«Даярка з Хацапетаўкі» абагнала Эйсманта. Што найбольш глядзелі на ТБ у студзені
Кампанія «Медыяметр» апублікавала справаздачу пра тэлеглядзенне за студзень (гэта статыстыка збіраецца з дапамогай прыбораў, якія ставяцца ў невялікага працэнта насельніцтва (650 сем'яў), і пасля экстрапалюецца на краіну).
Калі верыць ёй, то штодзень тэлевізар уключае 61% насельніцтва. Тэлеканалы АНТ, «Беларусь 1», «Расія-Беларусь», «НТБ-Беларусь» штодня ўключае чвэрць насельніцтва.
Сярод аўдыторыі 60,5% — жанчыны. Калі глядзець узрост, то 31,1% тэлегледачоў — 35–54 гады, 19,9% — 54–65 гадоў, 29,8% — старэйшыя за 65.
Самымі папулярнымі перадачамі студзеня сталі расійскія «Песні ад усёй душы», «60 год на сцэне. Юбілейная праграма Яўгена Петрасяна» і «Прывет, Андрэй!» (забаўляльнае вечаровае шоу, куды прыходзяць расійскія зоркі).
З беларускіх праграм у топ-15 увайшлі толькі тры — «Плюс-мінус. Надвор’е на тыдзень» (на канале «Расія-Беларусь»), «Фактар.бай» («Беларусь 1») і «Навіны» (АНТ).
Апошнія дзве абагнаў нават расійскі серыял «Даярка з Хацапетаўкі».
Паказальна, што расійскія навіны глядзяць ахвотней за беларускія. А аўтарскія перадачы Азаронка, Тура і іншых прапагандыстаў нават не трапілі ў топ.
Калі глядзець самыя папулярныя праграмы на асобных каналах, то беларускіх яшчэ меней — толькі на «Беларусь 1» лідзіруе «Фактар.бай» (музычнае рэаліці-шоу тыпу «Х‑Фактара»). На астатніх у топе або расійскія серыялы, або расійскія навіны.
Чытайце яшчэ:
Былы тэлевядучы расказаў, каго КДБ прасоўваў на «Песню года Беларусі»
«Дочкі-маткі». Пра сэкс, адукацыю, прыгажосць і працу — дзве журналісткі з Гродна стварылі падкаст, каб расказваць пра канфлікт пакаленняў
«Вялікі крызіс жанру». Рэдакцыя «Белсату» адказала на прапагандысцкі сюжэт БТ