Фрылансера Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у міліцыю – гэтым разам у Мазыр
Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага выклікаюць 2 сакавіка ў Мазырскі РАУС дзеля складання адміністрацыйнага пратакола паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое нібыта выявілася ў вырабе сюжэту для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.
Старшы ўчастковы інспектар патлумачыў, што гаворка ідзе пра навінавы сюжэт “Мазыр: спіртзавод банкрутуе”, паказаны на “Белсаце” 9 лютага г.г.
–Я адмовіўся ехаць, бо ніхто выдаткі на дарогу мне не кампенсуе. Пры гэтым я нагадаў участковаму міліцыянту: калі прэзідэнт пару гадоў таму па тэлевізары загадаў вызваліць з Гомельскага СІЗА забойцаў з Жыткавіцкага раёна, дык іх бясплатна везлі дахаты з СІЗА, а затым, таксама бясплатна, вазілі з дома ў Гомель на пасяджэнні суда. Чаму ў такім разе я павінен ехаць за свае грошы ў Мазыр, каб там на мяне ж склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол? – разважае Кастусь Жукоўскі.
Пільную ўвагу да сваёй персоны з боку ўлады Жукоўскі лічыць мэтанакіраваным пераследам за актыўную грамадскую і журналісцкую дзейнасць:
–Магчыма, я зачапіў нейкім чынам мафіёзныя кланы, інтарэсы “сям’і”. У гэтай сувязі прашу міжнародную супольнасць звярнуць увагу менавіта на пераслед за фрылансерскую дзейнасць, паколькі ўнутры краіны справядлівасці я не знаходжу. На фоне адмены еўрапейскіх санкцый такія дзеянні беларускіх уладаў выглядаюць сапраўдным здзекам. Гэта палітычны пераслед.
Сёлета за так званы “незаконны выраб прадукцыі СМІ” Кастуся Жукоўскага судзілі ў Калінкавічах, Карме, Буда-Кашалёве, Жлобіне. Летась – у Светлагорску, Рэчыцы, Рагачове, двойчы ў Гомелі. Абвінавачанні ў міліцэйскім пратаколах стандартныя: не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, незаконна праводзіў апытанне і відэаздымкі, якія былі паказаны ў эфіры тэлеканала “Белсат”.
Агулам фрылансер Жукоўскі мае сплаціць у бюджэт 70 мільёнаў 350 тысяч рублёў, ў іх у 2016 годзе – 38 млн 850 тысяч.