Мінінфармацыі не будзе прымушаць «Белсаюздрук» і «Белпошту» вяртаць «Борисовские новости» ў распаўсюд
Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка міністра Аляксандра Карлюкевіча галоўнаму рэдактару «Борисовских новостей» Анатолю Букасу.
16 лютага Букас звяртаўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай садзейнічаць у заключэнні дамоваў з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія займаюцца распаўсюдам друкаванай прэсы.
У адказе Міністэрства інфармацыі адзначаецца, што прадпрыемствы распаўсюджваюць выданні на падставе дамоваў, а ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам грамадзяне і юрыдычныя асобы самастойныя ў заключэнні такіх дакументаў.
Нагадаем, 13 лютага рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч падчас асабістай сустрэчы з Лукашэнкам перадаў спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета», «ARCHE. Пачатак».