• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ездзіў па Беларусі і шалёна ўсё здымаў: разумеў — гэта апошняе лета». Гутарым з журналістам Алесем Залеўскім

    Алесь Залеўскі — некалі вядоўца і журналіст «Белсата», потым — праграмы БелаПАН «Пока свободны», прадзюсар, дакументаліст, з восені 2021 года жыве ў Грузіі. Сёлета разам з калегамі ён адкрыў у Батумі прастору для медыйшчыкаў і крэатыўшчыкаў «Медыяхаб», а таксама разам з камандай запускае YouTube-канал.

    БАЖ пагаварыў з Алесем пра пераезд, адаптацыю і працу ў Грузіі, беларускую журналістыку ў эміграцыі.

    «Захацелася паглядзець, што ж будзе ў выніку»

    — Алесь, калі ты прыехаў у Грузію?

    — У кастрычніку 2021 года. Я доўга пратрымаўся ў Беларусі. Прычым працаваў увесь час. Я ведаў, што пакуль мы ў Беларусі, трэба здымаць штодня. Мы выязджалі з Мінска на тыдзень і ехалі ў Полацк, Магілёў, на Палессе, Наваградак і шалёна ўсё здымалі для розных праектаў. Я разумеў, што гэта апошняе лета ў Беларусі, і ўсё, што мы тут возьмем, застанецца на ўсё жыццё.

    Мы з жонкай не хацелі з’язджаць, да апошняга спадзяваліся, што на хутары, дзе мы жылі, атрымаецца перачакаць. Хоць насамрэч усё, што адбывалася, можна было прадбачыць. Я некалі яшчэ ва ўніверсітэце на экзамене казаў, што і вайна ў тым ліку будзе. (Алесь скончыў універсітэт сацыяльных навук Col­legium civ­i­tas у Варшаве і атрымаў ступень магістра палітычных навук — рэд.)

    Мы жылі на хутары паміж Мінскам і Вільняй. Калі толькі пераехалі туды, у 2018–19 гадах, я разумеў, што такога шчаслівага жыцця, як тады, у нас, магчыма, ужо не будзе. Бо гэта была поўная ідылія. З аднаго боку я займаўся любімай справай — дакументалістыкай. З іншага — быў дома, з сям’ёй, на радзіме. Мы былі вельмі шчаслівыя.

    Улетку 2020 года абвастрылася адчуванне рызыкі вайны, што ў выпадку адхілення ад улады ці пагрозы для Лукашэнкі Расія ўвядзе войскі ў Беларусь. На ўсялякі выпадак мы зрабілі візы. Я ведаў усе дарогі ад майго дома да Літвы, і што мы можам там быць цягам 40 хвілін.

    Але ўрэшце атрымалася так, што ты нібыта сядзіш у акопе, а снарады ўсё міма пралятаюць. І захацелася паглядзець да канца, што ж будзе.

    «Я перайшоў чырвоную рысу — зрабіў інтэрв’ю з Ціханоўскай»

    — Але ўсё ж такі даглядзець да канца не атрымалася. У які момант ты зразумеў, што трэба з’ехаць?

    — Апошнія тры гады я займаўся дакументалістыкай. У жніўні-верасні 2021 года двух чалавек з маёй каманды пасадзілі. Я працягваў чакаць. Тады ж пачалася атака іншага кшталту — на мяне і іншых асоб, якія яшчэ заставаліся і працавалі ў Беларусі. Праз эміграцыйныя суполкі пачалі распаўсюджвацца чуткі, маўляў, мы — агенты КДБ.

    Канкрэтна ж падзеяй, пасля якой стала зразумела, што лепш на некаторы час з’ехаць, быў фільм пра Беларусь, які я здымаў для YouTube-канала расійскага блогера Іллі Варламава. За тры дні да рэлізу мы размаўлялі з жонкай, што рабіць: сядзець у хаце з дзецьмі і чакаць, калі прыйдуць? Хоць фільм бяскрыўдны, але я перайшоў чырвоную рысу — зрабіў інтэрв’ю з Ціханоўскай. Мы пачалі думаць, куды. Хутчэй і прасцей было ў Грузію. Акрамя таго, у Батумі ўжо былі знаёмыя і нейкі сфармаваны асяродак для нашых дзяцей.

    Мы прыляцелі, а праз тыдзень арыштавалі Ірыну Слаўнікаву і Паўла Белавуса — апошніх людзей, з якімі я быў на сувязі ў Беларусі. Потым «Белсат» і БелаПАН прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Я зразумеў, што вяртацца мне нельга.

    «Першыя чатыры месяцы ў Грузіі мяне хістала і раскідвала ў розныя бакі»

    — Як ты адчуваў сябе ў першы час у Батумі?

    —  Я быў на адрэналіне, не зусім адэкватным. Сустракаў людзей і ўсё ім расказваў, бо ў Беларусі прызвычаіўся, што трэба маўчаць, не давяраць. Чатыры месяцы мяне тут хістала і раскідвала ў розныя бакі. Толькі праз чатыры месяцы я пачаў думаць, што рабіць далей.

    Першы час у мяне не было працы, мы жылі на ашчаджэнні. Маімі асноўнымі кліентамі былі заходнія канторы, якія прадаюць відэа для канала Dis­cov­ery. Пару прадуктаў на год мне хапала, каб спакойна жыць. Да таго ж, гэта была проста казачная самарэалізацыя — мы здымалі тое, пра што можа толькі марыць журналіст, кінадакументаліст. Але яшчэ ўлетку 2021 года пачаліся санкцыі, і са мной больш не маглі падпісваць дамовы.

    Я працягваў рабіць медыйную дакументалістыку. Але калі медыі адно за другім пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі, працягваць працу стала немагчыма.

    Праз чатыры месяцы ў Батумі я пачаў пітчыць ідэю «Медыяхаба». У той жа час ад знаёмай арт-менеджаркі пачуў, што пасля 2020 года яна не бярэ ў каманду чалавека, пакуль ён не пройдзе курс псіхатэрапіі. Вось так я і пачаў «падымацца з кален» — пайшоў у псіхатэрапію, якая ўвяла мяне ў баланс. Я зразумеў, што мне трэба было дапамагчы сабе, стварыць камфорт і толькі потым думаць пра нейкія праекты.

    — А як сям’я? Дзеці? Ці лёгка ім было пачаць новае жыццё на новым месцы?

    — Для дзяцей страта дому стала каласальнай траўмай. Дачка першыя месяцы баялася, што забудзе дом, перастане верыць, што ён у нас быў, што мы там насамрэч жылі. У нас заняло шмат сіл пераканаць яе, што так, гэта быў файны час у жыцці, і мы абавязкова туды вернемся, бо гэта ўсё наша, яно нікуды не дзенецца, гэта наш падмурак. Мы казалі: і цяпер у нас таксама файны час будзе, давай будзем узгадваць пра той час і файна жыць у гэтым, каб пасля, калі штосьці іншае будзе, мы маглі б і пра гэты час добра згадваць, дзе б мы ні былі.

    Сын надоечы сказаў: «Я сатру з твару зямлі таго, хто знішчыць наш хутар». Каб з гэтым справіцца, мы вадзілі дзяцей да псіхолага на арт-тэрапію. Там яны малявалі дом.

    — Вы не прадалі свой дом у Беларусі?

    — Не, і не збіраемся. Для мяне вельмі важна, што ў нас ёсць дом, што дзеці ведаюць, што такое — Радзіма. І я спадзяюся туды вярнуцца. Хоць не выключаю, што на мяжы з Беларуссю вырасце сцяна ва ўсіх сэнсах, і тады давядзецца думаць, дзе будаваць новы дом, прынамсі на нейкі час. Тут шмат што будзе залежыць ад Захаду, Еўропы — ці захочуць яны раз і назаўсёды разабрацца з усходнеславянскім вузлом, ці прасцей будзе пабудаваць сцяну. Пакуль што я бачу, на жаль, усё ідзе ў бок сцяны.

    «Мы стварылі «Медыяхаб», каб беларускія медыйшчыкі ў Батумі маглі працягваць працу»

    — Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра «Медыяхаб». Ты прыступіў да рэалізацыі гэтай ідэі пасля курса псіхатэрапіі?

    — Я правёў 3–4 пічынгі, перш чым знайсці партнёраў. Гэта і было своеасаблівай тэрапіяй — я сустракаўся з іншымі людзьмі і ідэямі, меў фідбэк на свае. Дарэчы, тады я якраз і пераканаўся ў слушнасці падыходу сяброўкі адносна тэрапіі. У выніку знайшлі падтрымку на першыя патрэбы. Я хацеў найперш зрабіць месца для працы, інфраструктуру, дзе можна было б ствараць медыяпрадукты. У Батумі цяпер жыве таксама журналіст Антон Сурапін, які марыў пра каворкінг, месца для івэнтаў. Мы аб’ядналіся, зарэгістравалі арганізацыю і ўзяліся за працу. Але раптам усё завісла — узніклі праблемы з дастаўкай сюды мэблі, тэхнікі. Калі зусім апускаліся рукі, мяне заахвочваў Андрэй Аляксандраў, калі ад яго яшчэ даходзілі лісты. Неяк ён напісаў:

    «Тут я зразумеў, што ў любых умовах можна быць эфектыўным». Калі ён такое піша з турмы, чаго мне ныць?

    І вось мы сваімі рукамі зрабілі тут рамонт, з вялікімі цяжкасцямі, але вырашылі пытанне з тэхнікай, і цяпер «Медыяхаб» — крэатыўная вытворчая прастора — гатовы прымаць гасцей.

    — Для каго вы працуеце?

    — Пасля таго, як большасць медыяў з’ехалі з Беларусі, паўстала праблема — як дастаўляць туды інфармацыю? Эфектыўнымі каналамі застаюцца YouTube і мультымедыйныя платформы. Каб беларускія медыйшчыкі маглі працягваць працу і не губляць сувязь з аўдыторыяй, мы стварылі гэтае месца.

    У нас можна цалкам бясплатна зрабіць пілотны відэа- ці аўдыяпрадукт, з якім можна ісці далей да донараў, інвестараў, кліентаў. Найчасцей гэта асноўная праблема для медыйшчыкаў / крэатыўшчыкаў у выгнанні — адсутнасць інфраструктуры і каманды, якая б цябе магла падтрымаць.

    У нас ёсць і камерцыйная прапанова для блогераў, піяршчыкаў, кіношнікаў. У сярэднім вытворчасць у нас абыдзецца ім на 30% ніжэй за рынак.

    Але асноўны праект студыі — чым я займаюся і дзеля чаго ўсё гэта раблю — YouTube-канал «Вольны». Ці «Фрывольны» — мы дагэтуль спрачаемся ў камандзе, таму пакуль карыстаемся рознымі версіямі назвы.

    «Трэба выходзіць з посттраўматычнай апатыі ў ідэі»

    — Навошта беларусам, на тваю думку, патрэбны яшчэ адзін YouTube-канал, які робіцца за мяжой? Ці не станеце вы чарговым эмігранцкім медыя з усё меншым разуменнем таго, што адбываецца ў Беларусі?

    — Так, мы не разумеем, што адбываецца ў Беларусі. Нават унутры краіны мала хто разумее. І мы, хутчэй за ўсё, станем эмігранцкім медыя. Але гэта на праблема на цяперашнім этапе. Сёння нам трэба чуць галасы хаця б тых, хто можа казаць — хто не баіцца, знаходзіцца на волі, у бяспецы ці не надта… Толькі ў сугуччы нашая сіла.

    80 ці нават 90% нашых медыяў цяпер знаходзяцца ў Вільні ці Варшаве. Ёсць рызыка, стаць часткай знешняй палітыкі дзяржаў, якія нас і маіх калег прытулілі. Уплыў на ментальнасць, на фокус непазбежны. Я спадзяюся, што нам адсюль з Грузіі атрымаецца крыху інакш глядзець на падзеі, і нашая перспектыва будзе адрознай ад варшаўскай ці віленскай, а таксама што яна будзе дапаўняць тыя перспектывы, што ўжо ёсць. Я спадзяюся, што мы ўсе разам будзем фармаваць наш новы супольны беларускі дыскурс, які разбурылі падзеі апошніх гадоў. У нас шмат ідэй на дыстанцыйную медыявытворчасць з калегамі і сябрамі ва ўсіх цэнтрах беларускай эміграцыі.

    — Якія тэмы будуць абмяркоўвацца на тваім YouTube-канале?

    — Асновай будзе рэфлексія. Я хачу дзякуючы гэтаму праекту для сябе лепш зразумець, што рабіць маёй сям’і, як планаваць жыццё. І я ўпэўнены, што такіх шмат, каму патрэбная не прапаганда ці чарговая пераможная стратэгія апазіцыі, а разуменне рызык, планаванне будучыні, інфармацыя, каб хоць па фрагментах сабраць рэальны расклад у рэгіёне.

    Беларусы сёння больш ведаюць пра падзеі ва Украіне і Расіі. Так, важна зразумець расейцаў, логіку Крамля, сітуацыю ва Украіне, таму што Украіна магла б быць нашым будучым асноўным саюзнікам. Але без разумення нас саміх, без агульнага інфармацыйнага дыскурсу, мы не зможам аб’яднаць нашыя сілы і магчымасці.

    Аналітык Вадзім Мажэйка будзе ў нас распавядаць пра ўнутраную палітыку, аналітык і даследчык Павел Мацукевіч у сваёй праграме «Мидосмотр» — пра знешнюю. Таксама будзе ток-шоу пра сённяшнія выклікі беларусам — культурныя, цывілізацыйныя. Пакуль што мы стварылі тэставы прадукт, а 26 сакавіка стартуем у жывым эфіры. Я ўвогуле хачу ўсё рабіць ужывую, а таксама ёсць ідэі культурных прадуктаў.

    Агулам я б хацеў, каб да нас прыходзілі з ідэямі, каб «Медыяхаб» стаў пунктам збору ідэй. Бо нам трэба нарэшце выходзіць з постдэпрэсіўнай, посттраўматычнай апатыі ў ідэі. У Беларусі немагчыма было думаць ідэямі, крэатывіць. Памятаю, як механічна штосьці рабіў, здымаў, крэатыўнасць не працавала — яе забіваў страх.

    «Мы паставілі дырэктарам грузіна, але рахунак усё роўна не адкрылі»

    — Як працуецца беларускаму журналісту ў Грузіі?

    — Мы тут у Батумі пакуль, як у аэрапорце. Чакаем, калі на табло з’явіцца надпіс — ці можам мы вяртацца ў сваю краіну, ці трэба шукаць нейкае іншае месца. Але пакуль мы чакаем, мы працуем, гуляем уздоўж мора ў добрае надвор’е, ці пад батумскім дажджом, як цяпер.

    Грузія неідэальная, як і любая краіна, у якой я быў. Усё можа змяніцца ў раскладах на заўтра, але я б вельмі хацеў вярнуцца дадому з Грузіі.

    —  Што ты адчуваў, калі ў Грузіі адбываліся падзеі вакол закона пра замежных агентаў? Ці не было трывогі, што гэта можа ўдарыць па беларускіх медыйшчыках?

    —  Нам і без таго тут акрэслілі межы — напрыклад, банкаўскі рахунак не адкрылі. Мы ўсе банкі абышлі і ўсяляк спрабавалі, але паколькі бенефіцыяры — беларусы, нам адмовілі. Мы знайшлі выйсце і працуем, але афіцыйнага грузінскага рахунка на арганізацыю так і не атрымалі. Мы нават запусцілі трэк з калегамі-праваабаронцамі з Тбілісі, каб праз нацбанк дамагчыся адкрыцця рахунка, але пакуль не стартуем, бо не хочам падкідваць дровы ў вогнішча на фоне таго, што адбываецца.

    Калі казаць пра закон пра замежных агентаў, то я разумею неабходнасць у рэгуляцыях у сітуацыі, калі ў тваю краіну раптам прыехалі сотні тысяч людзей, якія раптам пачалі адкрываць бізнесы, арганізацыі, рахункі і г. д. Магчыма, нам не рэгіструюць банкаўскі рахунак менавіта праз тое, што няма разумення, сістэмы ці падыходу. Фармальна я магу зразумець, навошта такі закон спатрэбіўся, але зроблена ўсё было досыць правакатыўна — і па форме, і па змесце. Будзем назіраць далей.

    — Алесь, як ты думаеш, якой беларуская журналістыка выйдзе з усяго гэтага, што вынесе з раскіданасці па розных краінах, немагчымасці працаваць унутры Беларусі?

    — Беларуская журналістыка ўжо столькі цяжкіх часоў перажыла, і гэта таксама перажыве. Бо ў нас ужо былі напрацаваныя механізмы працы з‑за мяжы — той жа «Белсат». Мы ўмеем працаваць на адлегласці з крыніцамі ў Беларусі.

    Я з 2007 года ў журналістыцы, я працаваў у Беларусі, на беларускай мове. Я памятаю, як у 2008 годзе, калі «Белсат» толькі пачынаў працаваць, нам казалі: хто вас будзе разумець на беларускай мове? Я памятаю крытыку. А таксама памятаю ў 2020 годзе сотні тысяч людзей са сцягамі. Тады стала зразумела, дзеля чаго гэта ўсё было.

    Цяпер нам зноў трэба пачынаць спачатку, але ўжо на новым вітку спіралі. І я ўпэўнены, што мы дадзім новую якасць. Я цяпер пачынаю ўжо чацвёрты медыяпраект — да гэтага быў «Белсат», «Людскія справы», «Пока свободны». І калі трэба будзе, пачну і пяты, і шосты. Трэба працягваць працаваць, пры гэтым прыняць, што перамога будзе пазней, магчыма, не так, як мы думалі, але яна дакладна будзе. Калі мы не апусцім рукі.

    Чытайце яшчэ:

    «Цяжка ўявіць, што я больш ніколі не буду пісаць». Пагаварылі з калегамі, якія сышлі з журналістыкі

    Умоўныя мукавозчыкі супраць умоўных марзалюкоў. Пра што сведчыць спрэчка сярод прапагандыстаў?

    Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці