• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фільм, заснаваны на гісторыі Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, атрымаў узнагароду на кінафэстывалі

    Кароткамэтражны фільм «У жывым эфіры« («Na żywo»), заснаваны на рэальнай гісторыі журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, асуджаных у 2020 годзе за стрым з «плошчы Перамен» у Менску, атрымаў спэцыяльную ўзнагароду на 47 фэстывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні.

    Дзеяньне фільма адбываецца ў Менску, дзе мірная дэманстрацыя ў памяць аб забітым да сьмерці Рамане Бандарэнку жорстка падаўляецца паліцыяй. Сьвет даведаецца пра гэта дзякуючы стрыму журналістак незалежнага беларускага тэлебачаньня, якія адзіныя ў жывым эфіры даюць інфармацыю аб падзеі. У мэтах бясьпекі рэпартаж вядзецца з вокнаў адной з найбліжэйшых кватэр. Калі спэцслужбы пачынаюць страляць у пратэстоўцаў, а журналістак высочвае паліцэйскі дрон, яны аказваюцца перад драматычным выбарам. Такі, калі каротка, сюжэт стужкі.

    «Na żywo – не дакумэнтальны фільм. Падзеі былі сьціснутыя і зьмененыя мной для драматургічных патрэб, а гераіні маюць зьмененыя імёны… Я хацела, каб гледачы разам з гераінямі пражылі гэтыя ключавыя для іх жыцьця пятнаццаць хвілін, адчулі, наколькі цяжкім было рашэньне, якое яны павінны былі прыняць – і ў той жа час, як яны не маглі прыняць іншае» – расказвае пра сваю працу рэжысэрка і сцэнарыстка Мара Тамковіч.

    • Журналісткі тэлебачаньня «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дарʼя Чульцова за той эфір былі засуджаныя ў 2020 годзе на два гады зьняволеньня. У ліпені 2022 году падчас закрытага суду Кацярыне працягнулі тэрмін да 8 гадоў і 3 месяцаў. Дарʼя выйшла на волю ў пачатку верасьня сёлета, адбыўшы тэрмін цалкам. У фільме выкарыстаныя фрагмэнты эфіру Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай з плошчы Перамен і эфіру студыі «Белсат» 15 лістапада 2020 году.

    • Мара Тамковіч – выпускніца Варшаўскай кінашколы Анджэя Вайды. Працавала журналісткай на Эўрапейскім радыё для Беларусі і Белсаце. Аўтарка дакумэнтальных і гульнявых фільмаў, якія паказваліся ў Гдыні, Кракаве, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку, Лёндане і Маскве. Яе кароткамэтражны фільм «Дачка» атрымаў шмат узнагародаў у 2018 годзе, нагадвае польскі часопіс Zwier­ci­adło.

    Чытайце яшчэ:

    “Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла”. Гутарка з Ірэнай Кацяловіч

    Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі?

    Затрымалі галоўнага рэдактара анлайн-газеты “Бобруйский курьер” Анатоля Санаценку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці