Дзяржаўная газэта «Звязда» правяла круглы стол, прысьвечаны стагодзьдзю абвяшчэньня БНР. Запрасілі апазыцыю
10 сьнежня ў рэдакцыі газэты «Звязда» адбыўся круглы стол «1918-ы для нашай дзяржаўнасьці: набыткі і страты».
Як напісаў у Facebook старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якога запрасілі на круглы стол, «рыхтуючыся да ўдзелу ў пасяджэньні, я меркаваў, што ў час круглага стала будуць гучаць розныя думкі і адносіны наконт падзеяў 1918 году ў Беларусі, зьвязаных з абвяшчэньнем БНР. Але хачу сказаць, што ўсімі ўдзельнікамі была адзначана велізарнае значэньне БНР у гісторыі беларускай дзяржаўнасьці і што нельга празь гістарычныя супярэчнасьці даваць козыр тым сілам, якія хочуць падарваць нашае нацыянальнае адзінства».
Кастусёў вельмі пазытыўна ацаніў круглы стол, арганізаваны «Звяздой», і адзначыў, што ён «нават пажартаваў у адрас усіх удзельнікаў, што па іх поглядах на БНР і іншыя нацыянальныя каштоўнасьці ім усім час падумаць аб уступленьні ў БНФ».
У круглым стале прынялі ўдзел вядомыя гісторыкі і грамадзкія дзеячы. Старшыня БНФ назваў сярод іх імёны навукоўцаў-гісторыкаў: А. Кавалені, М. Касьцюка, В. Даніловіча, С. Трацьцяка, В. Мазца. Вялі пасяджэньне дырэктар Выдавецкага дому «Звязда» Павел Сухарукаў і ягоная намесьніца Алена Ляўковіч.
Паводле «Зьвязды», «удзельнікі круглага сталу шукалі адказы на пытаньні:
- Якія перадумовы былі сто гадоў таму для практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці?
- Ці можна сказаць, што ў той час ужо існавала беларуская нацыянальная эліта?
- Ці была нацыянальная сьвядомасьць большасьці насельніцтва на тым узроўні, каб зразумець і прыняць неабходнасьць уласнай дзяржавы?
- Як уплывалі акупацыйныя ўлады на дзяржаўныя памкненьні беларусаў?
- Стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі было парывам летуценьнікаў, адарваных ад рэальнасьці, ці важным крокам для ўтварэньня самастойнай беларускай дзяржавы?».
Сёлета адзначаецца стагодзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 году была створаная першая нацыянальная дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка, была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата. З пачатку 90‑х гэты дзень адзначаўся неафіцыйна і атрымаў назву Дзень Волі. Дэмакратычная супольнасьць Беларусі ў гэты дзень ладзіць вялікую вулічную акцыю — шэсьце ў цэнтры гораду.