• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Героі маіх кніг замянілі мне бабуль і дзядуль, якіх я не заспеў”. Гістарычны лёс Руслана Кулевіча

    Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, Руслан Кулевіч застаецца гарадзенскім журналістам і працягвае працаваць з вельмі адчувальнай фактурай — гісторыяй роднага горада, якую ён расказвае праз лёс старажылаў. Падчас семінара, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, рэпарцёр распавёў, як знаходзіў герояў сваіх артыкулаў, правяраў факты і над чым працуе цяпер.

    “Калі пабачыце, то нясіце яму гісторыі, фотаздымкі”

    Пра такіх як Руслан Кулевіч кажуць: “Яго ногі кормяць”. У мірны час (то бок да 2020 года) маладога рэпарцёра можна было лёгка сустрэць на вуліцах Гродна — ён ездзіў на ровары і шукаў навіны.

    У той час выявілася яго цікавасць да краязнаўства. Спачатку ўспаміны гарадзенцаў ён збіраў дзеля хобі. Але непрыкметна захапленне трансфармавалася ў напісанне кніг.

    — У 2016‑м я паставіў сабе мэту напісаць кнігу пра жыццё даваеннага Гродна праз успаміны яго жыхароў, — расказвае журналіст. — Многія, дазнаўшыся пра маю мару, ставіліся скептычна: гэтым павінны займацца гісторыкі. Але ж у навукоўцаў іншы падыход, больш акадэмічны, а я збіраў успаміны як журналіст, што было маёй перавагай.

    Спачатку, узгадвае суразмоўца, даводзілася шукаць будучых герояў наўпрост на вуліцах.

    — Менавіта так я пазнаёміўся з Рышардам Занеўскім, — дэманструе фотаздымкі Руслан Кулевіч. — Яго тата ў 1939 годзе ўзяў каня і пайшоў на вайну пад Варшаву змагацца з немцамі. А яны з маці засталіся адныя. Лёс бацькі застаўся невядомым.

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае.  Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!

    Другая гераіня — Ніна Снічыч — сама сябе вызначала як праваслаўная беларуска. У 1939 годзе яе сям’я чакала савецкую армію, за што суседзі хацелі іх забіць. Такія былі часы…

    Неўзабаве ў горадзе пайшла пагалоска, што па старых раёнах ездзіць хлопчык на ровары і збірае гісторыі: “Калі пабачыце, то нясіце яму гісторыі, фотаздымкі”.

    “Людзі, якія перажылі сталінскія рэпрэсіі, баяліся расказваць свае гісторыі”

    Але не ўсе будучыя героі кніг адразу ж ставіліся ветліва. Частка гарадзенцаў сталага ўзросту да маладога рэпарцёра ставіліся з недаверам: што ён ад нас хоча? Ці не махляр гэта?

    — Людзі, якія перажылі сталінскія рэпрэсіі, баяліся расказваць свае гісторыі, — прыводзіць адзін з прыкладаў Руслан Кулевіч. — З адной бабуляй мы размаўлялі наўпрост каля плота. Пані Алена расказвала пра жыццё міжваеннага Гродна, у якім жыла многа яўрэяў, — як яны маліліся, як падчас шабату прасілі хрысціянскіх хлопчыкаў, каб дапамаглі растапіць печку. Атрымаліся вельмі файныя ўспаміны.

    Паступова журналіст распрацаваў тактыку размоў са старажыламі. Звяртаючыся да іх, рэпарцёр узгадваў агульных знаёмых, кранальныя для іх факты. Такім чынам гісторыя аб’ядноўвала аўтара артыкулаў і яго герояў. Яны бачылі ў ім сябра, суседа, калегу.

    — У 1961 годзе ў Гродне быў узарваны храм Фара Вітаўта (Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі), — працягвае журналіст. — Я знайшоў нумар тэлефона чалавека, які паставіў тады подпіс пад вырашальным дакументам. Ён быў яшчэ жывы. Але гутарку я пачаў з пытанняў пра тое, як ён патрапіў на фронт, як прайшоў Другую сусветную вайну. Калі ж кантакт усталяваўся, то ён распавёў пра тую справу і нават вызнаў, што адказваў за руйнаванне яўрэйскіх могілак, дзе цяпер знаходзіцца стадыён.

    Яшчэ адным каштоўным рэсурсам для збору фактуры сталі сацсеткі. Рэпарцёр дзяліўся найцікавейшымі момантамі ў Face­book, Insta­gram. Яго падпісчыкі, моладзь, пачалі пытацца ў старэйшых родзічаў: “А ці ёсць, што нам расказаць?”

    У офіс Hrodna.life, дзе ў той час працаваў Руслан Кулевіч, сталі прыходзіць людзі. Моладзь прыводзіла бацькоў, дзядуль, бабуль.

    Пасля выхаду першай кнігі “Горад адзін, успаміны розныя” (2018 год) на яе аўтара стала працаваць імя. Да яго самі сталі звяртацца гараджане, шукаць кантакт, каб расказаць сваю гісторыю.

    — Забярыце старыя фатаграфіі, казалі яны, — узгадвае аўтар. — Нашым дзецям гэта непатрэбна. А так здымкі захаваюцца для гісторыі.

    “Пасля публікацыі артыкула каштоўнасць дома значна вырасла”

    Мэтай журналіста было запісваць не аповеды ветэранаў вайны, а ўспаміны звычайных гараджан, якія жылі ў Гродне напрыканцы 1930‑х. Дзякуючы сведкам атрымалася падсвяціць цёмныя старонкі гісторыі горада, і гэта выклікала жывы і шчыры водгук.

    — Неяк мы рабілі экскурсію па драўляным Гродне, — пошук фактуры для Руслана Кулевіча быў цесна звязаны з правядзеннем краязнаўчых мерапрыемстваў. — Расказваючы пра адзін з дамоў, я паабяцаў знайсці яго мінулых гаспадароў. Да 1939 года ён належыў адной сям’і, пасля будынак нацыяналізавалі. А праз месяц-другі пасля той экскурсіі мне на пошту напісала дачка ўласніка дома. Паведаміла, што сапраўдны гаспадар дагэтуль жыве ў Гродне. Так я пазнаёміўся з Данатам Кур’яновічам.

    Пасля публікацыі артыкула на Hrodna.life каштоўнасць дома значна вырасла. Улады вымушаны былі адмовіцца ад планаў зносіць гістарычны будынак і выставілі яго на аўкцыён.

    Ала Куксенка была маленькай яўрэйскай дзяўчынкай, калі пачалася Другая сусветная вайна, — расказвае пра яшчэ адну гераіню рэпарцёр. — Яе маці выйшла замуж за савецкага афіцэра. Калі прыйшла новая ўлада, гэта было распаўсюджанай з’явай сярод яўрэйскай дыяспары, якая лаяльна ставілася да СССР. У першыя дні вайны яны эвакуяваліся, а пасля вярнуліся ў Гродна. Шукалі хоць кагосьці, але не знайшлі. Высветлілася, што іх дом заняты новымі гаспадарамі, і нават праз шмат гадоў жанчына мела вялікую крыўду на іх.

    Жыццё міжваеннага Гродна было вельмі асаблівым. Гэта быў неаднародны горад, у ім жылі палякі, яўрэі і праваслаўныя, якіх у сваю чаргу дзялілі на рускіх і беларусаў. Такая шматнацыянальная адметнасць не магла не адлюстравацца на характары і стасунках паміж людзьмі.

    — Неяк у адным са старых кварталаў я пазнаёміўся з дзвюма сталымі жанчынамі, — гартае наступны слайд прэзентацыі Руслан Кулевіч. — У 1938 годзе іх сем’і купілі зямлю на гэтым месцы. Дзяўчынкі хадзілі ў польскую школу, адна з іх нават узгадала верш, які вучыла на польскай мове. Яе гаворка была вельмі цікавай — напалову польскай, напалову беларускай.

    Легенда пра Тадзіка Ясінскага

    Гісторыя незвычайным чынам паўтараецца, праводзіць аналогію з сучаснымі падзеямі Руслан Кулевіч:

    — Напрыканцы 1930‑х савецкая ўлада таксама ішла нібыта вызваляць Гродна ад кепскага жыцця. Хаця я не лічу, што ён быў пад акупацыяй, як сцвярджае сучасны беларускі рэжым. Так, былі людзі, якія сустракалі савецкія войскі. Але ў той жа час многія выходзілі бараніць горад, пра што асабліва раней ніхто не пісаў.

    Артыкулы і кнігі журналіста сталі адкрыццём для многіх гараджан. Цяжка пераацэньваць значнасць такіх ведаў для ўсведамлення Гродна і яго жыхароў.

    — Ёсць легенда пра Тадзіка Ясінскага, якому было 14 гадоў, калі ў Гродна прыйшлі савецкія войскі, — расказвае журналіст. — Падлетак таксама бараніў горад. У помсту хлопца нібыта прывязалі да савецкага танка, каб гродзенцы не кідалі ў бронетэхніку “кактэйлі Молатава”. Мы думалі, што гэта міф. Але нашы чытачы знайшлі дакументальны доказ, што такі чалавек сапраўды існаваў і загінуў 21 верасня 1939 года. Знайшліся нават здымкі хлопчыка. Высветлілася, што яго маці жыла ў Польшчы. Усім казала, што сына забілі немцы, і толькі перад смерцю паведаміла сапраўдную гісторыю.

    Гэта не адзіны сюжэт пра жорсткасць савецкай улады ў Гродне. У рэпарцёра атрымалася знайсці сведкаў, якія распавялі, што побач з горадам ёсць свае Курапаты — у Пышках.

    — У прыватнасці, такіе сведчанні мне пацвердзіла Аліцыя Кізюкевіч, расказала, што яе тата быў сведкам, як вывозілі людзей на аўтамабілях, — кажа рэпарцёр. — Мы з гісторыкамі і іншымі журналістамі выязджалі на месца, шукалі сляды. А пасля выхаду артыкула знайшліся людзі, якія ведалі пра гэту гісторыю. З намі таксама звязаўся Аляксандр Мілінкевіч і расказаў, што падчас яго працы ў адміністрацыі горада планаваліся раскопкі, але нешта ўвесь час замінала.

    Руслан Кулевіч, які цяпер жыве і працуе ў Беластоку, спадзяецца вярнуцца дадому і зрабіць на гэтым месцы мемарыял.

    “Дзеці спынялі бацькоў: тата, гэта ўжо не твая гісторыя!”

    Асаблівасцю працы з людзьмі, якія жылі яшчэ да вайны, была верыфікацыя іх гісторый. Як пацвердзіць, што інфармацыя праўдзівая? Фактычна журналіст працаваў з першакрыніцамі, правяраць словы якіх няпроста.

    — Я распрацаваў сваю сістэму, — дзеліцца вопытам Руслан Кулевіч. — Напрыклад, калі ўзнікаў сумнеў, што чалавек сапраўды жыў у тым ці іншым раёне, я пытаўся: а якія побач былі кінатэатры? Па якіх вуліцах вы хадзілі ў школу? Мы нібыта вярталіся ў тыя часы і перасоўваліся па горадзе разам.

    Таксама дапамогу аказвалі родныя расказчыкаў. Дачка, якая сядзела побач з бацькам і ўважліва слухала аповед, магла спыніць: “Тата, гэта ўжо не твая гісторыя!”

    — Перад публікацыяй я паказваў артыкулы героям, — кранае далікатны для кожнага журналіста момант суразмоўца. — Калі была магчымасць, то прывозіў тэксты, і яны чыталі разам з дзецьмі. Калі былі нязгодныя, то выпраўлялі.

    “Імкнуўся паказваць людзей з рознымі поглядамі”

    Многіх герояў артыкулаў і кніг Руслана Кулевіча ўжо няма ў жывых. Так сталася, што ён стаў апошнім журналістам, які збіраў іх успаміны.

    — Я імкнуўся паказваць людзей з рознымі поглядамі і не фільтраваў расказы. Каго знайшоў — таго гісторыю і запісаў, — падкрэслівае рэпарцёр.

    Як ён кажа, многія з герояў нібыта сталі роднымі для яго людзьмі — малады чалавек не заспеў сваіх бабуль і дзядуль:

    «Такім чынам у мяне атрымалася замацаваць іх памяць».

    Другая кніга Руслана Кулевіча — “Гісторыі з гродзенскіх вуліц” — выйшла ў 2019‑м. А цяпер ён працуе над трэцім выданнем, якое будзе называцца “Апошнія сведкі”.

    Праца працягваецца ў Польшчы, куды рэлакаваўся рэпарцёр і дзе заснаваў новае медыя MOST. І хоць там шмат лакальных навін, але вельмі выразна адчуваецца гарадзенскі акцэнт.

    Чытайце яшчэ:

    Конкурс для журналістаў «Гістарычная памяць у беларускіх медыя» (прыём матэрыялаў да 31 сакавіка)

    Сяргей Лескець — фатограф, які зрабіў сабе імя на аграгарадках

    Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, журналіст Яраслаў Іванюк: «Прыйдзе час, калі за ўсё якаснае і беларускае трэба будзе плаціць»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці