Фатаграфіі беларускай арт-групы «Правінцыя» ўвайшлі ў міжнародны выставачны праект «Вонкавы погляд на Вільнюс»
7 красавіка ў Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні адкрыецца вялікая выстава, прысвечаная 700-годдзю горада — «Вонкавы погляд на Вільнюс» (Outsider’s Look on Vilnius). У вялікім міжнародны праекце, над стварэннем якога працавалі літоўскія, украінскі і беларускі куратары, задзейнічаны фатаграфіі беларускай незалежнай фотаасацыяцыі конца 1980-х — «Правінцыя».
«Правінцыя» — фатаграфічнае аб’яднанне, якое ўзнікла ў Мінску ў снежні 1987 года на навагодняй вечарыне выпускнікоў «Студыі‑3» Народнага фотаклуба «Мінск». Нефармальная супольнасць аднадумцаў-фатографаў стаяла на пазіцыі стварэння новай фатаграфіі — вольнай ад традыцыйных падыходаў да фатаграфіі ў савецкім грамадстве. Сябры «Правінцыі» шукалі новую мастацкую мову — якая б адлюстроўвала «нерв» часу, перамены ў грамадстве, злом сацыяльных фармацый.
Як вынік, здзейсніўшы сваю мастацкую рэвалюцыю ў беларускай фатаграфіі (якую многія калегі фатографаў у той час не прынялі), «правінцыялы» здолелі дамагчыся поспеху на міжнароднай арт-сцэне. Аўтары аб’яднання выстаўляліся ў арт-інстытуцыях Еўропы і Амерыкі ў 1990‑я, іх працы публікаваліся ў прэстыжных заходніх часопісах. На жаль, феномен «Правінцыі» вядомы сёння толькі невялікаму колу даследчыкаў, фатографаў і публікі з той простай прычыны, што творчая фатаграфія да гэтай пары не займела належнага статусу ў Беларусі.
У выставу “Вонкавы погляд на Вільнюс” уключаны фотаздымкі такіх аўтараў «Правінцыі» як: Сяргей Кажамякін, Уладзімір Парфянок, Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч. На фотаздымках беларускіх аўтараў — Вільнюс канца 1980‑х — пачатку 1990‑х. Куратар беларускай часткі праекта — Андрэй Антонаў.
Пра што ж увогуле будзе выстава ў Нацыянальнай галерэі мастацтва?
У праекце, прысвечаным 700-годдзю Вільнюса, будуць экспанавацца працы, створаныя замежнымі мастакамі ў горадзе. Перыяд — ХХ і ХХІ стагоддзе. Куратары прапануюць прасачыць, як змяняўся вонкавы погляд на Вільню ў фотаздымках замежных фатографаў — як з Усходу, так і з Захаду — на працягу дзесяцігоддзяў.
«Замежныя мастакі абыходзілі Вільню бокам амаль шэсцьсот гадоў. Спатрэбілася геапалітычная трагедыя, Першая сусветная вайна і акупацыя горада ў 1915 годзе, каб тузін замежных мастакоў-прапагандыстаў кайзераўскай нямецкай арміі пачалі ўважліва назіраць, вывучаць, маляваць і размалёўваць Вільню», — адзначаецца першая хваля замежнікаў, якія пачалі фіксаваць горад на фотаздымках, у анатацыі да праекта.
«Другая хваля замежных мастакоў была сфарміравана іншай глабальнай катастрофай — Другой сусветнай вайной. Акупаваная Саветамі Вільня ўяўляла асаблівую цікавасць для фатографаў: у 1970‑я гады літоўская фатаграфія была ў авангардзе савецкай фатаграфіі і прыцягвала цікавасць прафесіяналаў з розных рэспублік, — пазначаецца куратарамі другая хваля цікавасці да горада. — Многія фатографы з розных куткоў Савецкага Саюза прыязджалі сустрэцца з Антанасам Суткусам, Вітасам Луккусам і іншымі майстрамі. Падчас гэтых паездак яны назіралі і запісвалі паўсядзённае жыццё Вільні і — нечаканыя вынікі гэтых назіранняў з’яўляюцца відавочнымі ілюстрацыямі погляду замежніка».
Мяркуем, што менавіта ў гэтай частцы праекта можна будзе ўбачыць фатаграфіі беларускіх «правінцыялаў». Для беларускіх фатографаў падарожжы ў той час у Вільнюс сталіся вельмі важнай часткай іх станаўлення — гэта было трапленне ў іншы асяродак і свядомае яго даследаванне. Гэтаксама аўтары з Беларусі вывучалі замежную фатаграфію ў бібліятэках Вільнюса.
«Паваротны момант 11 сакавіка 1990 года прывёў да эпохі сучаснасці, — фіксуюць трэцюю частку выставы куратары. — З’яўленне новай установы ў незалежнай Літве, Цэнтра сучаснага мастацтва (CAC), таксама змяніла тактыку назірання замежных мастакоў – на фотаздымках, відэа і розных выступах мастакоў, запрошаных CAC, Вільнюс паказаны не толькі праз прызму старонняга, вонкавага погляду, але і выкарыстоўваючы фільтр мастацкага даследавання«.
Куратары вялікага праекта “Вонкавы погляд на Вільнюс” — Андрэй Антонаў, Кестуціс Куізінас, Лайма Лаучкайтэ, Валянцін Аднавюн.
У выставе задзейнічаны працы мастакоў з Нямеччыны, Польшчы, Украіны, Беларусі, Швейцарыі, Японіі, ЗША, Літвы і іншых краін: Паўла Альтхамера, Pierre Bismuth & Johnatan Monk, Даніэля Бажкова, Вальтэра Бухе, мастацкага калектыву «Chim↑ Pom», Альфрэда Холера, Канстанціна Касцюка, Дэвіда Мабб, Флавіі Мюлер Медэйрас, Івана Мядзведзева, арт-групы «Правінцыя», Юрыя Рупіна, Барбары Вісер, Мір’ям Вірц, Віты Заман, Магнуас Зелера, Эдвіна Цвакмана.
Дызайнер выставы: Міндаўгас Рэклайціс. Графічны дызайн: Лаўра Грыгалюнайтэ.
Адкрыццё праекта адбудзецца 7 красавіка ў 18.00.
Чытайце яшчэ:
«Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?
Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси
Заява аб прызнанні Аляксандра Манцэвіча палітычным зняволеным