Гайд па беларускім відэакантэнце: ад навін пра вайну да ролікаў пра якасць сексу
Пасля 2020 года і рэпрэсій, якія ўдарылі і па СМІ, і па блогерах, медыяполе Беларусі змянілася кардынальна. У гэтым гайдзе Беларуская асацыяцыя журналістаў сабрала відэакантэнт, які робяць як «старыя» і ўсім вядомыя медыя, так і новыя, што ўзніклі пасля 2020 года. А таксама блогерскія каналы, яны хоць і не маюць 50 тысячаў падпісантаў, але дакладна вартыя вашай увагі.
Зазначым, што пасля 2020 года ў Беларусі пачаў з’яўляцца розны відэакантэнт, але ж да сёння дажыў не ўвесь: некаторыя проста перасталі функцыянаваць. І прычыны гэтаму, канешне, вядомыя, бадай, кожнаму беларусу.
Медыя, якія існавалі і да 2020 года
БЕЛСАТ NEWS
Тэлеканалу «Белсат» праз тыдзень — 15 гадоў. Асноўны ютуб-канал, на якім кажуць пра беларускі парадак дня — БЕЛСАТ NEWS.
У месяц на гэтай пляцоўцы публікуецца каля 100 ролікаў: акрамя штодзённай навінавай праграмы «Абʼектыў», «Белсат» выпускае пяціхвілінныя флэш-навіны з аглядам асноўных падзей дня; выходзіць у эфір са студыі ў Варшаве і гаворыць з экспертамі на вострыя тэмы; выпускае інтэрвʼю і некалькі праграм на палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя тэмы.
Самым папулярным відэа за ўвесь час існавання канала БЕЛСАТ NEWS зʼяўляецца фільм – расследаванне пра эскадроны смерці, якія знішчалі апанентаў Лукашэнкі. У фільма 2,9 млн праглядаў.
У сярэднім жа адно відэа збірае каля 48 тысяч праглядаў, пры гэтым аўдыторыя БЕЛСАТ NEWS – 480 тысяч падпісчыкаў.
Самае папулярнае відэа апошняга месяца называецца “Расейскія жаўнеры застрэлілі беларуса ў Баранавічах?”. Гэта выпуск са студыі ў Варшаве. Акрамя ўжо гатовых сюжэтаў, вядоўца ў прамым эфіры размаўляе са спікерамі і экспертамі. Відавочна, што ўвагу гледача прыцягнула тэма пра тое, ці сапраўды расейцы забілі беларуса.
У выпуску – больш за 199 тысяч праглядаў і 208 каментароў.
У сярэднім адзін ролік на БЕЛСАТ NEWS набірае крыху больш за 100 каментароў.
Больш папулярны YouTube-канал «Белсата» — расейскамоўны «Вот так», які мае 974 тысяч падпісчыкаў, аднак беларускі парадак дня ў ім не на першым і нават не на другім месцы. І такая колькасць падпісантаў, канешне ж, абумоўленая шырэйшай, чым беларуская, аўдыторыяй – канал распавядае пра падзеі ў Расіі і Украіне.
Забаўляльны, сатырычны, публіцыстычны кантэнт «Белсат» публікуе на канале Belsat Life — там каля 14 тысяч падпісантаў.
А дакументальныя фільмы і рэпартажы – на БЕЛСАТ DOC, тут каля 9 тысяч падпісчыкаў. Апошні фільм — пра стварэнне Вольнага хору «Галасы».
Нядаўна «Белсат» запусціў жаночае ток-шоу «Трэба пагаварыць», якое вядуць журналісткі Марыя Грыц і Кацярына Ваданосава і акцёрка Крысціна Дробыш. Дзяўчыны разам з гасцямі ў студыі абмяркоўваць рознае: рэпрэсіі, дыскрымінацыю беларусаў, секс, гадаванне дзяцей падчас вайны.
Напрыклад, у студыю прыходзіла сястра забітага Рамана Бандарэнкі, вядоўцы разам з ёй разважалі, як радавацца жыццю, калі побач толькі катастрофы ды боль.
Мяркуючы па колькасці праглядаў на YouTube, папулярнай белсатаўскай праграмай сталі «Ваяры» — гэта відэагісторыі беларускіх добраахвотнікаў. 90 тыс. праглядаў у гісторыі пра каліноўца Ваўкалака з батальёна «Волат».
Пад некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў у «Фельетонаў Лупача». Зміцер Лупач — журналіст з Глыбокага, цяпер ён, вядома ж, у эміграцыі. Зміцер вам раскажа, і як адбіцца ад лукашыстаў у «Одноклассниках», і пра лазню, якую ўзарвалі ў Шаркаўшчыне, і пра абрад, які беларускія вядзьмаркі правялі для Лукашэнкі. Увогуле, тэмы тут вельмі розныя.
Папулярнае ток-шоу «Белсата» — «План Б» з журналістам Яўгенам Валошыным. Гэта аналітычная праграма, у якой вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы вымушаныя адказваць на нязручныя пытанні ў студыі. Фармат ток-шоу: у студыі акрамя вядоўцы і спікераў — госці.
Выпускі за лістапад набіралі па 70 тысяч праглядаў. У іх аналізавалі магчымасць новых страйкаў у Беларусі, гаварылі пра тое, што чакае Лукашэнку, і ўспаміналі лёс іншых дыктатараў.
Шмат увагі тэлеканал надае беларускай гісторыі. На YouTube БЕЛСАТ HISTORY — 26,6 тысяч падпісчыкаў. Відэа з гісторыкам Цімохам Акудовічам выходзяць рэгулярна раз на тыдзень і набіраюць у сярэднім каля 2–3 тысяч праглядаў.
Увесь кантэнт «Белсата», пра які мы напісалі, акрамя «Вот так», выходзіць на беларускай мове.
На рускай «Белсат» выпускае мультфільмы. Калі стаміліся ад жорсткай рэальнасці, можаце акунуцца ў свет жорсткай анімацыі. Канал «Жэстачайшы мульт» мае амаль 55 тысяч падпісчыкаў.
Самы папулярны эпізод — пра тое, як Ярмошына раскахала Лукашэнку. 840 тысяч праглядаў трагічнай любоўнай гісторыі.
Сярэдняя ж колькасць праглядаў — каля 50 тысяч, хоць ёсць мульты, што набралі і больш за 200 тысяч: пра Пуціна і вайну, напрыклад.
Развівае «Белсат» і TikTok. Цяпер там крыху больш за 27 тысяч падпісчыкаў. Праўда, кантэнт нельга назваць арыгінальным —гэта тыя ж ролікі, толькі скарочаныя, якія можна паглядзець на YouTube.
«Зеркало»
Гэты YouTube-канал быў створаны ў лютым 2020 года рэдакцыяй Tut.by і пасля яго закрыцця перайшоў да каманды «Зеркала».
Падпісантаў тут 188 тысяч, а вось адно відэа ў сярэднім набірае амаль 161 тысячу праглядаў.
Кожныя два дні публікуецца ролік у рубрыцы «Сейчас объясним», дзе распавядаецца хоць і не пра «набалелае», але ж пра тое, што хвалюе і цікавіць большасць беларусаў.
Самым папулярным відэа апошняга месяца стала «У Беларусі ёсць новая зброя?» пра тое, якое ўзбраенне нядаўна прадэманстравалі беларускія вайскоўцы і чаму яно можа вас здзівіць.
Відэа сабрала 695 тысяч праглядаў за два тыдні.
Праўда, больш такіх крутых паказчыкаў на канале няма. Хоць і меншыя лічбы ўражваюць. Вось, напрыклад, ролік пра тое, як Лукашэнка крычыць на ўсіх запар, у тым ліку і на прэмʼер-міністра Арменіі, за тры тыдні сабраў крыху больш за 250 тысяч праглядаў.
За апошні месяц «Зеркало» апублікавала 11 відэаролікаў.
У Тiktok «Зеркало» гавораць, як пазначана ў апісанні, «пра Беларусь без цэнзуры».
Вядоўца коратка расказвае пра самае рознае. А відэа пра вёску вампіраў ці могілкі ў Брэсцкай вобласці набрала больш за 420 тысяч праглядаў. За 13 гадзін!
«Зеркало» робіць расейскамоўны кантэнт.
«Наша Ніва»
YouTube першай беларускай газеты з малюнкамі створаны менш за год таму — у студзені 2022 года.
Тут 6 тысяч падпісчыкаў. Тэмп — досыць актыўны, відэа з’яўляецца на канале штодня (34 ролікі за месяц). Рэкорды праглядаў б’е відэа пра смерць Макея: «Что известно про смерть Макея: причины смерти, биография министра». Менш чым за суткі — больш за 100 тысяч праглядаў.
У сярэднім жа адзін выпуск набірае каля 7 тысяч праглядаў. Але ж і тут не без выключэнняў: трапіў у трэды — і праглядаў у разы больш!
Як, напрыклад, з ролікам пра легендаў беларускага року і іх лёс цяпер — 12 тысяч праглядаў.
А вось пра беларусаў — выпускнікоў расійскай «Фабрики звёзд» ніхто глядзець не захацеў і відэа не набрала і 1 тысячы праглядаў.
Мабыць, самы папулярны відэафармат, што робіць «Наша Ніва», — праграма «Ток», якую вядзе дырэктарка «НН» і журналістка Настасся Роўда.
У «Ток» – асобны YouTube і амаль 32 тысячы падпісчыкаў, а відэа ў сярэднім набірае 30 тысяч праглядаў. Ёсць і выключэнні.
Інтэрв’ю з журналістам «Белсата» Дзянісам Дудзінскім, які працаваў ва Украіне пасля пачатку вайны, набрала 106 тысяч праглядаў. А самае папулярнае інтэрв’ю — з палітолагам Арцёмам Шрайбманам. Яго зрабіла былая журналістка «НН» Адарʼя Гуштын — 493 тысячы праглядаў.
«Ток» выходзіць раз на месяц.
Намагаецца «НН» развіваць іТikTok. І калі пачыналася ўсё з вірусных відэа, узятых на іншых платформах, то цяпер тут — выключна ўнікальны кантэнт і два пастаянныя вядоўцы.
Яны, як правіла, альбо коратка адказваюць на актуальныя і важныя пытанні накшталт: «што будзе, калі не прыйсці ў ваенкамат?», «колькі каштуе куртка як у Лукашэнкі?», «што думаюць літоўцы пра прыезджых?», «як кахаюцца людзі з інваліднасцю?», альбо папулярызуюць беларускую мову і гісторыю. Напрыклад, праз відэа пра беларускія тосты («Каб жылі, багацелі і спераду гарбацелі» — такога вы, дакладна, не чулі!) або пра тое, як звяртацца да каханай па-беларуску (мы налічылі 29 магчымых зваротаў!).
Расказвае Тiktok «Нашай Нівы» і пра тое, дзе ў Вільні жыў Якуб Колас, што такое Ноч расстраляных паэтаў, што намалявана на беларускіх грошах. Ёсць тут моўныя спаборніцтвы з украінкамі, якія спрабуюць адгадаць беларускія словы і нават чат рулетка з расейцам.
У гэтай размове вы можаце пачуць беларускую гаворку ад вядоўцы Данііла Касенкі і лаянку — ад яго суразмоўцы. Данііл расказвае суразмоўцы пра рэпрэсіі ў Беларусі, а той адказвае коратка: «Ну и правильно делают. Те, кто против «батьки», должны сидеть в тюрьме».
Відавочна, што «Наша Ніва» шукае свой «ціктокаўскі» фармат і смела спрабуе рознае.
Увесь кантэнт «Наша Ніва» робіць на беларускай мове.
214 тысяч падпісантаў і крыху больш за 13 тысяч праглядаў аднаго відэа ў сярэднім.
«Радыё Свабода» публікуе каля 15 пастоў на месяц.
Самы папулярны за апошні месяц той, у якім журналіст Дзмітрый Гурневіч тлумачыць, як і ў чым Лукашэнка схлусіў пра свае дасягненні ў аграрным комплексе Беларусі (спойлер: схлусіў ва ўсім). Гурневіч з лічбамі абвяргае кожную заяву дыктатара. У відэа — 40 тысяч праглядаў.
Галоўныя асобы YouTube РС — журналіст Дзмітрый Гурневіч і яго рубрыка «Тлумачым», дзе ён аналізуе палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя тэмы.
Яшчэ адзін твар канала — палітолаг Валерый Карбалевіч. У гэтым месяцы ролік, дзе Карбалевіч аналізуе тэорыю змовы, якую Лукашэнка прыдумаў пасля падзення ракеты на тэрыторыі Польшчы, другі па папулярнасці — амаль 40 тысяч праглядаў.
Самае ж папулярнае відэа за ўвесь час існавання канала — апытанне расейцаў пра стаўленне да вайны з Украінай — назбірала 1,3 млн праглядаў.
А на другім месцы з сур’ёзным адрывам — стрым з восьмага дня беларускіх пратэстаў. 859 тысяч праглядаў.
У TikTok Свабоды 92 тысячы падпісантаў.
Самым папулярным відэа апошніх дзён стаў той жа ролік Дзмітрыя Гурневіча, дзе ён распавядае, як Лукашэнка нахлусіў пра дасягненні ў сельскай гаспадарцы — амаль 30 тысяч праглядаў.
Еўрарадыё
YouTube-каналу Euroradio-Live у гэтым годзе спаўняецца 13 гадоў.
Тут крыху больш за 97 тысяч падпісчыкаў, а адзін ролік у сярэднім набірае каля 18 тысяч праглядаў і 97 каментароў.
Асноўны фармат — гэта інтэрв’ю, якія робяць журналісты Павел Свярдлоў і Зміцер Лукашук.
Самае папулярнае за апошні месяц — з Аляксандрам Кныровічам, які каментуе рэгуляванне коштаў у Беларусі і рэакцыю рынку на сітуацыю. Амаль 61 тысяча праглядаў.
Наступныя па папулярнасці — інтэрв’ю з эканамістам офіса Ціханоўскай Яўгенам Бурым і з Янінай Сазановіч з «Чорнай кнігі Беларусі».
У Тiktok Еўрарадыё 7,5 тысяч падпісчыкаў, асноўны фармат відэа — нарэзкі з інтэрв’ю, поўныя версіі якіх публікуюцца на YouTube. І тут таксама самы папулярны ролік месяца – дзвюххвілінны з Кныровічам пра Лукашэнку. 104 тысячы праглядаў.
Гэта праект былой каманды БелаПАН.
На канале цяпер амаль 25 тысяч падпісчыкаў, а праглядаў аднаго паста ў сярэднім крыху больш за 19 тысяч. Усе відэа — гэта інтэрв’ю, якія робіць журналістка Таццяна Каравянкова.
Відэа месяца (33 тысячы праглядаў) — размова са Львом Львоўскім з BEROC пра тое, што будзе з коштамі і беларускай эканомікай далей.
Другое па папулярнасці — пра скандал з «Чорнай кнігай Беларусі», у якую ўкараніўся сілавік.
22 тысячы праглядаў у інтэрв’ю з Франакам Вячоркам: тут і пра «Чорную кнігу Беларусі», і пра Офіс Ціханаўскай, і трохі пра асабістае.
«Новы Час»
У беларускай штотыднёвай газеты таксама ёсць YouTube. І хоць падпісчыкаў там толькі 800, сярэдняя колькасць праглядаў у аднаго відэа сягае амаль шасці тысяч.
Ну а самым папулярным відэа месяца стала прыгатаванне бігаса. Не ведаеце, што гэта такое? Вось тут ужо паглядзелі 1800 чалавек.
Але ж, вядома, «Новы час» не публікуе толькі відэа для тых, хто любіць гатаваць незвычайнае. Ёсць на канале і ролікі, дзе распавядаюць пра беларускую Жанну д’Арк — літвінку Эмілію Плятэр; пра тры самыя страшныя лагеры Савецкага ГУЛАГа. Аднак большасць відэа, што медыя размяшчае на YouTube, — гэта «ціктокаўскія» відэа.
TikTok «Новага Часу» мае больш за 5 тысяч падпісантаў, а відэа набіраюць некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў.
Не без выключэнняў, канешне. Ёсць тут і відэа, якія не набралі і адной тысячы, а ёсць і тыя, што могуць пахваліцца лічбай у 240 тысяч праглядаў. Гэта відэа, якое коратка падсумавала інфармацыю пра падзенне ракет на тэрыторыі Польшчы.
KYKY.org
«Тут мы задаем пытанні разумным людзям пра тое, што больш за ўсё турбуе беларусаў», – так апісваецца YouTube медыя, які называецца «Совсем KYKY». Мае 3,5 тысячы падпісчыкаў.
Каналу чатыры з паловай гады. Відавочна, што KYKY.org не робіць акцэнт на развіцці YouTube: кантэнт тут публікуецца каля двух разоў на месяц, а сярэдняя колькасць праглядаў – каля 10 тысяч.
А самы папулярны ролік за ўвесь час існавання канала сабраў 125 тысяч праглядаў. Гэта фільм, які медыя зняло тры гады таму «Минск культовый».
TikTok KYKY выглядае значна больш актыўным. «Минско-эмигрантский лайфстал-журнал. Осмысляем Беларусь» — такое ў яго апісанне. Яшчэ там «уводзяць у кантэкст важных падзей»: пра (не)закрыццё mcdonald’s, напрыклад. Альбо пра смерць Макея. Ці пра Ikea, якая не грэбавала гандляваць з рэжымам Лукашэнкі.
Адзін вядоўца, працягласць ролікаў ад некалькіх секунд да дзвюх хвілін.
Усё ў стылі KYKY.org — весела, жыва, часцяком трэшова.
Белорусы и рынок
YouTube-канал газеты «Белорусы и рынок» створаны два гады таму. Цяпер тут 5,1 тысяч падпісчыкаў і некалькі рубрык.
На канале ёсць наступныя рубрыкі:
-
«Умные люди» — размовы з экспертамі.
-
«Беларусь. Начало» — відэаверсія публікацый у газеце «Белорусы и рынок». У кожным выпуску распавядаюць пра некалі знакамітыя прадпрыемствы, паспяховых і вядомых кіраўнікоў.
-
«Дело задело» – пра ўнікальныя бізнес-кейсы.
-
«Где деньги, Иосуб?» — як працуе беларуская эканоміка ў нестабільнай сітуацыі, і чаго чакаць у бліжэйшы час.
Самае папулярнае відэа апошняга месяца набрала амаль 6 тысяч праглядаў і было пра замежныя заводы, якія страціла Беларусь.
А самае папулярнае відэа за ўвесь час існавання канала — размова Вадзіма Іосуба з эканамістам Львом Марголіным пра тое, як паўплывае на эканоміку Беларусі прымусовая пасадка самалёта Ryanair і пра санкцыі ЕЗ супраць Беларусі.
Reform.by
Гэта праект Фёдара Паўлючэнкі, які гэтым летам разам з Аляксандрам Атрошчанкавым паспрабаваў весці YouTube “Саша, что ты несешь?!”.
У прамым эфіры два разы на тыдзень, па аўторках і чацвяргах, Фёдар і Аляксандр абмяркоўваюць навіны з беларускага парадку дня. Два тыдні таму згадалі Макея, пра якога Фёдар трошкі хваляваўся. «Ён аднойчы сфатаграфаваўся ў вышыванцы» — і гэта можа казаць пра нейкія яго станоўчыя якасці. Аляксандр з такой пазіцыяй не пагадзіўся: «У цябе такое часта бывае. Ты ж і Лапо спрабуеш прадставіць прыстойным чалавекам, у Галоўчанку ўкладаеш нейкі сэнс. Макею вось прыдумаў добрыя рысы».
Гэтае відэа стала адным з самых папулярных за апошні месяц. Яно набрала 10 тысяч праглядаў.
Усяго на канале крыху больш за 1700 падпісчыкаў.
The Village
Галоўная рэдактара СМІ Жэня Сугак ужо сем месяцаў вядзе YouTube «Мне тоже не нравится», дзе афлайн абмяркоўвае з беларусамі вострыя тэмы.
З апошняга — ці трэба кансэліць расейцаў і тых, хто з імі працуе. Відэа за два тыдні набрала больш за 23 тысячы праглядаў. Размаўлялі ў праекце пра сакрэты незалежных медыя і чым добры статус экстрэміста; аналізавалі, чаму Зяленскі ігнаруе Ціханоўскую; як выратаваць Беларусь ад Лукашэнкі.
На канале крыху больш за 5 тысяч падпісчыкаў, ролікі выходзяць 1–2 разы на месяц і збіраюць каля 20 тысяч праглядаў у сярэднім.
Пакуль што самы папулярны ролік — “Астапеня, Свердлов и Фролов спорят: беларусам никуда без России — или мы с ней скоро попрощаемся?”. 95 тысяч праглядаў.
Сitydog
Не абнаўляе YouTube ўжо месяц, да гэтага на канале публікаваліся ролікі-лекцыі па псіхалогіі, але яны часцей за ўсё не набіралі і тысячы праглядаў.
Самы папулярны “Как понять, что вам пора к психологу” — 2,5 тысячы праглядаў.
ТikTok больш актыўны, у ім тры тысячы падпісантаў, а забаўляльныя відэа па некалькі секунд публікуюцца кожны дзень.
Самы папулярны ролік, які сабраў амаль 190 тысяч праглядаў пры хронометражы ў 13 секунд, распавядае, што ў Беларусі кажуць замест «спокойной ночи».
Intex-press
Гэта баранавіцкае СМІ. На іх YouTube падпісана амаль 20 тысяч асобаў. Акрамя відэа ад чытачоў і дзяржаўных структур, тут можна знайсці апытанкі з вуліц Баранавічаў. «Як жыхары Баранавічаў ставяцца да абавязковага размеркавання ўсіх выпускнікоў ВНУ?», «Якія праблемы больш за ўсё хвалююць жыхароў Баранавічаў?», «Каго варта вызваліць з турмы, а каго – не?».
Гэтыя апытанні набіраюць прыблізна 1–2 тысячы праглядаў.
«Інфа-Кур’ер»
Медыя са Слуцку таксама мае свой YouTube. У канала пад 4 тысячы падпісчыкаў, а вось праглядаў зусім мала – амаль усе ролікі не набралі і 1 тысячы. Самым папулярным відэа на канале стала бойка цыганак на кірмашы, якая адбылася 9 гадоў таму і прынесла YouTube «Інфа-Кур’ера» больш за 400 тысяч праглядаў.
А яшчэ менавіта «Інфа-Курʼер» апублікаваў відэа спакойнага рыбака, які не адрываецца ад лоўлі нават падчас пажару.
Onliner
СМІ, якое працягвае працаваць з Беларусі і, вядома ж, гэта накладвае сур’ёзны адбітак на іх кантэнт. Варта памятаць, што пасля падзей 2020 года з Onliner звольніліся некалькі вядомых журналістаў, у тым ліку галоўны рэдактар.
Аднак па колькасці падпісантаў Onliner — самы папулярны сярод беларускіх медыя. 1,73 мільёны.
«Мы снимаем фильмы, в которых рассказываем о судьбе «маленького» человека. Того самого, кто, возможно, не заметен в толпе, но чья история всегда кажется до боли знакомой и близкой», — такое апісанне ў канала, створанага 10 гадоў таму.
Самае папулярнае відэа за апошні месяц выйшла тыдзень таму і ўжо сабрала больш за мільён праглядаў. Мужчына ў масцы распавядае, як 39 гадоў не вядзе сексуальнага жыцця.
Onliner выпускае ў сярэднім 1–2 ролікі ў месяц, праглядаў звычайна — некалькі сотняў тысяч.
Самае папулярнае відэа за ўвесь час існавання YouTube-канала Onliner пра «бытавуху» сцюардэсы: 12 млн праглядаў за 3 гады.
Ёсць у Onliner яшчэ канал Onliner Belarus. Тут 78 тысяч падпісчыкаў і таксама гісторыі людзей. Самае папулярнае відэа выйшла месяц таму і ўжо набрала 3,6 млн праглядаў: «Бросила США и купила целую деревню в Беларуси».
Праекты, якія з’явіліся пасля 2020 года
Malanka Media
Маланку стварыў заснавальнік платформы «Зубр» Павел Марыніч, крыху пазней да медыя далучыліся журналісткі Кацярына Пытлева і Кацярына Іерусалімская.
YouTube Маланкі створаны за 12 дзён да выбараў 2020 года, цяпер тут 123 тысячы падпісчыкаў і відэа на палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя тэмы.
Акрамя асноўнага канала Malanka Media запусцілі яшчэ каналы Маланка Live, Женщина хочет і Маланка Дзецям.
Маланка выпускае навіны, інтэрвʼю, робіць прамыя эфіры, здымае дакументальныя фільмы і рэпартажы. Асаблівая ўвага надаецца рэгіёнам Беларусі — кожны дзень выходзіць выпуск навінаў менавіта пра замкаддзе. Відэа збіраюць у сярэднім па 20 тысяч праглядаў, але здараюцца і выключэнні.
Напрыклад, відэа пра магчымую мабілізацыю ў Беларусі набрала больш за 114 тысяч праглядаў.
Месяц таму «Маланка» запусціла праект «Женщина хочет», дзе журналісткі Каця Пытлева і Саша Раманава размаўляюць на вострыя тэмы з жыцця сучасных жанчын.
Найбольш карыстаюцца попытам відэа пра секс і яго якасць падчас стрэсу (23 тысячы праглядаў) і пра грошы ў жыцці жанчыны (20 тысяч праглядаў).
Самае папулярнае відэа на канале за час яго існавання — «Беларусь под угрозой / Партизаном оказался милиционер / Польские школы переведут на русский». Яно набрала 406 тысяч праглядаў.
9 лістапада «Маланка» запусціла канал для дзяцей, дзе Вандроўнік — а ў рэальнасці рэпрэсаваны беларускі акцёр — распавядае дзецям чароўныя гісторыі.
MOST
Гэтае СМІ стварыў былы журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч. Медыя робяць у Беластоку, а сваю місію апісваюць так: «Аб’яднаць беларусаў Беластока, заставацца інфармацыйным мостам паміж Беларуссю і Польшчай».
Як такога, свайго YouTube-канала ў «Маста» няма, аднак Руслан Кулевіч робіць праект «Мы вернемся».
Праграма была запушчаная ў траўні 2021 года і распавядае гісторыі беларусаў, вымушаных бегчы з Беларусі пасля палітычных рэпрэсій. У 2022 годзе на канале таксама пачалі з’яўляцца гісторыі беларусаў, якія робяць свой бізнес у Польшчы, і беларусаў – уцекачоў ад вайны ва Украіне.
Сярэдняя колькасць праглядаў — каля 10 тысяч, ролікі выходзяць 1–2 разы на тыдзень. На канале — 14,5 тысяч падпісчыкаў.
Самае папулярнае відэа за апошнія 30 дзён (51 тыс. праглядаў) пра беларуса Сяргея, якога ў верасні 2020 года невядомыя выкралі ў Брэсце і завезлі ў закрыты лагер, створаны на базе закінутай вайсковай часткі пад Слуцкам. Мужчына распавёў пра 20 дзён катаванняў і поўнай невядомасці.
Праекты да 50 тысяч падпісантаў, якія робяцца на беларускай мове
Тут сабралі некалькі цікавых відэапраектаў, якія папулярызуюць беларускую мову, культуру і гісторыю. Некаторыя з іх ужо вось-вось набяруць 50 тысяч праглядаў, а некаторыя толькі пачынаюць развівацца, але заслугоўваюць увагі.
Годна
47 тысяч падпісантаў. Ліза і Мікіта — асноўныя вядоўцы канала — расказваюць пра мову і культуру.
Што не так з беларускім рэпам? Наркамаўка ці тарашкевіца? А можа ўвогуле дзеясловіца?
Самае папулярнае відэа набрала 6,4 тысячы праглядаў, у ім распавядаецца пра беларускую поп-музыку. Ад «Песняроў» да Naviband, ад Агурбаш да Lear.
Ролікі звычайна выходзяць раз на тыдзень. Самы папулярны за ўвесь час існавання канала як беларусы сталі народам — 163 тысячы праглядаў.
Гаварун – мультфільмы па-беларуску
Яшчэ адзін канал з кантэнтам для дзяцей. 8,36 тысячы падпісантаў і не вельмі шмат праглядаў, добра калі адзін ролік збірае тысячу праглядаў.
Канал публікуе сусветна вядомыя мультфільмы і робіць для іх беларускую агучку. З апошняга агучылі «Хайдзі, дзяўчынка Альпаў», «Паляўнічыя на цмокаў», «Доўгія, доўгія вакацыі», «Маленькае каралеўства Бэна і Холі».
Акрамя таго, на канале ёсць рубрыка з беларускім алфавітам — у мультыплікацыйнай форме можна вучыць літары.
Самае папулярнае відэа за ўвесь час існавання канала (а гэта 2,5 гады) — мультфільм «Петсан і Фіндус», агучаны беларускай: 19 тысяч праглядаў.
Бэйбус
Яшчэ адзін YouTube з кантэнтам для дзяцей: не толькі забаўляе, але навучае і развівае.
Амаль 9 тысяч падпісчыкаў. Відэа выходзяць раз на тыдзень.
Тут і вечаровыя праграмы для дзяцей, і мульцікі. І «Казкі з Маляванычам», і мультвершы, якія з турмы піша рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко свайму сыну Тамашыку. Пакуль што праглядаў у ролікаў не так шмат, некаторыя не збіраюць і тысячы.
Самае папулярнае відэа і амаль 31 тысяча праглядаў у калыханкі на вершы Кастуся Севярынца. Гэты верш ён напісаў для сваёй тады яшчэ маленькай дачкі Ганны Севярынец.
«Напісаць музыку і выканаць песню мы запрасілі вядомы беларускі гурт VAL. У Леры Грыбусавай і Улада Фраймана атрымаўся твор, поўны пяшчоты, цеплыні і мяккасці».
13 тысяч праглядаў і другое месца па папулярнасці — у казкі на ўкраінскай мове «Для чого людині серце», якую чытае Маляваныч.
LIVE BELARUSIAN
Над каналам працуюць тры асобы, тэматыка — гістарычная. Падпісантаў вось-вось мусіць быць 3 тысячы.
Тут вам раскажуць гістарычныя факты і гістарычныя плёткі. А наконт мовы — шмат трасянкі. З апошняга: расказвалі пра Стэфана Баторыя, Анастасію Слуцкую, Вінцэнта Тышкевіча.
На канале ёсць відэа з вандровак па Беларусі! Напрыклад, са Сталовіч ці са Слонімшчыны. І не толькі. Карацей, калі засумавалі па Беларусі — вам сюды.
Сярэдняя колькасць праглядаў — 1,5 тысячы.
ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ
Пра беларускую і сусветную літаратуру ад Андрэя Хадановіча ― беларускага паэта, перакладчыка і літаратуразнаўцы.
На канале амаль 10 тысяч падпісчыкаў.
«Я распавядаю пра літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы, пра літаратуру, у якой мы з вамі цяпер жывём», ― апісваецца канал. Відэа выходзяць раз на тыдзень, за апошні месяц больш за ўсе праглядаў (амаль 31 тысячу) набраў ролік пра Якуба Коласа і яго паэму «Новая зямля».
Слухай Сюды
Канал створаны ў 2019 годзе, тут 6,4 тысячы падпісантаў, але за апошні месяц ніводнае відэа не набрала і тысячы праглядаў.
Аўтар расказвае пра беларускіх дзеячаў, а відэашэраг перакрываецца старымі фотаздымкамі, картамі, малюнкамі. Расказалі на канале пра Францішка Багушэвіча і яго творы, Сымона Буднага, Францыска Скарыну, Тадэвуша Касцюшку.
Самае папулярнае відэа тлумачыць, чаму нам усім важна ведаць гісторыю. «Як веданне гісторыі Беларусі ўплывае на наша жыццё?» набрала ― 13 тысяч праглядаў.
Будзьма Беларусамі!
6,5 тысяч падпісантаў. Канал грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Тут папулярызуюцца каштоўнасці, што ёсць у нашых людзях, мове, шматвяковай гісторыі і культуры Беларусі. «Для нас галоўнае ― павага чалавека да беларускай культуры, а не яго этнічная прыналежнасць», ― апісваецца канал.
Ксёндз Барок
YouTube святара каталіцкай царквы Вячаслава Барка, які быў рэпрэсаваны беларускім рэжымам і вымушана з’ехаў у Польшчу.
На сваім канале святар разважае пра праблемы веры, Божае слова, сацыяльнае навучанне касцёла і найбольш балючыя моманты грамадскага жыцця.
Апошні раз ролік на канале публікаваўся месяц таму. Барок размаўляў з праваслаўным святаром Аляксандрам Шрамко пра тое, як у сучасных Расіі ды Беларусі ўжываюцца разам Бог, СССР, вайна, царква і рэпрэсіі. У гутаркі двух святароў ― крыху больш за дзве тысячы праглядаў.
Mova Nanova
Гэта запісаныя лекцыі па беларускай мове, якія раней праводзіліся офлайн. На канале 5,38 тысяч падпісантаў.
Апошняе відэа было апублікаванае два гады таму, але ролікі актуальныя і дагэтуль для тых, хто хоча паляпшаць сваю беларускую мову.
Іншыя праекты, якія пакуль не набралі 50 тысяч падпісчыкаў
ЛАМПА
У праекта 19,5 тысяч наведвальнікаў. Канал, створаны вясной 2022 года, вядзе беларускі журналіст Ілля Маліноўскі, які ў анлайн фармаце размаўляе з гасцямі.
Шмат сярод суразмоўцаў Іллі Маліноўскага расійскіх экспертаў. З апошніх:
-
паліттэхнолаг, дзяржаўны дзеяч Абас Галлямаў распавядаў пра тое, чаму Пуцін перайшоў да плана знішчэння ўкраінскай энергасістэмы, чаму вызваленне Херсона не стала пераломам у вайне, што стане паразай Расіі.
-
Яўген Чычваркін ― прадпрымальнік і сузаснавальнік сеткі салонаў «Евросеть» ― таксама пра вайну.
-
Генадзь Гудкоў ― палітык, палкоўнік ФСБ у адстаўцы ― пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, пра рэферэндумы ў «ЛНР і ДНР» і мабілізацыю ў Расіі.
Размаўляе «Лампа» і з украінскімі гасцямі. Беларускіх спікераў тут значна менш.
Самым папулярным за месяц стала відэа, дзе выступаў Раўшан Аскераў ― былы гулец «Што? Дзе? Калі?». Гаворка таксама вялася пра вайну – 126 тысяч праглядаў.
Ролікі ў «Лампы» выходзяць раз на тыдзень і доўжацца ў сярэднім 50 хвілін.
СВОИ / ЧУЖИЕ Андрей Стрижак
Каналу ўжо больш за год, тут 15 тысяч падпісчыкаў.
«На гэтым канале мая суб’ектыўная і персанальная рэакцыя на падзеі ў Беларусі і свеце, абмеркаванне навін Беларусі, палітыкі, эканомікі», ― гаворыцца ў апісанні. Ролікі, якія выходзяць раз на тыдзень, ― гэта маналог Андрэя Стрыжака пра набалелае і яму, і ўсім нам таксама.
Ці акупаваная рэальна Беларусь, як беларусам заставацца нармальнымі ў ненармальныя часы, што не так з палітыкамі і чаму ім трэба павучыцца ў простых беларусаў ― Стрыжак уздымае вельмі розныя тэмы.
Яго відэа набіраюць у сярэднім 40 тысяч праглядаў.
Самым папулярным на канале (95 тысяч праглядаў) стаў ролік «Уходите из части, портите технику, сдавайтесь». Обращение к белорусским военным».
Обычное утро
Канал вядуць былыя вядоўцы радыё Unistar Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская. У праекта 12,2 тысяч падпісчыкаў.
Вядоўцы чытаюць навіны і абмяркоўваюць іх паміж сабой і з гасцямі. Канстанцін і Людміла працуюць актыўна: часам выпускаюць па два інтэрв’ю на дзень. Колькасць праглядаў вельмі розная, некаторыя відэа збіраюць толькі па тысячы праглядаў, некаторыя ― па некалькі дзесяткаў тысяч, як, напрыклад, відэа з беларускім эканамістам Яраславам Раманчуком.
Другім па папулярнасці за месяц стала інтэрв’ю з беларускім урачом-гінеколагам Станіславам Салаўём. Абмяркоўвалі рэпрэсіі, масавую міграцыю беларускіх лекараў і сітуацыю ў беларускай медыцыне. Амаль 52 тысячы праглядаў.
Batushka ответит
Канал праваслаўнага святара Аляксандра Кухты, створаны яшчэ 10 гадоў таму. Канал вось-вось наблізіцца да 50 тысяч падпісчыкаў.
Зараз святар аналізуе самыя розныя тэмы: крыху палітыкі, пабольш гісторыі, пытанні ў духу «навошта на вайне святары», «што навукоўцы думаюць пра Біблію», сустракаюцца і экзістэнцыяльныя тэмы, напрыклад, «чаго не хапае людзям».
Відэа на канале «Batushka ответит» выходзяць не часта: раз на два тыдні. Фармат — афлайн-інтэрв’ю. Пры гэтым інтэрв’юер зусім не ўпісваецца ў звыклы нам вобраз праваслаўных святароў. У самым папулярным відэа месяца Аляксандр Кухта абмяркоўвае з навукоўцам Андрэем Дзясніцкім, як навукоўцы вывучаюць Біблію, што ў ёй знаходзяць цікавага і ці даказана, што існаваў Ісус Хрыстос.
«У яго існаванні ніхто не сумняецца. Ніхто не сумняецца, што ён з рэальных людзей, што ён быў пакараны… а далей ужо пачынаецца пошук нюансаў». У гутаркі пра Хрыста 74 тысячы праглядаў.
Праект «Максимально»
Яго робіць журналіст і медыяменеджар Максім Паршута.
Створаны летам 2020 года. Сюды запрашаюць выключна жанчын. Беларусак. Апошні выпуск з журналісткай Дар’яй Чульцой набраў 107 тысяч праглядаў і стаў самым папулярным на канале.
У сярэднім інтэрв’ю Максіма з беларускамі збіраюць па 10–15 тысяч праглядаў. У гасцях ужо былі журналісткі, даследчыцы, бізнесменкі, спартсменкі.
Відэа выходзяць 1–2 разы на месяц.
Полчаса кардио. Подкаст о сексе и отношениях
Строга 18+! Тут максімальна адкрыта кажуць на інтымныя тэмы. Вядоўцы Аня Пярова і Максім Паршута абмяркоўваюць сексуальнае жыццё «весела, з карысцю і інклюзіўна».
На канале крыху больш за 5 тыс. падпісчыкаў, відэа выходзяць раз на тыдзень, хранаметраж ад 15 да 35 хвілін. Аднак адзін выпуск набраў больш за 350 тысяч праглядаў! Судзіце самі — тут, сапраўды, казалі пра важнае.
Канал створаны паўгода таму, колькасць праглядаў вельмі розная: некаторыя выпускі збіраюць толькі 2 тысячы, а вось відэа з уролагам Антонам Главінскім за тры тыдні набрала 351 тысячу праглядаў.
«Рэпарцёры»
Праект, які робіць група беларускіх незалежных журналістаў у эміграцыі, адрозніваецца ад усіх вышэйпералічаных фарматам.
Тут выпускаюць паўнавартасныя рэпартажы — ад 15 да 30 хвілін.
Тэмы абіраюць сацыяльнай накіраванасці і выключна пра беларусаў.
Пра дыскрымінацыю беларусаў пасля пачатку вайны ва Украіне; іх жыццё ў Польшчы; пра беларускіх дзяцей, бацькі якіх сядзяць у турме; пра тое, як цяпер жывуць беларусы, што патрапілі пасля 2020-га пад каток масавых звальненняў; пра беларускіх лекараў, якія цяпер працуюць ва Украіне. Кажуць «Рэпарцёры» і пра смерці, ускалыхнуўшыя беларусаў: што вядома пра смерць Вітольда Ашурка і Віталя Шышова?
Самае папулярнае відэа і 53 тысячы праглядаў — у тэмы пра беларускіх дзяцей з СМА і пра тое, як бацькі вымушаныя іх ратаваць.
«Рэпарцёры» з’явіліся паўгода таму, на канале пакуль што толькі 1,5 тыс падпісчыкаў, але, мяркуючы па фармаце, праект можа стаць паспяховым.
«Около Культуры» с Никитой Моничем
Гэты канал робіць мастацтвазнаўца Мікіта Моніч. Пра беларускую культуру ў лёгкай форме і з гумарам. На канале амаль 22 тысячы падпісчыкаў, відэа выходзяць два разы на месяц.
На некаторых роліках можна завіснуць не толькі слухаючы аповед Мікіты пра нейкую культурную з’яву, але і гледзячы на відэашэраг: малюнкі, графіка, фотаздымкі дадаюць каларыту.
ШокингКульт
Канал вядзе культуролаг, журналіст і культуролаг Максім Жбанкоў.
Створаны год таму, цяпер тут крыху больш за 4 тысячы падпісчыкаў.
Відэа выходзяць раз на тыдзень. Тэматыка — хутчэй, філасофская. Максім Жбанкоў разважае, чаму краінай «рулят» дылетанты, як выплыць у глабальнай шызе, як палюбіць «дешевку». І нават, як зроблены Лукашэнка. 10 тысяч праглядаў у сярэднім.
Самае папулярнае відэа за мінулы месяц «Гудбай, Вова! Как подыхает империя» назбірала 12 тысяч праглядаў.
Чытайце яшчэ:
«Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне
«Вясна» вошла в топ‑3 номинантов на премию «Тюльпан прав человека»
У Беларусі перастаў адчыняцца сайт mogilev.media