• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экс-рэдактара ліквідаванай «Новай газеты Смаргоні» пакаралі 7 суткамі арышту

    Як стала вядома калегам медыяменеджара і прадпрымальніка Рамуальда Улана, у дзяржаўны выходны 3 ліпеня дзяжурная брыгада Смаргонскага раённага суда пакарала яго 7 суткамі адміністрацыйнага арышту — дакладны артыкул пакуль не агалошваецца.  

    У пятніцу 30 чэрвеня Рамуальда Улана выклікалі ў Смаргонскі РАУС для атрымання чарговага папярэджання за нібыта «парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду». Адметна, што ў віну яму ставілася адміністрацыйнае пакаранне за два тыдні да таго, калі прадпрымальніка затрымалі на трое сутак паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    Як і ў мінулы раз, з пастарунка ён не вярнуўся. Праўда, адрозна ад першага візіту, гэтым разам да горшых наступстваў быў гатовы — выправіўся з запакаваным заплечнікам і цёпла апрануты. 

    Нягледзячы на доўгія выходныя з прычыны афіцыйнага Дня незалежнасці, у Беларускай асацыяцыі журналістаў ёсць звесткі, што ў панядзелак 3 ліпеня дзяжурны суддзя правёў «палітычны» працэс. Вынікам — чацвёра сутак да трох ужо адбытых. Агулам тыдзень за кратамі паводле пакуль што незразумелых абвінавачанняў. Калі не здарыцца форс-мажору, на волю фігурант выйдзе ў пятніцу 7 ліпеня.  

    Рамуальд Улан толькі ў траўні вярнуўся дадому з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Гомелі, дзе адбываў 2,5 гады абмежавання волі нібыта за «абразу супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Зрэшты, прыступіць да паўнавартаснай працы ў сваім друкарска-тэхнічным цэнтры атрымліваецца з цяжкасцю — пастаянна пра сябе нагадваюць сілавікі.

    Так, 16 чэрвеня яго запрасіў на гутарку інспектар, адказны за нагляд пасля «хіміі». Запэўніў, што візіт фармальны, «толькі распісацца». Але там ужо чакалі капітан міліцыі і начальнік крымінальнага вышуку з матэрыяламі «адміністрацыйкі» — нібыта знайшлі ў сацсетках спасылкі на медыя, якія сёлета прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку затрымалі на 72 гадзіны, пасля чаго старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч пакараў былога палітвязня ўжо адседжаным з моманту затрымання тэрмінам паводле арт. 19.11 КаАП.

    30 чэрвеня гісторыя паўтарылася практычна адзін да аднаго, толькі што тэрмін за «рэцыдыў» гэтым разам павялічыўся ўдвая. 

    Заснавальніка «Новай газеты Смаргоні» затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Той сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах, і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу».

    5 студзеня 2021-га суддзя Смаргонскага раённага суда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, тром — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.

    У сярэдзіне 1990‑х Рамуальд Улан быў сярод беларускіх першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаванае ім выданне хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышло накладам дзяржаўную раёнку.

    Пасля таго, як медыйны праект задушылі эканамічна, ён арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Сталымі кліентамі офісу былі ў тым ліку сілавікі, суддзі, пракурорскія работнікі.  

    Праваабарончая супольнасць прызнала былога медыяменеджара палітычным зняволеным. Выглядае, што пераслед не спыніўся нават пасля яго вызвалення. 

    Чытайце яшчэ:

    «Калі журналіст будзе рабіць два вялікіх якасных матэрыялы на месяц, яму на хлеб не хопіць». Гутарка з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч

    «Если бы удалось поговорить с кем-то из окружения Лукашенко, это был бы крутой вызов». Почему важно оставаться в контакте с властью

    Лукашэнка падпісаў рэпрэсіўныя змены ў закон, які ставіць крыж на незалежных СМІ ў Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці