Фрылансера Жукоўскага будуць судзіць у Жлобіне за “інтэрв’юіраванне жыхароў вёскі Пірэвічы”
Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў з Жлобінскага РАУС адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” — паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КаАП.
Участковы інспектар раённага аддзелу міліцыі Міхаіл Патапенка ўказаў у пратаколе, што 16 жніўня Жукоўскі праводзіў “інтэрв’юіраванне жыхароў вёскі Пірэвічы”. Гэтыя інтэрв’ю былі ім “выкарыстаныя ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”. Адсюль і выснова: “незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі”.
“Міліцыянты не абцяжарваюць сябе хоць нейкімі аргументамі абгрунтавання парушэння. Каб “распаўсюдзіць прадукцыю СМІ” ў эфіры телеканала “Белсат”, мне трэба, як мінімум, мець пад рукою тэлестудыю і перадатчык. Ні таго, ні іншага ў мяне няма. Нягледзячы на абсурднасьць, падобныя пратаколы праходзяць у судах, фрылансераў штрафуюць, а міліцыя паляпшае паказнікі барацьбы з правапарушэннямі”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” фрылансер Жукоўскі.
Сёлета гэта ўжо восьмы адміністрацыйны пратакол у дачынені да Кастуся Жукоўскага. Паводле пяці з іх Жукоўскі аштрафаваны на 5 060 рублёў. Дзве адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 22.9 КаАП, ініцыяваныя Лоеўскім і Лідскім райаддзеламі міліцыі, былі спыненыя з прычыны зыходу тэрмінаў для вынясення пакарання.
Усяго за апошнія тры гады гомельскага журналіста-фрылансера Жукоўскага 17 разоў каралі штрафамі за працу без акрэдытацыі. Агульная сума спагнанняў, паводле цяперашняга курсу, перавысіла ў эквіваленце 6 тысяч долараў.