• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Для Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч абвінавачанне запатрабавала па шэсць гадоў пазбаўлення волі

    Падчас спрэчкі бакоў 14 ліпеня на працэсе па справе гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі і юрысткі Юліі Юргілевіч прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў для фігурантаў вялізныя тэрміны. У тым ліку — за разгалошванне інфармацыі пра суд над мастаком-палітвязнем Алесем Пушкіным, які днямі памёр у зняволенні.   

    Дзяржабвінаваўца звярнуўся да Гродзенскага абласнога суда з просьбай пакараць Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч 6 гадамі пазбаўлення волі кожнага з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі. «Апошняе слова» падсудных і, з вялікай доляй верагоднасці, прысуд будуць агучаныя 20 ліпеня.

    З улікам, што на працэс прызначаны «ўдарнік» палітычных спраў суддзя Максім Філатаў, які сярод іншага выправіў, як потым аказалася, на смерць дэмакратычнага актывіста Вітольда Ашурка, спадзявацца на змякчэнне пакарання наўрад ці выпадае.

    Вядомага журналіста і пазбаўленую ліцэнзіі адвакатку абвінавачваюць на падставе ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове».

    Згодна з матэрыяламі справы, Павел Мажэйка ў змове з Юліяй Юргілевіч ад лютага па сакавік 2022 года перадаў «нявызначаным асобам» для размяшчэння на інтэрнэт-пляцоўках тэлеканала «Белсат» атрыманую ад юрысткі інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі і, як вынік, выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў. 

    Другім эпізодам фігуруе разгляд у Мінскім гарадскім судзе крымінальнай справы ў дачыненні да мастака Алеся Пушкіна. Пры тым, што працэс пачынаўся як адкрыты і толькі пасля «ляжачага» дэмаршу мастака астатнія пасяджэнні перавялі ў закрыты фармат. Нагадаем, 11 ліпеня 2023 года Алесь Пушкін памёр у шпіталі пасля неаказання яму своечасовай медыцынскай дапамогі ў турме Гродна. 

    Тым не менш, абвінавачанне настойвае на «фактах злачынства»: маўляў, перададзеныя звесткі былі апублікаваныя ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ўдзельнікамі арганізацыі «Белсат», забяспечыўшы доступ да названай інфармацыі неабмежаванаму колу асоб.

    Адпаведна, паводле следства, Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч «групай асоб паводле папярэдняй змовы» аказалі садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, загадзя накіраванай на «планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь шляхам распаўсюду заведама фальшывых звестак».

    Павел Мажэйка — журналіст, культурніцкі менеджар, кіраўнік гродзенскай адукацыйна-культурнай пляцоўкі «Цэнтр гарадскога жыцця». Яго затрымалі ў жніўні 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. У кватэры сям’і і ягоных бацькоў сілавікі ўчынілі ператрусы. Працяглы час не было вядома, што дакладна яму інкрымінуюць — з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Толькі ў сакавіку 2023 года ўлады абвясцілі, што прычынай — нібыта «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса).

    Юлія Юргілевіч — вопытная  адвакатка, яе стаж складае 18 гадоў. Выглядае, што паплацілася якраз за тое, што прадстаўляла інтарэсы вядомых палітычных вязняў. У іх ліку — Алесь Пушкін, Арцём Баярскі, Ігар Банцар, Андрэй Аўсіевіч, Андрэй Сакалоўскі ды іншыя. Цяпер у статусе палітзняволенай знаходзіцца сама. Летась 23 лютага яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». За кратамі яна таксама са жніўня мінулага года.

    Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч катэгарычна адмаўляюць віну, яшчэ да суда адмовіліся даваць паказанні.

    Вядома, што на працэс абодвух дастаўляюць у кайданках, здымаюць іх з вязняў толькі ў шкляной клетцы. Пры гэтым выглядае, што юрыстку за невядомыя «правіны» трымаюць у карцыры, бо яна апранутая ў адпаведную робу. 

    Чытайце яшчэ: 

    «Фотография — это почти всегда неправда». Сергей Михаленко о роли искусственного интеллекта

    49-гадовы міністр інфармацыі Пярцоў: Не ведаю, дзе Захаранка і Красоўскі, мяне ў той час не было на свеце 

    Вакансія SMM-рэдактара ў YouTube-канале «Жыццё-маліна»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці