць у РАУС.
– Што адбывалася ў Ленінскім РАУСе?
– Нас пасадзілі і мы гадзіну сядзелі, не разумеючы, што адбываецца. Потым з’явіўся супрацоўнік РАУС Аляксей Вайцешка. “Хопіць ужо працаваць на “Белсат”, – сказаў ён. – Мы пачынаем у межах крымінальна-працэсуальнага кодэкса праверку ў сувязі са знятым вамі сюжэтам”. Мы той сюжэт здымалі дзесьці ўвесну. Я дакладна не памятаю.
– Вы падпісвалі нейкія дакументы ў аддзяленні міліцыі?
– Недзе праз гадзіну да нас падышлі і сказалі, што зараз будуць рабіць апытанне. Аляксея адвялі ў іншы кабінет, а я застаўся ў кабінеце Вайцешкі, але само апытанне рабіў іншы супрацоўнік. Я адразу спытаў міліцыянтаў, ці заведзеная на мяне крымінальная справа. Мне адказалі, што гэта толькі апытанне, тады я паведаміў, што не хачу сабе нашкодзіць і не буду нічога казаць. Хутка быў складзены пратакол апытання, і я яшчэ доўга сядзеў чакаў Аляксея Кайрыса.
Паводле Алеся Дзянісава, дзесьці дзве з паловай гадзіны такім чынам яны правялі ў Ленінскім РАУС Гродна. Пасля праваахоўнікі правялі агляд памяшкання ў кватэры журналіста.
– Гэта быў не ператрус. Розніца ў тым, што міліцыянты адразу папярэдзілі, якія рэчы яны будуць забіраць. Іх цікавілі толькі лічбавыя носьбіты. У выніку ў мяне забралі камп’ютар, ноўтбук, мабільны тэлефон, прычым картку з тэлефона мне аддалі. А таксама відэакамеру, якая была пры мне.
Я зусім не разумею, і абураны тым, што падобны агляд быў праведзены ў маёй маці, бо я там даўно не жыву. У маці быў шок, у яе хворае сэрца, і я яшчэ не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца. Не магу сказаць, што міліцыянты паводзілі сябе неяк некарэктна. Зразумела, што гэта былі простыя выканаўцы, якім загадалі зрабіць гэта. Да іх няма прэтэнзій. У мяне прэтэнзіі да тых начальнікаў, не ведаю каго, міліцыі, КДБ, якія распачалі такую брудную і паскудную справу, – каментуе сітуацыю сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў.
Журналісты намераныя раіцца з юрыстамі, каб даведацца, што далей рабіць пасля вынятку тэхнікі. Бо на дадзены момант журналістам няма з чым працаваць.