Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Вольга Швед
Да 15-годдзя «Белсату» рэдакцыя пагутарыла з журналістамі, якія з самага пачатку працуюць на тэлеканале.
Вольга Швед. 37 гадоў. Нарадзілася 17 траўня 1985 года ў Горадні. Кіраўніца аддзелу IT.
– Людзі, з якімі я размаўляў, штосьці памятаюць дакладна, штосьці не вельмі, і версіі, чаму і як паўстаў «Белсат», крыху розняцца. А як, на твой погляд, выглядае стварэнне каналу?
– Ды не павінна быць ніякіх розных версіяў, бо ёсць канкрэтныя факты і канкрэтная гісторыя. Мне заўсёды цікава чытаць, што Міністэрства замежных справаў Польшчы стварыла «Белсат», каб «прасоўваць сваю прапаганду, раскручваць свае інтарэсы». Але ж было зусім па-іншаму. Спадарыню дырэктар Агнешку Рамашэўскую-Гузы, якая працавала карэспандэнткаю польскага тэлебачання ў Беларусі, меліся дэпартаваць з краіны. На лётнішчы ў Менску яе пратрымалі цэлую ноч. Менавіта тады, уначы, у яе нарадзілася такая думка: «Ах, табе не падабаецца, як я распавядаю пра Беларусь на польскім тэлебачанні? То я ствару цэлае беларускае тэлебачанне». І дамаглася гэтага. Яна за год зрабіла тэлебачанне, з нуля, не маючы напачатку нічога: ні журналістаў, ні тэхнікі, ні месца для працы рэдакцыі. Але яна разумела, з кім пра гэта размаўляць, яе ведалі ў азначаных колах, у яе быў аўтарытэт. Хіба адна рэч – стварыць тэлебачанне, а іншая – утрымліваць яго і развіваць. І рабіць гэта на працягу паўтара дзесяцігоддзяў. І я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна гэта кожны год вытрымлівае.
– Ты ж прыйшла сюды ўжо гатовым журналістам? Але пра якую прафесію марыла ў школе?
– Я заўжды хацела быць гісторыкам, як і нашыя са старэйшым братам бацькі. Але мама заўсёды ўсклікала: «Ты дзяцей за што карміць будзеш?! Хопіць гісторыкаў у нашай сям’і». Тады я вырашыла, што буду журналістам. Я пайшла ў гарадзенскую Школу маладога журналіста, якую стварылі Вітаўт і Лана Руднікі. Гэта вельмі крутая школа журналістыкі. І ў мяне ёсць з чым параўноўваць. Я скончыла журфак у Варшаве. Але два гады ў Школе маладога журналіста далі мне значна больш. Там выкладалі ў асноўным гарадзенскія журналісты з розных выданняў: была і інтэнсіўная тэорыя, і вельмі шмат практыкі ў гарадзенскіх газетах. Навучанне не акадэмічнае, а трэнерскае.
– Але да прыходу на «Белсат» ты яшчэ паспела паактыўнічаць у пратэставай дзейнасці і жыла ў халодных намётах на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) у Менску ў 2006 годзе.
– Я з юнацтва хадзіла на кожны Дзень Волі, на ўсе гарадзенскія паслявыбарчыя акцыі. Пераехаўшы ў Варшаву ў 18 гадоў на навучанне (гэта было ў 2003‑м), мы з сябрамі ў 2006‑м спачатку жылі ў намётах у Варшаве каля амбасады Беларусі. Вось я ўсё хачу з Латушкам пра гэта паразмаўляць, які быў тады амбасадарам. Са Звязам на падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі паставілі намёт каля амбасады, калі пачаліся датэрміновыя выбары ў 2006‑м. А гэта цэлы месяц. І гэта зіма. Мэта была канкрэтная – палічыць галасы. І кожны, хто з амбасады выходзіў, цягам гэтага месяца таксама галасаваў у нашым намёце. Натуральна, што паводле вынікаў нашага галасавання перамог Мілінкевіч, паводле вынікаў ад амбасады лідарам стаўся, вядома, Лукашэнка. Пасля гэтага я паехала ў намёты ў Менск, дзе вельмі шмат здымала. Увесь час. Але камеру трымала ў руках упершыню ў жыцці ўвогуле. Тады ж не было смартфонаў і айфонаў. Я мела такую камеру, якая здымала на касеты. Як я іх потым перавозіла – гэта асобная гісторыя. Частку гэтых матэрыялаў я аддала польскаму дакументалісту Мірославу Дэмбіньскаму, які таксама здымаў тыя падзеі і потым выдаў фільм «Урокі беларускай» пра сакавік 2006-га. Фільм, які здабыў узнагароды некалькіх фестываляў. А частку Валера Руселік змантаваў. На YouTube можна паглядзець.
На Плошчы было шмат знаёмых: Валер Руселік, Вольга Чайчыц, Алесь Залеўскі, Алесь Папко ды іншыя. А потым, калі праглядала здымкі, я ўбачыла, што там былі людзі, з якімі мы потым пазнаёміліся і ў выніку ўсе сабраліся на «Белсаце».
– А хто табе паказаў сцежку на «Белсат»?
– Я вучылася ў Варшаве і з 2006 года працавала карэспандэнтам «Еўрарадыё» – таксама вялікая школа журналістыкі, а маймі журналісцкімі маці я назаву Вольгу Гардзейчык і Святлану Курс. Часта сустракалася з Аляксеем Дзікавіцкім (намеснік дырэктара, тады – карэспандэнт радыё «Свабода» ў Варшаве) на ўсіх акцыях, канферэнцыях і гэтак далей. І мне, вялікай аматарцы радыё, захацелася паспрабаваць сябе і ў тэлебачанні. Усім кандыдатам трэба было прайсці пэўныя ступені адбору. Нас на два тыдні завезлі ў адзін з аддаленых раёнаў Варшавы – Фаленіцу. Там мы інтэнсіўна вучыліся аператарству, мантажу, напісанню тэкстаў. Выкладалі прафесіяналы з розных польскіх тэлеканалаў (TVP, TVN). І напрыканцы кожны з нас мусіў самастойна напісаць, зняць, змантаваць, агучыць нейкую гісторыю на канкрэтную тэму, якую нам давалі. Мы прайшлі найвялікшую школу. Першы час тут працавалі ў гэтак званую сухую, каб набраць нейкую практыку. І гэта была таксама класная школа. Першыя выданні – хранаметражом тры хвіліны – былі ў запісах. Пазней, пасля адмысловага кастынгу, мы пачалі выходзіць жыўцом, з тварам у кадры. І калі на радыё я працавала пад псеўданімам, то тут раскрылася. Пасля першых тэлеэфіраў насцярожана ехала ў Беларусь, бо абсалютна не ведала, што будзе.
– Але ты была не толькі журналісткаю і вядоўцаю на працягу трох гадоў.
– Пазней вяла і стварала разам з Мараю Тамковіч аналітычную праграму «Тыдзень у «Аб’ектыве». Але сышла ў дэкрэт. Пасля ў ньюзрум ужо не вярнулася.
– А потым не было жадання вярнуцца ў кадр?
– Не, абсалютна. Хаця, калі ў лістападзе 2019 года мы вялі вялікі 8‑гадзінны жывы эфір з Вільні, дзе адбывалася пахаванне Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, уключэнне рабілі разам з Валерам Руселікам, Паўлам Мажэйкам ды іншымі калегамі, я адчула, што рукі памятаюць. Школа журналістыкі, у тым ліку і тэлевізійнай, засталася. Але гэта быў такі вялікі чэлендж: 8 гадзінаў на дварэ, мароз 10 градусаў, моцны вецер – і я шчаслівая, што ўсё атрымалася. Былі размовы, ці не вярнуцца на вядоўства. Але не. Для мяне гэта заўсёды быў вялікі стрэс, звязаны з вялізным пачуццём адказнасці. Калі да нас у эфір прыязджае нейкі госць, я чатыры дні перад гэтым чытаю ўсе публікацыі пра яго. І, можа быць, празмерна сур’ёзна стаўлюся да такіх рэчаў. Таму адчуваю каласальную перагрузку.
– Але ж падчас працы на «Белсаце» ты не толькі стварыла сям’ю, стала мамаю, дык яшчэ і адкрыла ўсім сябе як рэжысёрку дакументальнага кіно?
– Ты ведаеш, я ніколі не кажу, што я рэжысёр, бо для мяне дакументалістыка – гэта таксама журналістыка, толькі пашыраная. Іншымі словамі, больш грунтоўны журналісцкі матэрыял. Той жа сюжэт, толькі са значна больш глыбокім падыходам. Бо я пішу сцэнар, распрацоўваю геаграфію здымак, працую рэжысёркаю падчас іх, затым рэжысёркаю на мантажы і гэтак далей. Тое ж самае, што зрабіць сюжэт для тэлебачання, толькі не на 3 хвіліны, а на 40. Першы свой фільм я пачала рабіць, калі сыну Нілу быў 1 месяц. Вось шкада, што пакуль не маю магчымасці паехаць на радзіму. Застаецца здымаць толькі гістарычнае кіно. Але мне ўсцяж не стае журналістыкі. Калі я пачала весці, калі я стала рэдактарам, калі ўзначаліла інтэрнэт-рэдакцыю, якую сама пачала ствараць па вяртанні з дэкрэту, то ў мяне журналісцкай працы было вельмі мала.
Але мне ўсё цікава. Цікава вучыцца, нешта развіваць. Маю такі тэмперамент, які не дазваляе больш за тры гады ў сярэднім вытрымаць працу на адным месцы. Трэба пастаянна некуды рухацца. У розных напрамках. Я люблю вучыцца. І калі чагосьці дасягнула, мне ўжо гэта прыядаецца. Адзіным выключэннем была інтэрнэт-рэдакцыя, але я будавала яе 6 гадоў, і навука там была штодня. Цяпер гэтая рэдакцыя падзялілася на некалькі аддзелаў, і кожны мае свайго кіраўніка.
– «Белсат» з пачатку да сёння. Як ён змяняўся (зразумела, што пашырыўся, шмат людзей прыйшло), як удасканальвалася – ці не – якасць трансляцыі, калектыву, рэдакцыяў, эфектыўнасць працы?
– Думаю, «Белсат» ужо можна назваць карпарацыяй. Што такое ён быў у 2007 годзе? Ну, можа, 15 асобаў максімум. Усё можна было вырашыць асабіста. Людзей мала, усе блізка, аддзелаў няма, можна хутка дамовіцца на штосьці ці ўзгадніць, а калі гэта ўжо некалькі сотняў супрацоўнікаў, то гэта зусім іншы ўзровень камунікацыі ў фірме. І, адпаведна, узровень арганізацыі ды кіравання. Пра што казаць, калі ў нас ужо 15 YouTube-каналаў.
– Ясна, што рэжым Лукашэнкі ідзе да свайго лагічнага разбурэння, хаця б паводле законаў прыроды, якія патрабуюць эвалюцыі, а не дэградацыі. І якім ты бачыш будучае «Белсату», у вольнай Беларусі?
– Я вельмі спадзяюся, што «Белсат» заслужыў працаваць у Менску і мець статус сапраўднага нацыянальнага грамадскага тэлебачання. Я падкрэсліваю: не дзяржаўнага, а менавіта грамадскага. Бо нам гледачы вельмі давяраюць. І ўсё гэта на працягу 15 гадоў. Мы патрэбныя беларусам, бо ні разу не здрадзілі сваёй місіі, сваім поглядам. А існуем толькі дзякуючы таму, што нас глядзяць.
Чытаць яшчэ:
Эпідэмія, рэвалюцыя, рэпрэсіі, вайна… Ці застаецца месца культуры на старонках беларускіх СМІ?
Блогер Андрей Паук: “Власть и ее сторонники беззащитны перед свободой слова, правдой и открытостью”
«Занадта моцна». У Варшаве адбылася прэм’ера фільму пра журналістак «Белсату» – «У жывым эфіры»