• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі?

    Мы, канешне, не чакалі, што наш калега Дзяніс Івашын атрымае «кароткі» тэрмін. Яго прысудзілі да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі. За што? За тое, што проста маніторыў афіцыйныя крыніцы інфармацыі. Нават не буду казаць, што гэты вырак — не Дзянісу Івашыну, а ўсім тым, хто ўдзельнічаў у ягоным працэсе з боку абвінавачвання.

    Па-першае, працэс Івашына нагадвае: няма ніякай «моцнай і квітнеючай Беларусі». Згодна абвінавачванню, «Дзяніс Івашын, супрацоўнічаючы з украінскімі арганізацыямі (рэсурсамі), актыўна ўдзельнічаў у навязванні Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, умяшанні звонку ва ўнутрыпалітычныя працэсы, дэзарганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання, стварэнні перашкод функцыянаванню дзяржаўных інстытутаў, дэструктыўным інфармацыйным уздзеянні на асобу, грамадства і дзяржаўныя інстытуты, які наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам, паслабленні інтэграцыйных структур і міжнародных арганізацый, удзел у якіх прымае Беларусь, што ў адпаведнасці з канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі аднесена да асноўных пагроз нацыянальнай бяспекі».

    Уявіце: адзін журналіст «навязваў Рэспубліцы Беларусь палітычны курс»! Пытанне, як? Ён у сне нашэптваў кіраўніцтву краіны нейкія вар’яцкія ідэі? Як Дзяніс, будучы ў Беларусі, мог «умешвацца звонку ў палітычныя працэсы»? А ўжо пра тое, што Дзяніс «паслабляў інтэграцыйныя структуры і міжнародныя арганізацыі»… О‑ё, мы нават не ведалі, што з намі працуе ўдзельнік Більдэрбергскага клубу, масонскіх ложаў і, можа быць, не апошні чалец таемнага ўраду рэптылоідаў!

    А вось тое, што Івашын збіраў «вялікія масівы звестак у дачыненні да аб’ектаў інфраструктуры, вайскоўцаў, супрацоўнікаў і аб’ектаў Міністэрства абароны, МУС, МНС, ДПК, КДБ, органаў улады і дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь», — мы не аспрэчваем. У гэтым і была яго праца, як журналіста-расследавальніка. «Збор масіву звестак», тым больш з адкрытых крыніц, як гэта рабіў Дзяніс, злачынствам не з’яўляецца.

    Але высновы з працэсу Івашына можна зрабіць далёка ідучыя.

    Па-першае, не будзе ніякай «амністыі» для палітычных. Каб у вярхах было нейкае варушэнне на гэты конт, суддзя мог наўпрост адкласці працэс, дачакаўшыся 17 верасня — дня планаванага «вызвалення». Аднак ён вынес вырак — за тры дні да «дня ікс». Таму спадзевы на тое, што будзе нейкая масавая «амністыя палітвязням» ды чарговая «лібералізацыя», марныя.

    Па-другое, шчыра кажучы, палітвязні самі не павінны быць зацікаўленыя ў амністыі, бо амністыя тычыцца тых, хто «прызнаў віну». Канешне, у будучыні гэтае прызнанне можна будзе і аспрэчыць, як вымушанае, але гэта — лішнія целарухі. Не павінна быць ніякай амністыі — толькі безумоўнае вызваленне і рэабілітацыя.

    Па-трэцяе, кіраўніцтва краіны цяпер губляе ці не апошні шанец для таго, каб «даслаць сігнал Захаду». На фоне маштабнага контрнаступу Украіны, які здзівіў увесь свет, было б лагічна пачаць «закулісныя гульні», каб адвязацца ад Расіі і выслізнуць з гэтай непрыемнай сітуацыі з саўдзелам у вайне. Прынамсі, менавіта гэты крок — зноў жа, на фоне ўкраінскага контрнаступу, — я мяркую, чаканы на Захадзе ад беларускага кіраўніцтва. Але замест «лібералізацыі» ў нас ідзе «закручванне гаек». І «справа Івашына» паказвае, што гэты шанец — прафуканы.

    Цікава, што вышэйшыя кіроўныя асобы маўчаць у анучку наконт перамогаў украінскага войска. Канешне, яны чакалі таго, што «Кіеў возьмуць за тры дні», а не магутнага выспятку «другой арміі свету». І цалкам зразумела, што ў іх мову адняло. Толькі і застаецца, што рабіць выгляд, быццам нічога не здарылася. Але добра было б, калі б яны не казалі ўвогуле нічога.

    Але Лукашэнку не даюць спакою лаўры стэндапераў. На тыдні ён паспрабаваў сябе ў якасці коміка, запісаўшы разам з набліжаным да цела бізнесоўцам Сяргеем Цяцерыным гумарэску. У ёй яны колюць дровы ды разважаюць, што адправяць іх, як дапамогу на Захад, прыгаворваючы, што «не дадзім Еўропе змерзнуць»«каб не змерзлі Дуда і Маравецкі» ды «можа, адумаюцца».

    Канешне, насамрэч, дровы, якія пасеклі Лукашэнка з Цяцерыным, Еўропе без патрэбы. Газавыя сховішчы там ужо на канец жніўня былі запоўненыя на 80%, а Нарвегія перахапіла ў Расіі лідарства па пастаўках газу ў ЕСЦана нафты з‑за рэцэсіі ў Кітаі падае, дый «столь коштаў», якую Еўропа ўсталюе на расійскую сыравіну, будзе спрыяць фіксацыі цэн.

    А вось каму дровы сапраўды спатрэбяцца… Лукашэнка з Цяцерыным насамрэч рыхтуюць іх нездарма. Усім вядома, што наш асноўны і, бадай, адзіны саюзнік спыніў прапампоўку газа па «Паўночным патоку», афіцыйна — з‑за паломкі турбінаў і немагчымасці іх адрамантаваць. У Еўропе гэта, канешне, успрынялі, як «газавы шантаж», але…

    На тыдні ўрад Расіі выдаў пастанову аб эканоміі рэсурсу замежных газавых турбін.

    Так што цалкам можа быць, што ў «саюзніка» тыя турбіны сапраўды проста ламаюцца. Адпаведна, гэтая сітуацыя можа спыніць прапампоўку газа не толькі ў Еўропу, але і ў Беларусь. І, канешне, тады Лукашэнку спатрэбяцца дровы, што ён насек на гэтым тыдні.

    Ніякай «гуманітарнай дапамогі дровамі» не будзе, бо яны могуць вельмі прыдасца самому Лукашэнку. І гэта не Еўропа будзе мерзнуць, а… Ну, вы зразумелі.

    А між іншым, складанасці з турбінамі і абмежаванне цэн на нафту — гэта яшчэ не канец непрыемнасцяў Расіі, і, адпаведна, беларускага хаўрусніка. ЗША не хочуць афіцыйна абвяшчаць Расію спонсарам тэрарызму, але прадстаўнік Дзярждэпу Нэд Прайс заявіў, што Кангрэс і адміністрацыя Байдэна абмяркоўваюць прымяненне ў дачыненні да Расіі санкцый, аналагічных абмежаванням, якія накладаюцца на такія дзяржавы-спонсары.

    Чаго варта чакаць? Па-першае, не трэба чакаць цудаў ад сітуацыі ва Украіне. Канешне, украінская армія адбіла вялікую частку тэрыторый, але цяпер ім там трэба замацавацца, і гэтыя тэрыторыі ўтрымаць.

    Па-другое, поспехі ўкраінскага войска дададуць імпэту саюзнікам у пастаўках новага ўзбраення. А значыць, вызваленне Украіны будзе працягвацца — хоць і не такімі тэмпамі, як цяпер.

    Па-трэцяе варта ўлічваць, што значная частка санкцый адносна Расіі і Беларусі з‑за вайны ва Украіне яшчэ і не пачыналася: прынамсі, «нафтавае эмбарга» пачне дзейнічаць толькі 5 снежня, а эмбарга на нафтапрадукты — 5 студзеня 2023 года.

    Усё гэта будзе ціснуць і ціснуць на Расію, і аўтаматам — на моцна звязаную з ёю Беларусь. А ўжо чаго дакладна чакаць не варта — таго, што Еўропа змерзне.

    Лукашэнку дровы спатрэбяцца.

    А пры чым тут Івашын? Ды пры тым, што, чым большыя тэрміны даюць такім, як Дзяніс, тым менш у Лукашэнкі шанцаў на тое, што ён не будзе ацяпляць сваю рэзідэнцыю дровамі.

    Чытайце яшчэ: 

    Былая вядучая «Белсату» Аліна Коўшык стала прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні. 

    «Лукашенко спросил: Ты думаешь, что это я стрелял в Виктора?»

    «Дзяніс зь першага дня адмовіўся ад супрацоўніцтва». Журналіст Івашын сустрэўся з бацькамі ў турме

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці