• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Юры Каліна

    Да 15-годдзя «Белсату». Гутарка з журналістамі, якія з самага пачатку працуюць на тэлеканале.


    – Спадар Юры, вы сярод нарадзінцаў Польшчы, супрацоўнікаў «Белсату», найбольш блізкі да Беларусі паводле месца нараджэння.

    – Так, я з Беласточчыны, з Падляшша, з беларускай нацыянальнай меншасцi. Мая вёска называецца Кашалі, гэта 20 кіламетраў ад беларускай мяжы. Побач Белавежская пушча, Бельск-Падляскі, Гайнаўка, Белавежа. На тэлебачанні працую амаль 30 гадоў, пасля сканчэння Беластоцкага ўніверсітэту. Паводле спецыяльнасці я настаўнік гісторыі, але фактычна адразу пачаў працу на тэлебачанні. Так склалася, што акурат тады арганізавалі Беластоцкі аддзел польскага тэлебачання. Такіх аддзелаў цяпер у Польшчы 16. Але мы яшчэ да ўзнікнення гэтага аддзелу дамагаліся, каб у Беластоку паўсталі беларускамоўныя праграмы. І мы іх пачыналі рабіць яшчэ раней, калі тут быў карэспандэнцкі пункт Варшаўскага цэнтру тэлебачання ў Беластоку. Называлася першая праграма «Kuri­er Kre­sowy. Wydanie Białoruskie». Гэта былі проста такія замалёўкі з мясцовага беларускага жыцця.

    Юры Каліна – кіраўнік рэгіянальнай рэдакцыі «Белсат ТБ» у Беластоку. Аўтар больш як ста рэпартажаў і дакументальных фільмаў, знятых у дзясятках краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: «Чарнобыльцы», «Ад мору і голаду», «Пагоня за праўдаю», «Апошні дыктатар Еўропы», «Балада пра Меляшкі», «Партызанская школа», «Місія», «Архімандрыт», «Сейбіт», «Сярожа», «Бежанцы 1915–1922». Уладальнік узнагародаў на кінафестывалях у Польшчы, Беларусі, Украіне, Расеі, Арменіі, Грузіі, Аўстрыі, Чэхіі, Славаччыне, Партугаліі, Вялікай Брытаніі, Мексіцы.

    Нарадзіўся ў 1967 г. у вёсцы Кашалі Падляскага ваяводства Польшчы. Публіцыст, рэжысёр дакументальных фільмаў. 29 гадоў звязаны з тэлебачаннем.

    Калі ўзнiк Беластоцкі аддзел польскага тэлебачання я перайшoў туды на працу. Пачаў больш здымаць пра беларусаў Падляшша, таксама шмат ездзіў у Беларусь. Я зняў фільм, які называўся «Апошні дыктатар Еўропы». Яго паказала польскае тэлебачанне, Першы канал у прайм-тайме. І на другі дзень мне Павел Латушка, які быў тады амбасадарам Беларусі ў Польшчы, сказаў: «Ну сам ты гэтага хацеў. Цяпер ты персона нон грата». І пяць гадоў мяне не ўпускалі ў Беларусь.

    – Я так разумею, што калі ўзнікла думка стварэння «Белсату» і пачаліся ўпэўненыя рухі для рэалізацыі гэтай ідэі, пра вас не маглі не згадаць.

    – Да нас звярнуліся рэдактары з Варшавы, таксама спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы – , і было гэта яшчэ ў 2005 годзе. Маўляў, давайце будзем нешта супольна рабіць у гэтым кірунку. Адразу ўзнікла ідэя, што паколькі ў Беластоку ёсць людзі, якія валодаюць журналісцкім рамяством у тэлебачанні, якія ведаюць мову, маюць кантакты з Беларуссю, то тут трэба арганізаваць рэдакцыю, якая будзе мець свае задачы, свае праграмы. І мяне запрасілі стаць арганізатарам і кіраўніком гэтай рэдакцыі. А паколькі я раней займаўся рэпартажам, то пачаў курыраваць гэтую частку эфіру «Белсату». Ну а пасля мы прыдумалі праграму «Рэпартэр», якая складалася з кароткіх рэпартажаў. Кірыл Смяглікаў, Сяргей Пеляса, Аня Галёта і іншыя былі ў ёй занятыя. Узнiклi iншыя праграмы: «Без рэтушы», «Беларускi свет», «Трэба пагаварыць»…

    Важная частка таго, што мы робім тут у рэдакцыі ў Беластоку, – гэта агучванне ўсіх замежных праграмаў, якія паказваюцца на «Белсаце». Займаемся таксама польскім пытаннем. Ёсць такая праграма «Над Нёмнам», гэта менавіта пра палякаў на Гарадзеншчыне і наагул у Беларусі.

    – Ці можна параўнаць хоць умоўна «Белсат» 15-гадовай даўніны і сённяшні?

    – Не, не, не, гэта абсалютна розныя рэчы. Мы пачыналі са звычайнага класічнага тэлебачання. Тады, 15 ці 17 гадоў таму, немагчыма было рабіць сённяшняе тэлебачанне. Не было належнага інтэрнэту. Нам людзі з Горадні ці Менску перасылалі касеты цягніком або аўтобусам. Альбо хтосьці адмыслова ехаў і мусіў фізічна прывезці запісаны матэрыял. «Белсат» цяпер – гэта інфармацыйная прастора, а дзякуючы сацыяльным медыям распаўсюджваецца кантэнт, які робяць журналісты тэлеканалу.

    – Зразумела, што «Белсат» развіваецца з часам: некаторыя праграмы пачынаюцца, іншыя закрываюцца. Людзі прыходзяць і сыходзяць. Гэта жыццё. Але як удасканальваўся «Белсат» прафесійна, ці змянілася ў лепшы бок эфектыўнасць працы і тое, што выходзіць, – акрамя аб’ёму прадукцыі і колькасці людзей у штаце? Цяпер у «ньюсах» працуюць ужо і ўкраінцы, і расейцы. Наколькі ўзровень каналу, на ваш погляд, павысіўся?

    – Я тут выкажу, можа, не вельмі папулярную, але сваю ўласную тэзу. Як чалавек усё ж, вобразна кажучы, старадаўняга падыходу да гэтага пытання, я прывык да стандартаў тэлебачання пачатку 2000 гадоў. Найперш, вельмі грунтоўная падрыхтоўка тэмы і яе давядзенне да гатовага матэрыялу. На жаль, гэты ўзровень толькі паніжаецца. Цяпер ужо менш важна, ці прыгожы гэты кадр, ці выстаўленыя ўсе балансы правільна, ці прафесійна скадраваны чалавек, ці добры гук запісаны на мікрафон, а не на знешні мікрафон камеры. Цяпер усё трэба хутка, сенсацыйна, трэба зацікавіць як мага большую колькасць людзей, якая, па вялікім рахунку, не надта разбіраецца ў якасці карцінкі. І прадукт ацэньваецца перш за ўсё праз прагляды.

    Я прывык да таго, што ўсё трэба зрабіць акуратна, не абавязкова хутка, але нязменна добра. Добра, што нашае тэлебачанне ўсё ж надае крыху ўвагі класічнай школе. Што знаходзіцца бюджэт і на дакументальнае кіно, на добрыя канцэрты на высокім узроўні, якія мусяць добра каштаваць. Гэта застанецца для гісторыі.

    – Якая, на вашую думку, будучыня ў «Белсату»? Ён паедзе ў Беларусь пад гэтай назваю, ці распадзецца на больш дробныя каналы і зменіць назву?

    – Хоць мае сябры лічаць мяне песімістам, але я называю сябе рэалістам. Я працую як журналіст у беларускім кірунку ўжо амаль 30 гадоў: не толькі як тэлевізійны журналіст, але і на радыё, і ў прэсе, і шмат чаго ведаю пра тое, што адбывалася ў Беларусі на працягу гэтых дзесяцігоддзяў. Я не спадзяюся, што вызваленне Беларусі і Расеі наступіць хутка і што гэтыя краіны зробяцца дэмакратычнымі дзяржавамі неўзабаве. Але дзякуючы нашай працы Беларусь можа атрымаць гатовае незалежнае тэлебачанне, падрыхтаваных прафесіяналаў: журналістаў, аператараў, мантажыстаў. Гэта вялізная каштоўнасць.

    Акрамя таго, Беларусь, дзякуючы нашай працы на працягу гэтых 15 гадоў, ужо мае вельмі вялікі набытак з нашых праграмаў, дакументальных фільмаў, музычных шоу. У будучыні гэта можа быць фондам нацыянальнай беларускай культуры, якім можна было б карыстацца, паказваць нашчадкам.

    Асабіста я хацеў бы яшчэ таксама паехаць у Беларусь, дзе жывуць і мае сваякі, і жончыны. Хацеў бы накіравацца таксама ў Расею, ва Украіну – адназначна. Ва Украіне я бываў, можа, разоў трыццаць – ездзіў, маю сяброў ува ўсіх рэгіёнах. Я туды ездзіў і як журналіст, і як прыватная асоба, і як паломнік. Калі гэтая частка свету павернецца ў бок дэмакратыі, то і Беларусь безумоўна стане дэмакратычнай краінаю.

    Чытаць яшчэ: 

    “Будьте осторожны с теми, кто хочет сделать вам смешно!” Как карикатура в медиа влияет на белорусскую аудиторию

    Гайд па беларускім відэакантэнце: ад навін пра вайну да ролікаў пра якасць сексу

    «Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці