Фатограф Максім Сарычаў збірае сродкі на праект пра гвалт з боку сілавікоў у Беларусі
Максім Сарычаў анансаваў у сваім Facebook краудфандынгавую кампанію ў падтрымку фотапраекта пра праблему прымянення неабгрунтаванага гвалту і катаванняў з боку сілавых структур і ўнутры турэмнай сістэмы Беларусі.
На фота: хлеб, разрэзаны на 6 частак, падаецца зняволеным пры кожным прыёме ежы. Штодзённая норма хлеба ў турмах Беларусі — 300 грам. З праекта «Сляпая Зона»
Фізічны і псіхалагічны гвалт прымяняюцца ў ходзе допытаў у першыя гадзіны пасля затрымання або на шляху да міліцэйскага ўчастка. У закрытай для грамадскага кантролю турэмнай сістэме асуджаныя часта падвяргаюцца гвалту і ўтрымліваюцца ў жудасных умовах, у тым ліку адсутнічае належная медыцынская дапамога.
Праваабаронцы ў Беларусі паведамляюць пра дзясяткі вядомых ім выпадкаў у год, але рэальныя лічбы значна вышэй.
Вядомы фатограф Макісм Сарычаў гаворыць, што мае намер працаваць з пацярпелымі ад гвалту, іх перажываннямі траўматычнага досведу. Таксама яго цікавяць сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя аспекты тэмы.
«Эканамічная сітуацыя на беларускім медыярынку такая, што знайсці грошы для рэалізацыі нават такога важнага праекта сёння вельмі складана. Таму я звяртаюся да тых, хто зацікаўлены ў падтрыманні ў грамадстве дыскусіі на гэтую вострую тэму і каму цікавая сучасная дакументальная фатаграфія», — гаворыць Максім Сарычаў.
Сабраныя сродкі пойдуць на здымкі фотапраекта, лагістыку, апрацоўку матэрыялаў, падрыхтоўку тэкстаў да публікацыі, пераклад. Пасля завяршэння праект будзе апублікаваны ў беларускіх і замежных СМІ.
Калі вас хвалюе тэма правоў чалавека і вы хочаце падтрымаць праект, гэта можна зрабіць на старонцы кампані
Максім Сарычаў — мастак, які працуе з візуальнымі медыя. Жыве і працуе ў Мінску над доўгачасовымі праектамі, выкарыстоўваючы розныя падыходы і медыя: дакументальную і эксперыментальную фатаграфію, фотажурналістыкі, відэа, мультымедыя. Уладальнік Гран-Пры конкурсаў «Беларусь Прэс Фота 2015» і «Прафота 2016».