Гледачы фільма “Ён такі, Павел Левінаў”: Трэба, каб СМІ больш здымалі і пісалі пра праваабаронцаў
На Віцебшчыне прайшоў цыкл прэзентацый фільма “Ён такі, Павел Левінаў”, прысвечанага вядомаму віцебскаму праваабаронцу і БАЖаўцу. Першым гледачам фільма была прапанаваная анкета з пытаннямі і пра дакументальную стужку, і пра тое, наколькі поўна дзейнасць беларускіх праваабаронцаў асвятляецца ў беларускіх СМІ.
Ідэя наконт апытання гледачоў нарадзілася яшчэ да здымак фільма, распавяла Алена Сцяпанава, удзельніца здымачнай групы:
Для мяне гэты фільм адрозніваўся ад таго, што даводзілася рабіць раней, найперш грамадскай значнасцю тэматыкі. Разам з Аляксандрам Зянковым мы ўжо фільмы пра неардынарных людзей, нашых сучаснікаў . Гэта “Выбар Барыса Хамайды”, фільм пра найстарэйшага віцебскага апазіцыянера і рэдактара першай незалежнай віцебскай газеты “Выбар”, і фільм “Я лічу, што я шчаслівы” пра пра журналіста, паэта, барда, настаўніка і перакладчыка Георгія Станкевіча. Фільм пра Паўла Левінава быў іншым у тым плане, што мусіў не толькі паказаць гледачу цікавую асобу, але і абудзіць інтарэс да дзейнасці праваабаронцаў, да сутнасці працы ў галіне абароны правоў чалавека. Можа, нават справакаваць дыскусію, ці патрэбныя праваабаронцы і нашай дзяржаве”.
На думку Алены Сцяпанавай, абудзіць інтарэс у гледачоў, безумоўна, атрымалася: больш за 100 чалавек наведалі прэзентацыі фільма ў Віцебску, Оршы і Полацку, і кожная прэзентацыя завяршалася працяглай гутаркай з самім праваабаронцам. І кожная прэзентацыя была па-свойму адметнай: у Віцебску, прыкладам, гледачы скандавалі напрыканцы фільма “Я такі, як Паша!” – апошнюю фразу, якую паўтаралі героі ў фінале. У Оршы невялікае офіснае памяшканне не змагло змясціць усіх ахвотных, і людзі заходзілі ў пакой па чарзе, каб задаць сваё пытанне, якое нарадзілася падчас прагляду, галоўнаму герою — Паўлу Левінаву. У Полацку сустрэча з праваабаронцам увогуле зацягнулася на некалькі гадзінаў, бо фільм справакаваў дзесяткі пытанняў.
“Сярод заўвагаў падчас прэзентацый даводзілася чуць, што мала паказана, прыкладам, судоў з удзелам Паўла Левінава. Або нейкай паслядоўнай дзейнасці ў імя вырашэння нейкай канкрэтнай праблемы. Але гэты фільм — гэта не навучальны дапаможнік “Хто такі праваабаронца і як ён працуе”, і не жыццяпіс самога Паўла Левінава. Гэта фільм — “штуршок”, калі кожны глядач можа падумаць над убачаным і зрабіць для сябе свае ўласныя высновы. Ці ён “такі як Паша” і ён таксама гатовы змагацца з парушэннямі правоў чалавека, або ён знаходзіцца ў такой жыццёвай сітуацыі, калі дапамога патрэбная яму непасрэдна. Верагодна, гледачам захочацца болей даведацца пра дзейнасць іншых праваабаронцаў, і яны пачнуць шукаць інфармацыю пра іх”, — разважае Алена Сцяпанава.
Анкетаванне, дарэчы, паказала, што інфармацыі пра праваабаронцаў і іх дзейнасць бракуе ў сучаснай Беларусі. Гэта тычыцца як дзяржаўных СМІ (так лічаць 100 % ад колькасці апытаных), так і незалежных медыя (30,4 % ад колькасці апытаных). Адказваючы на пытанні анкеты, удзельнікі прэзентацый фільма “Ён такі, Павел Левінаў” адзначалі, што ім бракуе артыкулаў пра праваабаронцаў, інтэрвью з праваабаронцамі і тымі, каму яны дапамаглі, перадачаў з удзелам праваабаронцаў, фільмаў пра іх. Карыснымі, на думку гледачоў, былі б таксама адукацыйныя мерапрыемствы ў галіне правоў чалавека.
Амаль 80 % апытаных лічаць, што колькасць праваабаронцаў у Беларусі павінна расці. Гэтаксама лічыць і Павел Левінаў, які гаворыць напрыканцы фільма: “Праваабаронцаў павінна быць болей. Як Дзедаў Марозаў у навагоднія святы. Каб кожная сям’я пра іх ведала, каб кожная сям’я ведала, да каго можна звярнуцца па прававую дапамогу. Каб у краіне як мага хутчэй адбыліся перамены да лепшага з выкананнем правоў чалавека”.
На сайце ГА «БАЖ» фільм “Ён такі, Павел Левінаў” з’явіцца заўтра, 28 снежня.