• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экспэрты пра кантроль беларускага інтэрнэту: «„Алісу“ ад „Яндэкс“ цяпер будуць слухаць ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і КДБ»

    Юрысты з Legal Hub, «Беларускай абсэрваторыі інтэрнэту» і лічбавыя назіральнікі За BYnet ацанілі ўказ Лукашэнкі пра наданьне КДБ і ААЦ прамога доступу да базаў зьвестак сайтаў у Беларусі.

    Доступ да базаў дадзеных і інфармацыйных сыстэм у сілавікоў быў і раней, пішуць аўтары матэрыялу Netobservatory.by.

    Перажываць варта было яшчэ ў пачатку 2021 году, лічаць яны, калі ў заканадаўства аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ўнесьлі зьмены, паводле якіх органы могуць «атрымліваць бясплатна зьвесткі з базаў дадзеных, інфармацыйных сыстэм шляхам дыстанцыйнага доступу і (або) на матэрыяльных носьбітах інфармацыю ад арганізацый, якія зьяўляюцца ўласьнікамі гэтых базаў дадзеных, інфармацыйных сыстэм, у выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі, і парадку, вызначаным заканадаўствам».

    Але нават 2021 год нельга назваць пераломным момантам, паколькі такое права ў «апэратыўнікаў» было і раней, праўда, з агаворкай — неабходнасьцю нейкіх пагадненьняў з уладальнікамі базаў дадзеных і інфармацыйных сыстэм. Гэта значыць, цяперашні ўказ толькі дапаўняе ўжо існыя нормы і пашырае і без таго неабмежаваныя паўнамоцтвы сілавікоў у сачэньні за грамадзянамі. Што важна, ва ўказе прапісаны канкрэтныя мэханізмы, як гэтае сачэньне будзе працаваць.

    Да якой інфармацыі пра мяне будзе доступ у сілавікоў?

    Каб уявіць аб’ём збору інфармацыі, трэба разумець, як уладкаваныя інтэрнэт-сэрвісы і наяўныя базы дадзеных. Нават самы просты інтэрнэт-сайт зьмяшчае базу, у якой запісаныя дадзеныя аб карыстальніках і іхных дзеяньнях, напрыклад заказах, падпісках ці камэнтарах. Звычайна гэтая інфармацыя захоўваецца ў базах дадзеных вэб-рэсурсаў гадамі, а гэта значыць, што патэнцыйна доступ будзе нават да тых дзеяньняў, якія рабіліся задоўга да набыцьця ўказам сілы.

    Службы таксі, арэнды аўтамабіляў, дастаўкі ежы праз свае мабільныя праграмы зьбіраюць інфармацыю аб геалякацыі. Пошукавыя сайты захоўваюць гісторыю пошуку ў інтэрнэце.

    Аўтары выказалі здагадку, што паслугі Inter­net of Things таксама становяцца аб’ектам цікавасьці.

    «Яны могуць уключаць у сябе сэрвісы разумнага дома, якія ведаюць аб сваіх жыхарах многае, а таксама GPS-трэкінг асабістага або карпаратыўнага транспарту. Ужо паставілі сабе „разумны дом“ ад „Белтэлекама“ з датчыкамі і відэакамэрамі ці пакуль сумняваецеся? Сюды ж можна ўключыць інтэлектуальныя галасавыя памочнікі, у тым ліку „Алісу“ ад „Яндэкс“, якую цяпер будуць слухаць ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і КДБ з ААЦ».

    Нідзе не напісана, што гэта могуць быць толькі беларускія рэсурсы. Але наўрад ці ад заўтра ўсе інтэрнэт-рэсурсы падключацца да сыстэмы сачэньня. Гэта працэс складаны — давядзецца перарабляць сыстэму пад патрабаваньні КДБ і ААЦ, і дарагі — усе выдаткі лягуць на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў.

    Экспэрты мяркуюць, што ў першую чаргу ААЦ і КДБ зацікавіць атрыманьне доступу да буйных рэсурсаў, у тым ліку пошукавыя сыстэмы, сэрвісы, якія абслугоўваюць экасыстэмы Apple iOS і Google Android, сацыяльныя мэдыя, мэсэнджэры, сэрвісы мабільнасьці, аплатныя сыстэмы.

    Як сілавікі будуць атрымліваць доступ да дадзеных?

    Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў, якія трапяць у пералік, будуць абавязаны для ўзаемадзеяньня з КДБ і ААЦ выкарыстоўваць інфармацыйную сыстэму электроннага ўзаемадзеяньня, якую распрацоўвае РУП «Цэнтр лічбавага разьвіцьця». Уладальнікам і апэратарам інфармацыйнай сыстэмы зьяўляецца РУП па наглядзе за электрасувязьзю «БелДІЭ».

    Для карыстальнікаў або іншых назіральнікаў немагчыма будзе вызначыць, ці падключаны інтэрнэт-сэрвіс да сыстэмы па сачэньні. Тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія адмовяцца прадастаўляць доступ сілавікам, могуць быць заблякаваныя ў Беларусі.

    Кантроль за дзейнасьцю будуць ажыцьцяўляць дзьве спэцслужбы, непасрэдна падпарадкаваныя Лукашэнку. За законнасьцю апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў павінна сачыць пракуратура, але ў яе ёсьць іншыя справы.

    Экспэрты ўпэўнены, што міжнародныя партнэры, інвэстары і заказчыкі, якія яшчэ засталіся ў беларускага ІТ-бізнэсу, будуць вельмі засмучаныя такім паваротам спраў. Ня ўсе могуць дазволіць сабе супрацоўнічаць з кампаніяй, у якой прамы канал зьліву аднаму з самых рэпрэсіўных рэжымаў у Эўропе.

    Чытайце яшчэ: 

    У міліцыі адмаўляюцца тлумачыць прычыны забароны на перапіску з Яўгенам Меркісам

    Украінцы, нідэрландцы і літоўцы запусцілі радыё, якое мімікруе пад расійскае. А сярод вядоўцаў чуюцца і беларусы

    Журналістку Кацярыну Андрэеву дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці