• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА «БАЖ» і ГА «БСЖ» абмеркавалі асвятленне выбараў. Меркаванні разышліся

    18 лістапада прадстаўнікі дзяржаўных і недзяржаўных выданняў абмеркавалі ў Клубе журналістаў ІВВ асвятленне прэзідэнцкіх выбараў у СМІ.

    Даклад ГА “БАЖ”: Кампанія была занадта “ціхай”, дзяржСМІ зашмат пісалі пра тэхнічны бок.

    На пачатку сустрэчы Валерый Карбалевіч пазнаёміў прысутных з выніковай справаздачай маніторынгавай групы, якая сачыла за асвятленнем выбарчага працэсу ў чатырнаццаці цэнтральных і рэгіянальных беларускіх выданнях:

    – У параўнанні з папярэднімі выбарамі гэтая кампанія была надзвычай “ціхай”, бо адсутнічала рэальная канкурэнтная барацьба, публічнае абмеркаванне сур’ёзных эканамічных праблем, апаненты рэжыму маргіналізаваліся, а крытычныя выказванні на адрас дзеючага кіраўніка краіны ў дзяржаўных медыя цэнзураваліся.

    Павышаная ўвага дзяржаўных медыя да тэхнічнага боку выбарчай кампаніі – яшчэ адзін характэрны элемент выбарчага працэсу, скіраванага на яго дэпалітызацыю, на змяншэнне заангажаванасці выбаршчыкаў у канкурэнтную барацьбу паміж рознымі палітычнымі сіламі і платформамі.

    У адрозненне ад дзяржаўных, недзяржаўныя медыя былі арыентаваныя на асвятленне як дзейнасці кандыдатаў, так і апанентаў дзеючага рэжыму. Аднак ніяк не маглі паўплываць на характар выбарчай кампаніі ў краіне з прычыны абмежаваных накладаў і атмасферы прадвызначанасці вынікаў выбараў, – адзначыў сп. Карбалевіч.

    Медыяэксперт Марыя Савушкіна цягам выбарчай кампаніі аналізавала тэмы ў рэгіянальных СМІ, а таксама зрабіла кантэнт-аналіз матэрыялаў галоўных беларускіх інфармацыйных агенцтваў – дзяржаўнага “БелТА” і недзяржаўнага “БелаПАН”.

    – Я таксама прыйшла да высновы, што выбарчая кампанія ў беларускіх СМІ сапраўды была вельмі “ціхай”, а галоўнымі тэмамі выданняў, напрыклад, у жніўні былі падрыхтоўка да школьнага сезона, жніво і надзвычайная спёка, а зусім не выбарчы працэс, – падзялілася назіраннямі журналістка.

    Даклад ГА “БСЖ”: У цэлым асвятлялі прафесійна, хаця ў недзяржаўнай прэсе былі парушэнні этыкі

    Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў паведаміў, што сёлета БСЖ таксама правёў кропкавае назіранне за працай некаторых выданняў:

    – З цэнтральных грамадска-палітычных выданняў у цэнтры увагі, безумоўна, была “СБ. Беларусь Сегодня”. Як у газеце, так і на сайце выдання былі апублікаваныя праграмы ўсіх чатырох кандыдатаў у прэзідэнты. Падчас выбарчай кампаніі выданнем актыўна праводзіліся круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў розных палітычных сіл. Усяго з тэгам “выбары” ў газеце выйшла 627 навінаў. Сярод загалоўкаў былі такія: “Колькі зарабляюць кандыдаты ў прэзідэнты?”, “Караткевіч абяцае маладым сем’ям даступнае жытло”, “Улаховіч і Караткевіч сустрэліся з прэсай і заклікалі выбаршчыкаў прыйсці на выбары”…

    Уся інфармацыя таксама размяшчалася ў сацыяльных сетках. Так, з ліпеня па кастрычнік “СБ. Беларусь Сегодня” апублікавала больш за 50 матэрыялаў у Face­book, Вконтакте, Одноклассниках і больш за 100 – у Twit­ter.

    У асноўным мы лічым, што рэспубліканскім дзяржаўным і недзяржаўным выданням удалося захаваць нейтральнае і вельмі прафесійнае асвятленне гэтай выбарчай кампаніі. Напрыклад, у Назіральны савет па прэсе пры ЦВК цягам выбараў прыйшла толькі адна скарга – Таццяны Караткевіч. Мы яе разглядалі ў прысутнасці прадстаўнікоў АБСЕ, і ў прынцыпе Караткевіч пагадзілася з гэтым.

    Што тычыцца рэгіянальных СМІ – і тут, на наш погляд, асвятленне выбараў было вельмі збалансавым. Хоць многія прызнаюць, што кампанія сапраўды была даволі ціхай. Але, я думаю, што гэта прэтэнзіі не да журналістаў. Таму, што прадстаўнікі ўсіх штабоў маглі спакойна прыйсці ў любое выданне і апублікаваць там за грошы нейкія свае палітычныя матэрыялы. Але яны гэтага не рабілі.

    Трэба таксама адзначыць, што ў недзяржаўнай прэсе хапала тэмаў, якія ніяк не ўпісваюцца ў рамкі журналісцкай этыкі. Напрыклад, у “Нашай Ніве” ў адным з перадрукаваных матэрыялаў гучыць такая фраза пра беларускі электарат: “піпл хавае”. Не ведаю, як такое магчыма спакойна ўспрымаць.

    Ну і нельга, напэўна, абысці тут тэму гэтага ката Барсіка. На мой погляд, ператвараць прэзідэнцкія выбары ў фарс журналістам не варта. Ну а калі ўжо ўзяліся за гэта, то трэба рабіць гэта таленавіта. А тут атрымаўся такі нейкі хілы гэты Барсік, які бясслаўна і знік, – канстатаваў Сяргей Сверкуноў.

     

    Дыскусія: “Асвятлялі, як умелі. Выбіралі, як умелі. Мы пра што гаварылі наогул?”

    Пасля дакладаў у зале распачалася дыскусія.

    Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

    – Яшчэ раз хацеў бы падкрэсліць, што нашы маніторцы замяралі абсалютныя лічбы эфірнага часу і газетных плошчаў, якія аддаваліся ў СМІ ўсім суб’ектам выбарчага працэсу. Гэтыя секунды, хвіліны і сантыметры газетных плошчаў уносілі у табліцу, у выніку аналізу якой мы бачым, якія суб’екты выбараў у якіх выданнях атрымалі перавагу.

    На гэтых выбарах мы чарговы раз убачылі ў дзяржаўных СМІ – тых, якія фінансуюцца з нашай жа кішэні, – бенефіс аднаго акцёра. Асоба Аляксандра Лукашэнкі займала ў рэспубліканскіх дзяржаўных выданнях у розныя часы кампаніі да 70% эфірнага часу. Таму выбарчую кампанію, на мой погляд, ніяк нельга назваць роўнай па умовах для кандыдатаў у дзяржаўных выданнях. Гэта, хутчэй, была вялікая чарговая рэкламная кампанія аднаго кандыдата.

    У той жа час, у недзяржаўных выданнях назіралася зусім іншая карціна. Напрыклад, газеты “Народная воля” і “Комсомольская правда в Беларуси”, а таксама партал Naviny.by аддавалі ўсім кандыдатам прыкладна роўныя плошчы і сапраўды прадэманстравалі прафесіяналізм.

    Жанна Літвіна, сябра Праўлення ГА “БАЖ”:

    – Усе вы пішаце пра тое, што Беларусь – дэмакратычная краіна. Не памятаю аўтара цытаты, але адзін з вядучых еўрапейскіх палітолагаў казаў, што “дэмакратыя – гэта ў першую чаргу выбары, наяўнасць выбараў і інфармацыя, якая дазваляе зрабіць матываваны выбар”. І ўзнікае пытанне, ці далі мы выбаршчыкам такую інфармацыю?

    Працытую Карбалевіча: “Вынік выбараў быў фатальна прадвызначаны”. Прадвызначаны, бо ў нас няма агульнанацыянальнай дыскусіі. Я хацела б задаць нашым калегам з дзяржаўных СМІ і наступнае пытанне: колькі зараз, ужо пасля выбараў, у эфіры ўздымаецца тэма неабходнасці ў Беларусі рэформаў? Вось гэта я лічу вельмі важным.

    Аляксандр Лазоўскі, галоўны рэдактар «Маладзечанскай газеты»:

    – Я хачу расказаць пра асвятленне выбарчай кампаніі ў нашым выданні. Мы інфармавалі сваіх чытачоў пра абсалютна ўсе выбарчыя падзеі ў нашым рэгіёне. Напрыклад, у нас, у дзяржаўным СМІ, размяшчалася інфармацыя пра сустрэчы з прадстаўнікамі ўсіх перадвыбарчых штабоў у Маладзечна.

    Калі ў Маладзечна прыязджала Таццяна Караткевіч, мы далі вялікі матэрыял пра гэта на другой старонцы выдання. Прыязджаў Гайдукевіч – на гэтай жа самай старонцы быў матэрыял пра сустрэчу з ім. Мы давалі ўсім кандыдатам абсалютна роўныя умовы.

    Вольга Мядзведзева, прадстаўніца газеты “Звязда”:

    –  А ў мяне па выніках выбараў наогул складала меркаванне, што самі нашы газеты не былі цікавыя яе ўдзельнікам. Напрыклад, праграму Таццяны Караткевіч мы нават чакалі, каб размясціць, а яе перадвыбарчы штаб чамусьці марудзіў з гэтым.

    Хоць у ранейшыя часы ўсе самі прыходзілі і хацелі да нас патрапіць. Магчыма гэта прыкмета часу, магчыма – наша недапрацоўка, але мне здалося, што друкаваныя СМІ былі наогул мала цікавыя кандыдатам у плане агітацыі.

    Удзел у дыскусіі бралі і іншыя журналісты, а апошнім у ёй выступіў намеснік галоўнага рэдактара дзяржаўнага выдання “Минский Курьер” Міхаіл Міхайлаў:

    –  Я вось дзве гадзіны сядзеў і слухаў, і ніяк не магу зразумець сутнасці нашага абмеркавання. Тут гучала шмат лічбаў, як прэса асвятляла выбары. Шмат ці мала, добра ці кепска.

    А што наогул значаць гэтыя лічбы? Што такое “кепска” і што такое “добра”? Мы асвятлялі, як умелі. Выбіралі, як умелі. Так, як у нас выбіраюць. Калі гэта не падабаецца АБСЕ, ну няхай і далей не падабаецца. А мне не падабаецца, як выбіраюць у Амерыцы, ну і што? Мы пра што гаварылі наогул?! –  такімі словамі паставіў кропку ў дыскусіі спадар Міхайлаў.

    Напрыканцы сустрэчы прагучала прапанова – каб напярэдадні парламенцкай выбарчай кампаніі-2016 журналісцкія аб’яднанні распрацавалі сумесныя рэкамендацыі для СМІ, якіх прытрымліваліся б і дзяржаўныя, і недзяржаўныя выданні. Па словах прадстаўнікоў арганізацый, да размовы пра гэта можа вярнуцца напачатку наступнага года.

    Наступнае ж пасяджэнне Клуба журналістаў ІВВ мае адбыцца ў студзені.

    Прэс-служба ГА «БАЖ» дзякуе прэс-службе Клуба журналістаў ІВВ за прадастаўленыя фотаздымкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці