“Газету Слонімскую” па-ранейшаму не бяруць у дзяржаўныя сеткі распаўсюду
З адказаў “Газеце Слонімскай” ад прадпрыемстваў-манапалістаў не вынікае, што выданне вернуць у дзяржаўныя сеткі распаўсюду.
З “Белпошты” прыйшоў адказ, што падпісны каталог на першае паўгоддзе 2017 года ўжо складзены. Фарміраваць каталог на другое паўгоддзе прадпрыемства пачне ў трэцяй дэкадзе сакавіка. Пра што паабяцалі праінфармаваць рэдакцыю пазней.
Ліст з “Белсаюздрука” лаканічны і неканкрэтны. “Ваш зварот прыняты да разгляду. Па выніках вы будзеце праінфармаваныя дадаткова”, — адказалі “Газеце Слонімскай” на просьбу ўключыць у сістэму распаўсюду.
Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дязржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета», «ARCHE. Пачатак». Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.
Згаданыя выданні напісалі лісты ў “Белпошту” і “Белсаюздрук”, некаторыя ўжо атрымалі адказы. Але пакуль не было ніводнага станоўчага рашэння.