Самыя закрытыя дзяржаўныя ўстановы: Мінінфармацыі, Мінздароўя, Мінпрацы і раённыя суды Мінска
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правяло чарговае апытанне калегаў адносна якасці працы прэс-службаў дзяржаўных ведамстваў і доступу да інфармацыі ад іх.
Некалькім дзясяткам журналістаў цэнтральных выданняў, а таксама акрэдытаваным замежным карэспандэнтам было прапанавана ацаніць узровень працы са СМІ асноўных дзяржаўных ведамстваў, міністэрстваў, камітэтаў і гд. Удзел у складанні рэйтынгу бралі журналісты TUT.BY, БелаПАН, “Комсомольская правда в Беларуси”, “Звязда”, “Наша Ніва”, “Радыё Свабода” і “Еўрапейскае радыё для Беларусі”.
Кожны з рэспандэнтаў атрымаў адмысловую анкету, дзе мусіў выставіць адзнаку насупраць назвы ўстановы. (Адзнакі выстаўляліся ад 0 да 10, дзе “0” азначаў максімальную закрытасць, а “10” – максімальную адкрытасць ведамства, высокі ўзровень працы са СМІ). Пасля падліку галасоў паводле сярэдняга балу пазіцыі размеркаваліся наступным чынам.
Самымі закрытымі для журналістаў былі названыя Міністэрства інфармацыі, Мінпрацы, Міністэрства аховы здароў’я і раённыя суды Мінска. За імі ідуць КДБ, Адміністрацыя прэзідэнта і Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.
Адметна, што высокія адзнакі ў журналістаў атрымалі Міністэрства фінансаў, Мінэканомікі, МЗС і Мінспорту і турызму. Станоўчым лідарам рэйтынгу журналісты назвалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якому выставілі найвышэйшыя адзнакі.
Нагадаем, што падобнае апытанне ГА “БАЖ” ужо ладзіла ў 2013 годзе. Тады сярод найбольш закрытых апынуліся Мінздароўя, Мінсельгасхарч, КДБ, МУС і Адміністрацыя прэзідэнта.
Ідэя правядзення падобных даследаванняў і выяўлення праблемных кропак у працы дзяржведамстваў узнікла пасля масавых скаргаў журналістаў на адмовы ці цяжкасці ў атрыманні інфармацыі ад ведамстваў, альбо адсутнасць у іх прафесійных прэсавых службаў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” спадзяецца, што правядзенне такіх апытанняў дапаможа прэс-службам і кіраўнікам дзяржаўных ведамстваў падвысіць узровень працы са сродкамі масавай інфармацыі.
Нагадаем, што неабходнасць стварэння прафесійных прэсавых службаў пры дзяржаўных органах улады і арганізацыях была вызначана загадам Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў лютым 2009-га года. Адказнасць за невыкананне дадзенага распараджэння, паводле загаду, ускладаецца на кіраўнікоў адпаведных дзяржустаноў.
Пра закрытасць для СМІ дзяржаўных органаў ішла гаворка і на нядаўняй прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, дзе прэзідэнт Беларусі нават паабяцаў прыцягнуць да адказнасці службоўцаў, якія адмаўляюцца даваць інфармацыю прадстаўнікам СМІ.