• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску знялі фільм пра праваабаронцу Паўла Левінава. Хутка чакаецца прэм’ера

    Вядомы прааабаронца стаў героем дакументальнай стужкі, знятай творчым тандэмам —  віцебскай журналісткай Аленай Сцяпанавай і відэааператарам з Барысава Аляксандрам Зянковым.

    Спадзяюся, што з нашага фільма  гледачы даведаюцца болей не толькі пра Паўла Левінава, але і пра сябе.

    Да прэм’еры дакументальнай стужкі застаецца ўсяго некалькі тыдняў. Плануецца, што яна будзе паказана ў Віцебску, Полацку і Оршы. У рэгіёнах ужо чакаюць паказу, бо шмат хто чуў і пра  галоўнага героя фільма, і пра творчасць здымачнай групы.

    Павел Левінаў на мірным сходзе 25 сакавіка ў Віцебску. Фота Анастасіі Вераск

    Фільм называецца «Ён такі», але гэтая  стужка не толькі пра Паўла Левінава — яна, хутчэй, пра запатрабаванасьць такіх неабыякавых, пазітыўных людзей з выразнай грамадскай пазіцыяй  у сучаснай Беларусі. Менавіта таму галоўным героем стаў віцебскі праваабаронца, вядомы тым, што прыдумляе нетрадыцыйныя падыходы да вырашэння шмат якіх праблем. Бо ён не проста крытыкуе парушэнні ў галіне правоў чалавека, а ўмее іх высмеяць, паказаць абсурднасць канкрэтных  сітуацый . «А тое, што смешна, — ужо не страшна» , — гаворыць у фільме галоўны герой.

    Распавядае Алена Сцяпанава:

    — Калі мы з калегай Вікторыяй Дашкевіч разважалі над сцэнарыем будучага фільма, то адразу вырашылі: ён не павінны быць сумным. Хіба можна здымаць сумнае кіно пра чалавека, гатовага прыйсці на  суд у майцы з надпісам «Нецензурно не выражаюсь» ці нават у касцюме Дзеда Мароза?  Пра чалавека, які  падае заяўку на аднаасобнае шэсце, і атрымлівае прагназаваную адмову, бо ніхто не здагадаўся спраўдзіць  указаны  маршрут — а гэта быў усяго толькі шлях Паўла ад ягонага дому да бліжэйшай крамы…

    Левинов

    Праваабаронца Павел Левінаў у Віцебскім абласным судзе. Фота Святланы Васільевай

    «Але Павал Левінаў — далёка не блазан, якому толькі дай нагоду для смеху. «Гэта такая ледзь заўважная мяжа, як рабіць справу, не ствараючы з гэтага пусты фарс. Як не смяяцца з людзей, а высмейваць  праблему, ці карані гэтай праблемы. У Паўла гэта атрымліваецца», — гаворыць у фільме юрыстка Людміла Ульяшына, кіраўніца міжнародных адукацыйных праграм для  праваабаронцаў. 

    — Падчас здымак фільма мы аб’ехалі ці не ўсю Беларусь, каб сустрэцца з праваабаронцамі ў Гомелі, Магілёве, Мінску, Оршы. Мы пыталіся ў калег Паўла Левінава, як яны ставяцца да ягонага крэатыўнага, гумарыстычнага  падыходу да сур’ёзных справаў, рамаўлялі пра паспяховасць або заганнасць такога падыходу, пра тое, ці варта шырока ўжываць  гэткую практыку. І мы пачулі шмат розных меркаванняў як пра дзейнасць Паўла Левінава, так і ўвогуле пра ролю праваабаронцаў, якая ў нашай краіне застаецца малавядомай. Больш за тое: з афіцыйных крыніцаў  часам даводзіцца чуць меркаванні, што яна — заганная, ці, прынамсі, непатрэбная. Павел Левінаў лічыць, што гэта не так. А пагадзіцца або паспрачацца з ім неўзабаве змогуць гледачы фільма, — працягвае Алена Сцяпанава. — Зрэшты, не варта разлічваць, што на экране з’яіцца гэткая забранзавелая постаць «героя нашага часу», які штохвіліны змагаецца з сусветным злом і ўзорна перамагае.  У нас не было мэты паказаць супермэна, якому ўсё па сілах, і які йдзе па жыцці пад воплескі, як па чырвонай дарожцы… Ён у фільме абсалютна розны: стомлены пасля 15-суткавага арышту і задаволены доўгачаканым вызваленнем, засяроджаны — за кампутарам, і не дужа спрактыкаваны, калі сячэ дровы на лецішчы… Ён такі, як большасць з нас, а мы ў чымсьці — такія, як ён.

    Памятаеце, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка праводзіў флэшмоб «Я такі, як Паша», калі Левінава асудзілі нібыта за дзел у несанкцыянаванай акцыі 25 сакавіка? Усім, хто хацеў падтрымаць віцебскага праваабаронцу, было прапанавана  сфатаграфавацца з гэтым хэштэгам. А наша здымачная група прапануе зрабіць нешта падобнае кожнаму  гледачу: задумацца, у чым я «такі» або «такая», або зусім наадварот? Ці трэба быць «такім», або ў нашым свеце  лягчэй  быць іншым?  Ці патрэбная праваабарончая дзейнасць увогуле, і ці стане грамадства больш дэмакратычным, калі такіх, як Павел Левінаў, будзе больш?

    Павел Левінаў з лістамі-пажаданнямі хутчэйшага выхожда з ІЧУ. Фота Уладзімір Боркаў

    Спадзяюся, што з нашага фільма  гледачы даведаюцца болей не толькі пра Паўла Левінава, але і пра сябе.

    Да прэм’еры дакументальнай стужкі застаецца ўсяго некалькі тыдняў. Плануецца, што яна будзе паказана ў Віцебску, Полацку і Оршы. У рэгіёнах ужо чакаюць паказу, бо шмат хто чуў і пра  галоўнага героя фільма, і пра творчасць здымачнай групы: для  Алены Сцяпанавай і Аляксандра Зянкова гэта ўжо трэці фільм, які яны знялі пра вядомых на Віцебшчыне людзей.

    У 2016‑м годзе гледачы ўбачылі фільм «Выбар Барыса Хамайды» , прысвечаны гісторыі газеты “Выбар” і яе рэдактару, вядомаму віцебскаму актывісту.

    У 2015‑м у свет выйшла стужка  «Я лічу, што я шчаслівы!» пра паэта, барда, настаўніка і перакладчыка Георгія Станкевіча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці