• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    Што такое фэйк і чым ён адрозніваецца ад маніпуляцыі? Якія лічбавыя інструменты можна выкарыстоўваць для праверкі фактаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказвалі медыяэксперты падчас анлайн-курса «Фактчэкінг, праверка інфармацыі сучаснымі метадамі, спосабы пазбегнуць маніпуляцый у СМІ», які ў студзені 2023 года ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Прапануем вам памятку з гэтага курса-інтэнсіву.

    Што такое фэйк?

    Фэйк — гэта адна з самых распаўсюджаных форм дэзінфармацыі ў СМІ. Для раскрыцця большасці фэйкаў дастаткова логікі і базавай праверкі інфармацыі.

    Фэйкам называюць наўмыснае скажэнне ці прыхоўванне фактаў, падман, з дапамогай якога ствараецца іншая рэальнасць.

    Напрыклад, навіна пра тое, што на барахлоцы ва Украіне можна набыць плюшавага Гітлера распаўсюдзілася ў 2018 годзе і апынулася фэйкам: цацка прадавалася не ва Украіне. Журналісты даведаліся пра гэта, знайшоўшы абвесткі на расейскім сайце абвестак.

    Мэта тых, хто карыстаецца фэйкамі — стварыць у спажывальнікаў інфармацыі пэўнае ўражанне аб бягучых навінах, сфармаваць стаўленне да з’яў ці сацыяльных груп і г. д. Небяспека фэйкаў у тым, што яны маюць накапляльны эфект: чым больш чалавек спажывае фальшывых навін, тым мацней ён дэзарыентаваны.

    Што такое маніпуляцыя?

    Маніпуляцыя — гэта свядомае скажэнне інфармацыі для фармавання ў людзей пэўнага стаўлення да той ці іншай праблемы, асобы ці з’явы. Маніпуляцыі адбываюцца праз прадастаўленне няпоўнай інфармацыі, утойванне аднаго з аспектаў, змяшчэнне акцэнтаў, вырыванне з кантэксту.

    Журналіст не мусіць наўмысна ствараць фэйкі, але можа памылкова дапусціць маніпуляцыю. Як гэтага пазбегнуць?

    • Быць дакладным.

    Правяраць і пераправяраць інфармацыю, тэрміны, пазбягаць працы па памяці і ўжываць дакладныя цытаты. Правяраць выявы на фота, напрыклад, што знятая менавіта тая асоба, пра якую гаворка, а не цёзка ці нехта падобны тварам.

    • Аддзяляць меркаванні ад фактаў.

    Не пісаць гіпотэзы, пазбягаць займеннікаў: ніколі, ніхто, кожны, усе, заўсёды і падобных.

    • Даваць поўную інфармацыю.

    Перадаваць кантэкст, пры гэтым пазбягаючы лішніх фактаў.

    • Памятаць пра баланс меркаванняў.

    Даваць пазіцыю ўсіх бакоў, прычым другі бок мусіць казаць пра сябе сам (а не прадстаўляць яго вуснамі апанента).

    Як не купіцца на фэйк?

    Адказ — сачыць за тым, каб кожнае меркаванне і факт былі пацверджаныя — праводзіць фактчэкінг. Напрыклад, калі трэба напісаць імя чыноўніка, то добрая крыніца інфармацыі — сайт дзяржаўнай установы, дзе ён працуе. Калі адбылася сустрэча двух прэзідэнтаў — сайты абодвух з іх.

    У фактчэкінгу дапамагаюць сайты арганізацый і кампаній, пацверджаннем фактаў могуць служыць фота і відэа, аўдыя, дакументы (у тым ліку выпіскі з баз дадзеных), скрыншоты, праверка асобаў людзей і г. д. Інфармацыя на Вікіпедыі, дарэчы, не з’яўляецца фактам, яе таксама трэба правяраць.

    Умоўна можна вылучыць два алгарытмы праверкі фактаў. Калі трэба праверыць інфармацыю хутка, то ёсць просты варыянт:

    • Паглядзець, ці распаўсюджваюць навіну сур’ёзныя медыі. Варта вызначыць 3–5 асноўных, з якімі вы звяраецеся, калі не правяраеце факт самастойна.

    Ускосныя прыкметы недакладнай інфармацыі — дрэнная якасць фота, адсутнасць крыніцы інфармацыі, эмацыйны тэкст, мала падрабязнасцяў (няма адказаў на пытанні: хто? што? дзе? калі? як?).

    Другі варыянт больш складаны:

    Цалкам прачытаць ці паглядзець паведамленне. Знайсці першакрыніцу і зразумець, ці надзейная яна (ананімная, медыя, афіцыйны орган, іншае).

    • Праверыць, ці працуе спасылка на першакрыніцу і ці ёсць па ёй патрэбная інфармацыя.

    • Праверыць імя і біяграфію аўтара, эксперта — хто гэта, ці адпавядае яго статус у СМІ рэальнаму вопыту, ці мае асоба ангажаванасць у чыйсці бок. Заўсёды скептычна ставіцца да выказванняў палітыкаў, нават калі палітык вам сімпатычны.

    • Праверыць дату публікацыі (яна можа быць перадрукаванай са старой публікацыі, асабліва гэта тычыцца эмацыйных паведамленняў).

    • Праверыць фота, відэа, дакументы.

    Калі дакументы «злілі» — можна паглядзець, які зыходны нумар у дакумента, і нават запытаць, ці быў такі ў арганізацыі, паглядзець, ці супадае форма дакумента з формай у арганізацыі і г. д. Калі гэта дакумент-справаздача з вялікай колькасцю лічбаў — можна праверыць некалькі з іх выбарачна і зрабіць выснову аб праўдзівасці.

    Фота і відэа можна правяраць з дапамогай адмысловых інструментаў, якія апісаныя ніжэй.

    Як праверыць праўдзівасць фота і відэа?

    Каб вызначыць, ці праўдзівыя фота і відэа, варта шукаць сляды таго, што яны былі змененыя ці зробленыя ў іншы час у іншым месцы. Для гэтага трэба праверыць, дзе, калі і хто іх выклаў. Калі першакрыніца ў сацыяльных сетках — прачытаць каментары да допісу. Звярнуць увагу на дэталі (назвы вуліц) і зверыць іх з Google street view. Праверыць яго, пашукаўшы ў сеціве па ключавых словах. Уважліва пачытаць дадзеныя пра файл (метададзеныя).

    Якія інструменты дапамогуць?

    • Пошук па малюнку ў Google, Yan­dex ці іншых сістэмах.

    Пошук можна правесці, звяраючы вашае фота з астатнімі (ці ёсць адрозненні); параўноўваючы подпісы пад фота, дату публікацыі і г. д. Каб пошук праходзіў больш дакладна, з фота лепш абрэзаць любыя лагатыпы і вадзяныя знакі.

    Можна шукаць па цэлым малюнку ці яго фрагменце. У Google можна клікнуць “знайсці крыніцу выявы”, там можна камбінаваць ключавыя словы. Але Yan­dex затое шукае ў тым ліку па “Вконтакте”.

    • Tin­Eye дазваляе храналагічна выбудаваць вынікі пошуку: ёсць сартыроўка па даце, ступені рэдагавання, па памеры (арыгінал звычайна найбольшы па памеры).

    • Foto­Foren­sics паказвае кантрастным колерам месцы на фота, якія маглі быць адрэдагаваныя.

    • InVid — інструмент для праверкі відэа і фота. Гэта плагін для браўзераў, шукае ў сеціве, асобна ў сацсетках і па базах фактчэкінгу (пераважна для англамоўнай інфармацыі). Можна атрымаць бясплатны доступ для Advanced версіі, звязаўшыся з камандай.

    • Pic2map — інструмент для пошуку метададзеных: дзе і калі зроблена фота, калі ёсць геалакацыя, калі было апрацавана, то якімі праграмамі.

    Метададзеныя часта захоўваюцца пасля публікацыі фота ў сацыяльных сетках, але ў скрыншотах метададзеных няма.

    • Сэрвіс Deep­fake-o-meter дазваляе вызначыць відэа, сінтэзаваныя штучным інтэлектам.

    Апроч таго, падобнае відэа можна пазнаць па ценях, якія падаюць ненатуральна; рухі, мірганне чалавека запаволеныя, пазбаўленыя рэзкасці. Гэта можна ўбачыць, гледзячы відэа пакадрава.

    Спіс крыніц з эканамічнай інфармацыяй

    Калі вы працуеце з інфармацыяй пра бізнес і палітыку, то варта валодаць базавымі ведамі пра краіну, уключна пра колькасць насельніцтва, памер ВУП — так вы зможаце пазнаць непраўдзівую інфармацыю вельмі хутка.

    Для фактчэкінгу эканамічнай інфармацыі пра кампаніі і дзяржавы можна выкарыстаць наступныя інструменты:

    • Legat.by — анлайн-сістэма праверкі кампаній Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Кыргызстана, Узбекістана.

    Часткова там можна знайсці справаздачы кампаній. Некаторыя таксама друкуюць іх у адкрытым доступе.

    Таксама можна карыстацца міжнароднымі крыніцамі, у частцы з іх ёсць звесткі і пра Беларусь:

    • База дадзеных ААН пра глабальны гандаль са штогадовай і штомесячнай статыстыкай.

    • Еўрастат — статыстычная служба з дадзенымі па краінах-удзельніцах ЕС.

    • Open­Cor­po­rates — вэб-сайт з дадзенымі аб карпарацыях па ўсім свеце, узятымі з дзяржаўных сайтаў. Можна даведацца, ці існуе кампанія, ці дзейнічае, які адрас і г. д.

    • Адкрыты рэестр кампаній з Вялікабрытаніі са справаздачамі.

    • Адкрыты рэестр Аўстрыі.

    • База дадзеных журналісцкай расследніцкай арганізацыі OCCRP па розных краінах (адкрытая).

    • Іх жа база дадзеных, каб адсочваць грашовыя плыні дзяржаў, кампаній і асобных людзей (з абмежаваным доступам, заяўку на доступ запаўняць тут).

    • База дадзеных журналістаў-расследавальнікаў з ICIG утрымлівае дакументы зліваў пра афшоры, такіх як Архіў Пандоры (Pan­do­ra Papers) і іншых.

    Іншыя інструменты

    Who.is — сэрвіс, які дазваляе даведацца, як даўно з’явіўся сайт і хто яго ўладальнік.

    Way­back Machine  — бясплатны архіў інтэрнэта, сярод іншага дае магчымасць праглядзець старонкі, якія былі змененыя ці выдаленыя, часам нават дазваляе спампаваць выдаленыя файлы з гэтых старонак.

    Чытайце яшчэ:

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    «Пра людзей, якія змагаліся за волю»: бэкстэйдж са здымак кліпа Кацярыны Ваданосавай

    Вечар памяці Аляксея Стрэльнікава ў музеі Вольнай Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці