ГА “БАЖ” стала часовым сябрам Міжнароднай асацыяцыі па абароне свабоды слова (IFEX)
Статус ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" як сталага сябра IFEX будзе разглядацца праз год.
Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова заснаваная ў 1992 годзе дванаццаццю няўрадавымі арганізацыямі ў Канадзе з ініцыятывы Канадскага камітэта абароны журналістаў. За першы год існавання арганізацыя зладзіла кампаніі па 300 праблемных пытаннях.
На сёння арганізацыя ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краін свету.
IFEX уздымае праблемныя пытанні, якія нясуць пагрозу свабодзе выказвання; стварае кааліцыі, працоўныя групы і ініцыюе петыцыі для надання большай галоснасці такім справам; прапануе рэсурсы і матэрыялы для паспяховых кампаній. Сярод праблем, якімі на сёння займаецца IFEX – доступ да інфармацыі, цэнзура, лічбавыя правы, свабода сходаў, свабода выказвання і заканадаўства, беспакаранасць злачынстваў супраць свабоды выказвання.
Арганізацыя дапамагае мабілізавацца ў выпадках патрэбы ў абароне як асобным журналістам, так і СМІ, праваабаронцам і г.д. Найперш гэта петыцыі, супольныя заявы, місіі, лабіяванне, назіранне за судамі.
Выканаўчым органам IFEX з’яўляецца Рада, якая складаецца з 13 удзельнікаў. Яна дзейнічае ад імя ўсіх удзельнікаў IFEX’a, кантралюе і распрацоўвае стратэгіі і інш. Рада выбіраецца на агульным сходзе арганізацыі кожныя два гады.