«Вялікі крызіс жанру». Рэдакцыя «Белсату» адказала на прапагандысцкі сюжэт БТ
8 лютага ў праекце БТ «ИЗНАНКА. Первый независимый» выйшаў «выкрывальны» сюжэт пра працу незалежнага тэлеканала «Белсат». Вядучая Кацярына Ціхамірава распавядае «пра брудныя метады працы экстрэмісцкага рэсурса».
Аўтары фільма расказалі пра бюджэт тэлеканала, абвінавацілі яго дырэктарку ў сувязях з польскім урадам, выклалі звесткі пра прыватнае жыццё супрацоўнікаў. А таксама распавялі, быццам тэлеканал «кідае» тых, хто дасылае туды інфармацыю, не захоўваючы іх ананімнасць. Для гэтага зрабілі званок на «Белсат» і паразмаўлялі з рэдактарамі. Адзначым, што змест размовы не дазваляе пацвердзіць высновы журналістаў БТ.
«Белсат» апублікаваў артыкул, у якім адказаў на абвінавачанні дзяржтэлебачання. Тэкст гэтага адказа мы прыводзім ніжэй.
«Вось ужо некалькі тыдняў дзяржаўныя прапагандысты чакаюць смерці тэлеканалу «Белсат», што горача абмяркоўваюць у праўладных тэлеграм-каналах. Не прычакаўшы, выпусцілі чарговы «выкрывальны» сюжэт пра нашую працу. Нічога новага, праўда, не расказалі. Але затое цяпер усе ведаюць: прапагандысты ўмеюць датэлефаноўвацца ў Польшчу. Каб вы не гублялі свайго часу, згадваем асноўныя моманты і выкрываем хлусню.
Два тыдні таму рэдактарцы сайту «Белсат» Вользе Ярохінай патэлефанавалі з беларускага нумару. Суразмоўніца адмовілася размаўляць па-беларуску, таму дыялог ішоў па-англійску. Дзяўчына блытана прасіла выдаліць спачатку відэа, а пазней – артыкул з ёй. Але што менавіта за публікацыя, якія ў яе праблемы і хто яна наогул такая – так і не сказала. Падобны званок з беларускага нумару атрымаў і намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.
Ужо тады ў рэдакцыі зразумелі, што за гэтымі тэлефанаваннямі стаяць прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання. І вось нарэшце мы дачакаліся – увечары 8 лютага на БТ выйшаў сюжэт пра тэлеканал «Белсат».
Прапагандысты паспрабавалі зляпіць хоць нешта з таго, што мелі: старыя відэа і запісы, здабытыя з тэлефонаў нашых затрыманых калег (частку з якіх ужо рабілі публічнымі), ці ўсім вядомыя факты з біяграфіі дырэкцыі тэлеканалу. Адзінае новае – тэлефонныя званкі з Беларусі ў Варшаву. Але выдаткаваныя на гэта сродкі былі змарнаваныя:
«Я не згаджаюся, што прапанова паразмаўляць па-беларуску была «невыразная». Я пералічыла мовы, на якіх я размаўляю, жанчына абрала англійскую. Насамрэч бэтэшнікі паказалі, што мы гатовыя выдаляць матэрыялы, калі нас пра гэта просяць. Сумняюся, што рэдакцыя, якая гатовая выдаліць нешта, чамусьці не прытрымліваецца ананімнасці. Таму яны самі сябе і дыскрэдытуюць, – каментуе сюжэт рэдактарка Вольга Ярохіна. – Зноў жа, яны папрасілі кагосьці патэлефанаваць і спытаць пра штосьці. Хто гэта быў? Журналістка БТ? Калі размаўляць пра стандарты, то паводле іх нельга распаўсюджваць асабістых звестак без згоды чалавека. У маім выпадку асабістыя звесткі былі часткова раскрытыя – пададзеныя вуліца і нумар дому, а таксама дата выдачы пашпарту. Адказваю на заяву прапагандысткі БТ: «Спадарыня Ярохіна ведае, што ў яе беларускае грамадзянства». Калі дзеля гэтага быў зроблены сюжэт, то шкада патрачаных грошай беларускіх падаткаплатнікаў».
Чаму такі сюжэт выйшаў цяпер – зразумець можна. Тэлеканал «Белсат» трапіў у вір перафарматавання дзяржаўнага тэлебачання ў Польшчы. Прапагандысты вышукваюць паведамленні ў польскіх медыях і хоць нейкія намёкі на смерць тэлеканалу. Аднак, не знаходзячы іх, перакручваюць каментары польскіх палітыкаў адносна «Белсату». Так, у нейкіх словах прапагандысты ўгледзелі, што тэлеканал перастане быць беларускамоўным і ўвогуле будзе закрыты. Аднак «Белсат» як рабіў навіны па-беларуску для беларусаў, так і працягне гэта рабіць.
Адна з галоўных мэтаў сюжэту – запужаць людзей, каб яны не глядзелі і не чыталі «Белсат», аніяк з ім не супрацоўнічалі. Гэта ўпісваецца ў агульны трэнд запалохвання беларускага грамадства і спробаў адсекчы яго ад праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне і побач з ёй. Аднак «Белсат», як і раней, ставіць на першае месца бяспеку сваіх чытачоў і гледачоў.
«На маю думку, у БТ вялікі крызіс жанру. Я паглядзела перад гэтым усё выданне «Панарамы». Што я, як грамадзянка РБ, даведалася: на Захадзе крызіс, усе бастуюць, у Беларусі добрыя куры, Лукашэнка маладзец, паехаў у камандзіроўку, а амерыканскі журналіст узяў інтэрв’ю ў Пуціна. Раю беларускаму гледачу пераходзіць на «Белсат», тым больш, што глядзець яго не забараняецца – праз спадарожнік, праз YouTube, чытаць можна на люстэрку ці выкарыстоўваючы VPN. Нягледзячы на тое, што журналістаў «Белсату» няма ў Беларусі, мы падаем больш шырокую інфармацыйную карціну», – кажа Вольга Ярохіна.
У сюжэце БТ таксама даюцца памеры выдаткаў тэлеканалу за дзесяць гадоў. Прапагандысты кажуць пра лічбы як пра сенсацыю, але ў людзей, якія працуюць у сферы медыяў і тэлебачання, гэта выклікае толькі здзіўленне: як наогул за такія грошы можна рабіць тэлебачанне.
«Навошта пра «Белсат»? Магчыма, таму, што мы прафесійна выконваем свае абавязкі за значна, значна меншыя грошы, чым аграменная махіна «Белтэлерадыёкампаніі». Магчыма, яны зайздросцяць, і, акрамя як нагадаць рэдактару пра ягонае грамадзянства ў прайм-тайм, сказаць ім няма чаго», – рэзюмавала Вольга Ярохіна.
Тое, наколькі рэжым баіцца «Белсату», паказваюць простыя факты. Менавіта «Белсат» адным з першых беларускіх медыяў быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Менавіта нашыя журналісты правялі ў Беларусі апошні стрым, які адбыўся з плошчы Пераменаў і за які ўлады жорстка адпомсцілі нашым калегам – Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. У Беларусі ў няволі цяпер афіцыйна застаюцца 35 прадстаўнікоў медыяў, і траціна з іх – журналісты «Белсату».
Чытайце яшчэ:
Битва за телевизор. Как в Польше сменили власть на «первой кнопке»
МИД Польши намерен продолжать финансирование «Белсата»
Сярод абвінавачаных за «здраду дзяржаве» — шасцёра журналістаў і блогераў. Хто яны?