Эксперт АБСЕ: Доступ да інфармацыі – неад’емнае права грамадзяніна і журналіста
У чацвер у Мінску пры садзейнічанні Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend і Лятучага універсітэта адбылася публічная лекцыя Дэніз Язічы – эксперта Офіса прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. Тэма лекцыі – “Доступ да інфармацыі і прыватнасць у лічбавую эпоху: чаму гэта важна?”.
Сустрэча сабрала некалькі дзясяткаў журналістаў, юрыстаў, праваабаронцаў і экспертаў у галіне медыя. Прэс-служба ГА “БАЖ” прапануе азнаёміцца з асноўнымі тэзамі лекцыі.
Два бакі аднаго медаля
– Права на доступ да інфармацыі – гэта адно з галоўных правоў чалавека. Таксама доступ да інфармацыі з’яўляецца часткай адміністрацыйнага права, звязанага з процідзеяннем карупцыі, абаронай навакольнага асяроддзя.
Першы закон аб доступе да інфармацыі быў прыняты яшчэ ў 1766 годзе ў Швецыі і Фінляндыі – як гарантыя для СМІ. Але актыўнасць грамадзянскай супольнасці адносна доступу да інфармацыі пачалася значна пазней.
У 90‑х гадах мінулага стагоддзя многія краіны Еўропы і свету прынялі законы пра доступ да інфармацыі. Усе гэтыя законы закліканыя абараніць права чалавека атрымліваць праўдзівую, дакладную і своечасовую інфармацыю пра стан рэчаў у краіне, дзе яны жывуць. Атрымліваць інфармацыю пра вынікі працы чыноўнікаў, стан эканомікі, бяспеку і г.д.
Наогул, доступ да інфармацыі і свабода слова – гэта два бакі аднаго медаля. Для камунікацыі людзям найперш патрэбны доступ да інфармацыі, а па-другое – права і магчымасць свабодна дзяліцца гэтай інфармацыяй.
Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гаворыць, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк.
Гэты дакумент, ратыфікаваны 168‑ю краінамі свету, накладае на ўрады гэтых краін абавязак забяспечыць доступ да інфармацыі для сваіх грамадзян.
Урады мусяць памятаць, што дзяржаўныя чыноўнікі і службоўцы працуюць за кошт падаткаў грамадзян і выбіраюцца грамадзянамі. Таму людзі маюць права ведаць, як трацяцца іх грошы і як рэалізуюцца іх рашэнні. Празрыстасць неабходная для забеспячэння адказнасці чыноўнікаў за свае дзеянні.
Нават сакрэтная інфармацыя праз пэўны час мае быць рассакрэчана
АБСЕ даўно распрацавала канкрэтныя рэкамендацыі для ўрадаў усіх краін кантыненту па забеспячэнні доступу грамадзян да інфармацыі.
Сярод іх – прыняцце спецыяльных нацыянальных законаў, якія б гарантавалі грамадзянам свабоды доступ да інфармацыі ад дзяржаўных органаў і службаў. Дзяржаўныя органы павінныя аператыўна і дакладна адказваць на звароты.
Калі пэўная інфармацыя не можа быць апублікавана, гэта павінна быць рэгламентавана заканадаўствам. Павінен існаваць дакладны спіс абмежаванай для распаўсюду інфармацыі, і людзі павінны мець магчымасць аспрэчваць гэтыя спісы. Напрыклад, у Літве ёсць пэўны спіс таго, што можа адносіцца да падобнай сакрэтнай інфармацыі.
Існуе два асноўных спосабы рэалізацыі дзяржорганамі доступу да інфармацыі. Першы прадугледжвае публікацыю інфармацыі пра сваю дзейнасць самімі дзяржорганамі. Другі спосаб – гэта гарантаванны адказ на запыты грамадзян, у тым ліку і журналістаў.
Мы таксама лічым, што да чыноўнікаў павінны прымяняцца санкцыі ў тым выпадку, калі яны адмаўляюцца прадаставіць не забароненую для распаўсюду інфармацыю грамадзяніну альбо СМІ.
Безумоўна, існуе рознага роду закрытая інфармацыя, якая з тых ці іншых прычын не можа быць апублікаваная. Напрыклад, інфармацыя ў межах крымінальнага расследавання ці інфармацыя, звязаная з бяспекай. Але мы лічым, што кожную адмову ў распаўсюдзе такой інфармацыі трэба спачатку абгрунтаваць. І ўсе зацікаўленыя бакі павінны мець права абскардзіць такое рашэнне.
АБСЕ таксама лічыць, што нават сакрэтная інфармацыя праз пэўны час павінна быць рассакрэчана. Гэта дазволіць пазбегнуць злоўжыванняў з боку чыноўнікаў, якія будуць ведаць, што раней ці пазней усе іх дакументы стануць публічнымі. Напрыклад, у Літве ці Македоніі такі тэрмін складае 10 гадоў.
Права на прыватнасць
Гэткім жа фундаментальным, як права доступу да інфармацыі, з’яўляецца і права на прыватнасць.
Стаўленне да паняццяў “індывідуальнае” і “грамадскае” адрозніваецца ў розных краінах свету. Адныя кажуць, што грамадскія правы важней за індывідуальныя, іншыя – наадварот.
Павага да прыватнага жыцця замацаваная ў законах большасці краін. Пры выкарыстанні лічбавых тэхналогій права на прыватнасць закранаецца на ўсіх этапах збору і распаўсюду інфармацыі.
Дадзеныя павінныя збірацца законным шляхам, і той, у дачыненні да каго яны збіраюцца, павінен ведаць гэта. Таксама персанальныя дадзеныя не павінныя падавацца трэцім асобам і выкарыстоўвацца незаконна.
А прынцып адказнасці азначае, што аператар дадзеных павінен несці адказнасць за выкананне раней названых прынцыпаў.
Нагадаем, што, у адрозненні ад многіх краін Еўропы, у Беларусі да гэтага часу не існуе закона “Аб доступе да інфармацыі”, на распрацоўцы і прыняцці якога настойваюць многія грамадскія аб’яднанні.
Прадстаўнікі беларускай журналісцкай супольнасці шмат разоў заяўлялі пра закрытасць дзяржаўных органаў у плане доступу да інфармацыі.
Перыядычна ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” апытвае калег і складае “Рэйтынгі закрытасці” дзяржаўных органаў улады.