• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Украінцы, нідэрландцы і літоўцы запусцілі радыё, якое мімікруе пад расійскае. А сярод вядоўцаў чуюцца і беларусы

    На сярэдніх хвалях на частаце 1557 кГц радыёаматары Усходняй Еўропы і Расіі пачалі лавіць новую радыёстанцыю — рускамоўнае «Радио Лента». Радыёстанцыя мімікруе пад расійскую, але стварылі яе, імаверна, украінцы, а вяшчае яно з Літвы.

    Радыёстанцыя забаўляльна-інфармацыйная, па форме мала чым адрозніваецца ад падобных на постсавецкай прасторы. Расійскія і забаўляльныя навіны разбаўленыя жартачкамі і лайфхакамі.

    Радыё мімікруе пад расійскае, там выкарыстоўваюць тэрміналогію і словы, характэрныя выключна для расійскага палітычнага і сацыяльнага дыскурсу: «специальная военная операция», «на Украине», «Молдавия», «Киргизия».

    Там пазбягаюць рэзкіх ацэнак адносна цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Расіі, але ўсё ж‑такі там праскоквае праўдзівая інфармацыя адносна агрэсіўнай сутнасці цяперашняй Расіі і рэальнай сітуацыі на фронце.

    Сур’ёзныя навіны разбаўленыя навінамі пра кіно, псіхалогію, здароўе, інтымнае жыццё, а таксама парады для дачнікаў і гумар. Класічная, вельмі добра запакаваная і закамуфляваная контр-прапаганда.

    Але адкуль гэта радыё?

    На сайце станцыі нічога не пазначана пра заснавальнікаў і пра тое, адкуль вядзецца вяшчанне, вядучыя ў эфіры сябе не называюць.

    Сігнал радыёстанцыі вельмі трывалы. Радыёаматары вылічылі, што вяшчае яна з Літвы, з‑пад Коўна, з вельмі моцнага перадатчыка (на 50—150 кВт). Расійскія радыёаматары з еўрапейскай часткі РФ выкладваюць у сацсеткі сведчанні прыёму таямнічай радыёстанцыі.

    Нідэрландскае выданне RadioVisie.eu паведамляе, што радыё «Лента» фінансуецца за кошт прыватных ахвяраванняў. Станцыя атрымала дазвол камісіі па СМІ Нідэрландаў, праграмы вырабляюцца там жа, а затым перадаюцца ў Літву для рэтрансляцыі на частаце 1557 кГц. Літоўскія ўлады, у сваю чаргу, выдалі «ліцэнзію на рэтрансляцыю».

    Чаму радыёстанцыя, хутчэй за ўсё, украінская? Па-першае, гэта чуецца фанетычна. Па вымаўленні можна пачуць, што большасць дыктараў — не расіяне. Навіны чытаюць людзі з украінскім і беларускім акцэнтам.

    Таксама стала вядома, што сайт радыёстанцыі размяшчаецца на Host­ing Ukraine LTD. Распрацоўшчык мабільнай праграмы радыёстанцыі — Eugene Mel­nyk, які раней распрацоўваў праграмы для ўкраінскіх інтэрнэт-радыёстанцый.

    Акрамя гэтага, у кодзе старонкі (у мета-тэгу <author>) інтэрнэт-сайта змяшчалася згадка аўтара старонкі, ён жа названы ў кодзе сайта кіеўскага Радыё Pow­er FM.

    Радыёстанцыі на кароткіх і сярэдніх хвалях былі істотнай крыніцай інфармацыі для замежнай аўдыторыі і прапаганды ў часы Халоднай вайны. Дзякуючы падобным радыёстанцыям людзі маглі атрымліваць аператыўную інфармацыю з іншай часткі свету, абыходзячы дзяржаўную цэнзуру. Але з канцом Халоднай вайны і масавым распаўсюджваннем інтэрнэту значнасць такіх радыёстанцый зменшылася. Зараз радыё на сярэдніх і кароткіх хвалях слухаюць толькі радыёаматары альбо жыхары, для якіх недаступны якасны і нецэнзураваны інтэрнэт.

    Тое, што для жыхароў Расіі зрабілі радыёстанцыю на сярэдніх хвалях, сведчыць пра тое, што ўкраінцы і іх хаўруснікі ацэньваюць імавернасць адключэння Расіі ад глабальнага інтэрнэту як цалкам рэальную.

    Чытайце яшчэ: 

    Судзяць відэааператара Аляксандра Любенчука. Яму можа пагражаць да 7 гадоў зняволення

    Журналістку Кацярыну Андрэеву дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС

    Фільм пра зняволеных беларускіх журналістак атрымаў срэбра на Чыкагскім кінафестывалі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці