Дзе і чаму пратэстуюць у свеце — паводле БТ і напраўду
У Нямеччыне — перадрэвалюцыйная сітуацыя, Францыя патанае ў гнаі, увесь народ Польшчы падмануты ягоным дыктатарам, а Брытанію атакуюць пацукі-мутанты, расказвае прапаганда ў Беларусі. Ці сапраўды Еўропу накрыла хваля надзвычайных пратэстаў?
Дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі сістэматычна паказвае такую карціну: на Захадзе жыць кепска, там усе пратэстуюць, бо краіны загніваюць, а ў Беларусі ўсё добра, таму Захад хоча нас дэстабілізаваць. «Загніваюшчы Захад» ужо даўно стаўся мэмам.
Як менавіта гэта гучыць? «Белсат» паглядзеў, пра якія пратэсты і закалоты расказвалі на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь‑1» з 1 да 31 студзеня 2024 года, пашукаўшы матэрыялы паводле шэрагу ключавых словаў на сайце Tvr.by. Атрымаўся рэйтынг самых «нестабільных» краінаў.
Топ «загніваюшчых»
Калі вы думалі, што Францыя – чэмпіён Еўропы ў галіне пратэстаў, дык не. Аб пратэстах у Нямеччыне ў студзені на БТ расказвалі не менш за 24 разы, тады як аб пратэстах у Францыі – 19 разоў. Следам ідуць Польшча (13), Злучаныя Штаты (10), Эквадор (7), Бельгія і Злучанае Каралеўства (па 4 разы), Літва (3).
Вось якія гісторыі складваюцца з адных толькі загалоўкаў навінаў на БТ.
У Нямеччыне ўрад запусціў працэс эканамічнага знішчэння краіны, эканоміка пагрузілася ў глыбокую рэцэсію. Ужо склалася перадрэвалюцыйная сітуацыя: нарастае паўстанне фермераў, а ўлады хаваюць гэта ад насельніцтва. Пратэст фермераў паралізаваў краіну, і фермеры разам з чыгуначнікамі сваім бунтам паставілі Нямеччыну на калені.
У Францыі фермеры ўзялі ў аблогу Тулюз і збіраюцца блакаваць Парыж. І яны не проста блакуюць дарогі, а топяць краіну ў гнаі, паляць фуры з замежнымі прадуктамі, знішчаюць дзяржаўную маёмасць і атакуюць самога прэзідэнта.
У Польшчы фермеры прыпынілі блакаду на мяжы з Украінаю, але нанеслі той шкоду на сотні мільёнаў долараў. І ўжо стартуе найбуйнейшы страйк, польскія вуліцы запаланілі «неверагодныя» палякі, краіна ўваходзіць у глыбокае палітычнае супрацьстаянне, бо ўвесь польскі народ быў падмануты (і прэзідэнтам-«дыктатарам», і апазіцыйным да яго новым урадам). А яшчэ злачыннасць расце праз наплыў украінскіх уцекачоў.
У ЗША галоўнаю праблемаю ў пачатку месяца былі прапалестынскія пратэсты і экаактывісты, але ўжо разгараецца маштабны канфлікт між уладамі Тэхасу і федэральным урадам. А амерыканскія неанацысты больш не лічаць падтрыманне Украіны годнаю справаю.
У Злучаным Каралеўстве год пачаўся з маштабнага шасцідзённага страйку медыкаў, што прывёў да рэкорднай смяротнасці. Тым часам жыхары Лондану патрабуюць міру на Блізкім Усходзе, а пацукі-мутанты атакуюць дамы брытанцаў (сур’ёзна, гэта цытата).
У Эквадоры – унутраны ўзброены канфлікт, які ўлады называюць вайною з тэрарызмам. Але насамрэч гэта босы двух магутных эквадорскіх кланаў (лідары якіх уцяклі з турмаў у час беспарадкаў) наважыліся кінуць выклік уладам, а пытанне ў тым, каму дастанецца какаінавая магістраль.
Можа здацца, што такая катастрафічная сітуацыя – ува ўсім свеце. Вунь, як распавядае БТ, у Літве фермеры распальваюць вогнішчы на плошчах, а ў крамах дазваляюць прадаваць пратэрмінаваныя прадукты. Фермеры бунтуюць у Бельгіі і Румыніі, а ў Вічэнцы (гэта, калі не ведаеце, саракавы паводле колькасці насельніцтва горад у Італіі) былі сутыкненні з паліцыяй на акцыі падтрымання Палестыны. Бунт у Малдове можа распаліцца з новаю сілай, у Грэцыі пратэстуюць студэнты, у Балгарыі – супраціўнікі знішчэння памяці пра подзвіг савецкіх салдатаў. У Ізраілі пратэстоўцы патрабавалі вызваліць закладнікаў, якіх выкраў «Хамас», у Нідэрландах была бойка падчас спробы спаліць Каран. У Аргентыне – усеагульны страйк, у Емене пратэстуюць супраць агрэсіі ЗША і Брытаніі, у Папуа – Новай Гвінеі людзі гінуць у час беспарадкаў… А Ісландыі, хоць у ёй і няма пратэстаў, пагражае лёс Пампэяў.
Чаму так? Версія БТ
«У чым жа прычына хаосу і бясконцых пратэстаў у райскіх еўрапейскіх садах?» – пытае прапагандыстка Марыя Пятрашка і расплываецца ва ўсмешцы. І сама адказвае: улады Нямеччыны проста не чуюць немцаў і нібыта «ў бункеры з Зяленскім сядзяць», робяць усё на злосць свайму народу і дзеля дапамогі Кіеву. Нямецкія фермеры стаміліся ад канцлера-«самадура», кажуць у анонсе праграмы «Трэнды».
А прапагандыст Яўген Белавусаў распавядае, што і ў Францыі, і ў Польшчы, і нават у «русафобскай Літве» ў людзей «здаюць нервы» ад таго, што ўлады дапамагаюць Украіне, а не сваім грамадзянам. У навінах кажуць: дапамога «кіеўскаму рэжыму ўдарыць па Еўропе», трэба спыніць пастаўкі зброі Украіне. Расейскі палітолаг Мікіта Мяндковіч (які яшчэ нядаўна быў экспертам у краінах Азіі) мае аптымізм: «Грамадства можа прымусіць еўрапейскія эліты выйсці з вайны і спыніць агрэсію супраць Расеі».
У Расеі, дарэчы, ніякіх пратэстаў няма, калі глядзець БТ: ні шматтысячных мітынгаў у Башкартастане, ні стыхійных пратэстаў у Якуціі, ні чэргаў падпісацца за вылучэнне на прэзідэнцтва антываеннага кандыдата Барыса Надзеждзіна…
А ў Беларусі калі што і было, дык у 2020 годзе, і тады «бунты былі інспіраваныя вонкавымі сіламі», распавядае БТ. Ніяк не ўнутранымі прычынамі. А яшчэ – украінскія спецслужбы даўно, задоўга да 2014-га, спрабавалі вербаваць беларускіх вайскоўцаў, але аперацыя правалілася.
Сур’ёзна: чаму столькі пратэстуюць у Еўропе?
Найпрасцейшы адказ – бо можна. За пратэсты ў Еўропе не ўчыняюць такіх масавых рэпрэсіяў, як у Беларусі.
Масавыя пратэсты за апошнія гады праходзілі ці не ў кожнай краіне Еўропы, прычыны былі разнастайныя. Падбор маштабных пратэстаў можна паглядзець, напрыклад, на мапе, якую склаў праект «Carnegie Endowment for International Peace». Матывы пратэстаў бывалі эканамічныя, палітычныя, антыкарупцыйныя; пратэсты былі гвалтоўныя і негвалтоўныя.
Паводле той мапы, пратэсты за апошнія гады сталіся сапраўды часцейшымі, але ў абсалютнай бальшыні выпадкаў яны не былі звязаныя з дапамогай Украіне.
Мінулаю вясною «Белсат» расказваў аб пратэстах у пачатку 2023 года: у Францыі тады пратэставалі супраць пенсійнай рэформы, у Ізраілі – супраць судовай, у Грузіі – супраць закону аб «замежных агентах», у Злучаным Каралеўстве і Нямеччыне патрабавалі падвышэння заробкаў…
А, напрыклад, у Польшчы за апошнія гады масава пратэставалі супраць затрымання былога міністра за перавышэнне паўнамоцтваў і супраць змены кіраўніцтва грамадскага тэлебачання (а да таго – супраць абмежавання на валоданне замежнікамі польскімі медыямі), супраць працы ўкраінскіх дальнабойнікаў і паставак украінскага збожжа (але не супраць дапамогі Украіне), забароны абортаў, адукацыйнай і судовай рэформаў, а перад выбарамі – агулам супраць дзейнай улады…
Што датычыць еўрапейскіх фермераў, у брытанскім выданні Бі-Бі-Сі думаюць, нібыта найбольшую незадаволенасць у іх выклікае аграрная палітыка Еўразвязу, звязаная з цэнамі на паліва, субсідыямі ды інфляцыяй, патрабаваннямі да выкарыстання земляў і севазвароту. Украіна звязаная з гэтымі пратэстамі так: праз расейскі напад на Украіну Еўразвяз часова зняў абмежаванні на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, а ўкраінскія цэны і заробкі значна ніжэйшыя, чым у заходніх суседзяў, таму еўрапейскія фермеры патрабуюць абмежаваць гэткую канкурэнцыю.
Аднак іншае брытанскае выданне – «The Guardian» – сцвярджае, што пратэсты еўрапейскіх фермераў выкліканыя нежаданнем «плаціць за забруджванне планеты». А амерыканскі часопіс «Foreign Policy» дык наагул піша, нібыта нямецкія фермеры не маюць на што скардзіцца, бо сярэдні даход у іх каля 82 тысяч еўраў за год, і гэта толькі ад сельскагаспадарчай дзейнасці.
Ці праўда немцы бедныя?
На БТ цытуюць калумніста амерыканскага «Bloomberg», які заяўляе, што Нямеччына – багатая, але немцы – бедныя і злыя. Праўда, піша ён не пра злосць ад таго, што ўлады аддаюць грошы немцаў Украіне, а пра няроўнае размеркаванне багаццяў, інфляцыю, праблемы з інфраструктураю, страту таннага расейскага газу, патрэбу рэфармаваць падатковую сістэму, праблемы з бюджэтам праз спрэчку пра скіраванне нявыкарыстаных на барацьбу з пандэміяй сродкаў на кліматычныя інвестыцыі (апошняе звязанае з «культам чорнага нуля» – моцным нежаданнем нямецкіх палітыкаў пазычаць грошы і мець дэфіцыт бюджэту).
Праблемы ў нямецкай эканоміцы сапраўды ёсць, у 2024 годзе рост валавога ўнутранага прадукту можа скласці менш за 1 % пры прагнозе ўраду 1,3 %. Пра гэта не саромеюцца пісаць ні нямецкія выданні, як, напрыклад, «Der Tagesspiegel» і «Deutsche Welle», ні замежныя адносна Нямеччыны медыі, як брытанскія «Reuters» і «Financial Times».
Тым часам на беларускім дзяржаўным тэлебачанні пра эканамічныя праблемы самой Беларусі не расказваюць.
Дый «немцы бедныя» – спрэчная заява, бо багацце і беднасць – паняткі адносныя. Напрыклад, можна лічыць валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва, паводле якога Нямеччына – на 18–20 месцы на свеце, у сем разоў багацейшая за Беларусь у абсалютных лічбах і ў 2,75 разу багацейшая, калі лічыць паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (праўда, паказнік ВУП псуе Ірландыя, дзе плацяць падаткі шмат якія міжнародныя карпарацыі).
Можна паспрабаваць палічыць чыстае багацце на чалавека – паводле падлікаў швейцарскага банку UBS, медыянны немец – на 30‑м месцы ў свеце і ў 3,6 разу багацейшы за медыяннага беларуса (але гэты рэйтынг не адлюстроўвае кошту жыцця ў краіне). Можна глядзець на Індэкс чалавечага развіцця, які ўлічвае працягласць жыцця, якасць адукацыі і прыбытак, дык там Нямеччына – на 9‑м месцы ў свеце, а Беларусь – на 60‑м.
Навошта БТ такое распавядае?
Старэйшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі кажа «Белсату», што сюжэты пра кепскае жыццё і пратэсты на Захадзе развязваюць некалькі заданняў.
Па-першае, так можна паказаць, што «ў нас не ўсё кепска», наадварот, «мы астравок стабільнасці», а гарант гэтай стабільнасці – Аляксандр Лукашэнка. Гэты прыём выкарыстоўвалі даўно: калі ў Беларусі заклікалі змагацца з ковідам «трактарамі і хакеем», дык паказвалі, што Еўропа памылілася, «спыніўшы эканоміку»; калі разганялі пратэсты – «а іначай у нас было б, як ва Украіне».
Калі адмыслова адбіраюць факты і параўноўваць непараўнальнае, можа атрымлівацца маніпуляцыя, не відавочная для ўсёй аўдыторыі.
Напрыклад, каб праверыць заяву, што «ў нас медыцына бясплатная, а ў іх платная», трэба разумець, што ў Беларусі «бясплатная медыцына» не бясплатная, а за падаткі насельніцтва, у той час як шмат дзе на Захадзе платная медыцына пакрываецца абавязковым страхаваннем і ў выніку атрымліваецца такой жа «бясплатнай», як у Беларусі. А каб зразумець, чаму ў Беларусі рост ВУП большы, чым у Нямеччыне, трэба глыбока разбірацца ў эканоміцы і ў тым, як у Беларусі нарошчваюць гэты паказнік з нізкай базы: у 2022 годзе ВУП Беларусі ўпаў на 4,4 %, а тут аднавіўся на 3,8 % – мы не вярнуліся да ўзроўню 2021 года.
Па-другое, можна паказаць, што заходняя дапамога Украіне ў змаганні з расейскай агрэсіяй (якую Лукашэнка падтрымаў) пагаршае якасць жыцця еўрапейцаў. Часцей за ўсё пратэсты на Захадзе адбываюцца супраць непапулярных дзеянняў нацыянальных уладаў або еўракамісараў. Але да любога пратэсту ці пагаршэння жыцця можна амаль без хлусні прывязаць заяву, што «пратэстуюць супраць антынароднай пазіцыі ўраду, які падтрымлівае Украіну».
Сітуацыя ў сусветнай эканоміцы насамрэч нездаровая. І сапраўды ёсць тыя, хто мяркуе, што дапамога Украіне толькі зацягвае вайну (апусціўшы пытанне, хто выйграе, калі вайна сама сабою сцішыцца без падтрымання саюзнікамі Украіны), ці тыя, хто думае, што, аддаўшы сваю зброю Украіне, дзяржава-донар застанецца без зброі і будзе вымушаная вырабляць новую (не звярнуўшы ўвагі на тое, што краіны ўзбройваюцца, бо ў новай сітуацыі адчуваюць сябе ў небяспецы).
«Для аўдыторыі БТ гэта даволі важна, бо калі гэтыя людзі давяраюць уладам ці лаяльна да іх ставяцца, ім таксама трэба нейкае абгрунтаванне, чаму гэта ўсё так, – адзначае Быкоўскі. – І калі гэтыя рэчы паўтараюцца часта, гэта працуе».
Прапаганда можа пераканаць таксама неангажаваную публіку, гатовую «выслухаць абодва бакі». Але і на нязгодных з Лукашэнкам прагляд такіх сюжэтаў можа ў пэўнай ступені падзеяць: дэмаралізаваць і дэмабілізаваць. Прапаганда імкнецца паказаць, што «праўду ўсё роўна даведацца немагчыма», а значыць, і не трэба спрабаваць разабрацца, што адбываецца насамрэч, лепей трымацца лініі свайго начальства.
Ды наратыў «у іх кепска і пратэсты, бо яны падтрымліваюць Украіну», далёка не галоўны ў дзяржаўных медыях. «MediaIQ» у маніторынгу прапаганды і маніпуляцыі за студзень – лістапад 2023 года вылучыла такія найчасцейшыя наратывы: «у Беларусі дзяржава працуе добра», «калектыўны Захад – злы і заганны вораг», «праблемы Беларусі выкліканыя вонкавымі ворагамі».
Чытайце яшчэ:
БАЖ пачаў маніторынг прарасійскай прапаганды на дзяржтэлеканалах Беларусі
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў
«Защиты не предусмотрено» и «мордой в пол». Белорусский юрист и иностранные журналисты обсудили, как за ними следят