• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фарс і карнавал — фрылансер пра выставу “СМІ ў Беларусі”

    Атмасфера выставы “СМІ ў Беларусі” спачатку падалася некалькі нездаровай... Але пасля я падумала, што, напэўна, сама вінаватая ў такой ацэнцы: некалькі гадоў працую на зусім іншы медыярынак, не трымаю руку на пульсе і ўвогуле “крайне далека от народа”.  

    Пасля некалькіх гадзін блукання па выставе кволае ўражанне ненармальнасці канчаткова эвалюцыянавала ва ўпэўненасць. Адбывалася нешта крыху вар’яцкае. Справа не толькі ў тым, што традыцыйна 98 % плошчы займалі стэнды дзяржаўных СМІ, а ўсю палітру незалежных выданняў краіны прадстаўлялі літаральна пяць СМІ (“Камсамолка”, “АиФ”, дзіцячыя выданні). Гэта не навіна і не нагода для здзіўлення.

    Проста вось гэта вось усё дакладна не пра СМІ і не пра камунікацыю.

    Некалькі гадоў запар у Мінску праводзіцца фестываль Uni­con, падчас якога фанаты камп’ютарных гульняў, сіткомаў, коміксаў пераапранаюцца ў касцюмы любімых персанажаў. На адной пляцоўцы робяць сэлфі вядзьмак і космадэсантнік. Весела, карнавал.

    Нешта падобнае адбывалася падчас адкрыцця выставы “СМІ ў Беларусі”: вайскоўцы са зброяй, сувораўцы з барабанамі, людзі ў нацыянальных строях розных краін, пластыкавая свіння, бронзавы кулямёт “Максім”… Магчыма, нехта абвінаваціць мяне ў снабізме, але фестываль гік-культуры (класны і каляровы) — зусім не тое мерапрыемства, з якім трэба параўноўваць буйнейшую ў краіне выставу, прысвечаную дзейнасці СМІ. Прынамсі, фанаты коміксаў не робяць сабе свята за дзяржаўны кошт.

    Haters gonna hate, скажа нехта. Нават не ў якасці апраўдання, зазначу, што магло быць лепш, калі б фокус быў на прафесійным абмене вопытам. У адваротным выпадку не зразумела, навошта гэтыя стэнды і прома: пазабавіць наведнікаў, прыцягнуць рэкламадаўцаў, адзначыць Дзень друку ці Дзень радыё?

    Абсалютна класным і лагічным быў стэнд “Белсаюздруку”: мы прадаем смачную каву, кніжкі на рускай і беларускай мовах, перыёдыку і дробязі.

    Чаму на стэндзе прэсы Мінскай вобласці спявалі дзеці? Яны прадаюць дзяцей? Што мне гэта распавядзе пра сутнасць працы калег?

    Цяжка адмовіцца ад думкі, што некаму хацелася зрабіць цёплы лампавы міжсабойчык (у прынцыпе, гэта — нармальна, бо мерапрыемства спецыялізаванае), а атрымаўся нейкі местачковы “Славянскі базар”. Рэфлексія, абмен вопытам, абмеркаванне — не, не чулі. Яшчэ раз падкрэслю, спачатку згрызоты сумлення намякалі, што гэта я адарвалася ад прафесійных рэалій, не адчуваю глабальнага руху тэктанічных пліт у айчынным журналізме. Але нават калі і так, разбірацца ў гэтым вэрхале каней і людзей не ўзнікла ніякага жадання. Думаю, не толькі ў мяне.

    Арганізатары выставы абяцаюць, што да 5 траўня яны паспеюць правесці шэраг майстар-класаў, лекцый, прэзентацыі. Навошта мне яны, калі міністр інфармацыі не можа ўцямна адказаць на пытанне пра папраўкі ў заканадаўства аб СМІ? Гульня ў кошкі-мышкі паміж чыноўнікамі і журналістамі ў Беларусі працягваецца ўжо не адзін дзясятак гадоў. Мяняюцца дэкарацыі і “говорящие головы”, але сутнасць застаецца.

    Між тым, журналісты працуюць толькі дзеля аднаго — інфармацыі. Дакладнай і праўдзівай. Нам не патрэбны выступы самадзейных калектываў і парад вайсковай тэхнікі. І хоць “недзяржаўныя” (гучыць, як непрыгонныя) журналісты і не з’яўляюцца суб’ектамі гэтага свята жыцця, па вялікім рахунку мы не супраць. Але перад усім хацелася б дакладна ведаць, што чакае нас у будучыні.

    Зрэшты, маёй чатырохгадовай дачцэ на выставе спадабалася. Пакуль што яе густы супадаюць з мінінфармам — песенькі, натоўп, шарыкі.

    Маме-фрылансеру куды складаней палюбіць тых, хто пад фанфары і спевы робіць выгляд, што яе і такіх, як яна, не існуе ў шчаслівым жыцці беларускіх СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці