ГА “БАЖ” прынялі ў Міжнародную асацыяцыю абароны свабоды слова (IFEX)
8 кастрычніка ГА “БАЖ” стала паўнавартасным сябрам Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова (IFEX), якая ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краін свету.
За гэта прагаласавала большасць удзельнікаў 18-га Генеральнага Кангрэсу IFEX, які адбываецца гэтымі днямі ў горадзе Порт-оф-Спэйн (Рэспубліка Трынідад і Табага).
Прэзентаваў арганізацыю на кангрэсе кіраўнік ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. «Я скарыстаюся магчымасцю прадставіць БАЖ на беларускай мове – не думаю, што яна раней гучала ў гэтай зале», – зазначыў ён.
Старшыня коратка распавёў пра гісторыю стварэння ГА «БАЖ», накірункі яе дзейнасці, дасягненні і ўзнагароды. Асобна ён спыніўся на кампаніях салідарнасці “Станем за журналістыку” і “Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў”, якія ладзяць Eўрапейская федэрацыя журналістаў i IFEX.
На пытанне пра чаканні ГА “БАЖ” ад сяброўства ў IFEX ён выказаў спадзеў, што гэта паспрыяе эфектыўнасці абароны правоў журналістаў і свабоды выказвання ў Беларусі.
Нагадаем, што статус часовага сябра IFEX ГА “БАЖ” атрымала летам 2014 года.
Міжнародную асацыяцыю абароны свабоды слова (IFEX) заснавалі ў 1992 годзе дванаццаць няўрадавых арганізацый у Канадзе з ініцыятывы Канадскага камітэта абароны журналістаў.
IFEX уздымае праблемныя пытанні, якія нясуць пагрозу свабодзе выказвання; стварае кааліцыі, працоўныя групы і ініцыюе петыцыі для надання большай галоснасці такім справам; прапануе рэсурсы і матэрыялы для паспяховых кампаній. Сярод праблем, якімі на сёння займаецца IFEX, – доступ да інфармацыі, цэнзура, лічбавыя правы, свабода сходаў, свабода выказвання і заканадаўства, беспакаранасць злачынстваў супраць свабоды выказвання.
Арганізацыя дапамагае мабілізавацца ў выпадках патрэбы ў абароне як асобным журналістам, так і СМІ, праваабаронцам і г.д. Найперш гэта петыцыі, супольныя заявы, місіі, лабіяванне, назіранне за судамі.
Выканаўчым органам IFEX з’яўляецца Рада, якая складаецца з 13 удзельнікаў. Яна дзейнічае ад імя ўсіх удзельнікаў IFEX’a, кантралюе і распрацоўвае стратэгіі і інш. Раду выбіраюць на агульным сходзе арганізацыі кожныя два гады.