Зміцер Казакевіч: “Мяне затрымлівалі, як бандыты ў 90‑х”
Віцебскага незалежнага журналіста Змітра Казакевіча затрымалі 6 верасня па сканчэнні марша салідарнасці. Вызвалілі праз 10 гадзін — у ізалятары часовага ўтрымання прызналі, што адбылася памылка.
Зміцер Казакевіч распавёў, як адбывалася затрыманне:
— Я працаваў на маршы салідарнасці, а калі ён скончыўся, вяртаючыся дахаты, адпраўляў у рэдакцыю відэафайлы. Калі мне заставалася прайсці нейкіх метраў пяцьсот, побач спынілася чорная бліскучая машына. З яе выскачылі трое мужчын, двое маладых і адзін крыху старэйшы — усе ў цывільным. Я хацеў выключыць тэлефон, але мне заламілі руку і тэлефон адабралі. Упіхнулі ў машыну і павезлі. Ніхто не назваў ні прозвішчаў, ні пасадаў, ні прычын затрымання. Я на ўсялякі выпадак спытаўся: “Вы часам не з Першамайскага райаддзела міліцыі?”. Тады адзін з іх моўчкі кіўнуў галавой.
У РАУСе сітуацыя пачала праясняцца: Зміцер Казакевіч зразумеў, што яго затрымалі, каб адправіць у ІЧУ для адбыцця пяці сутак арышту паводле падзей 9 жніўня. Тады журналіст таксама быў затрыманы, і яму прысудзілі 10 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Але праз пяць сутак яго выпусцілі, а 19 жніўня ён абскардзіў судовую пастанову ў абласным судзе. Пастанову пра арышт адмянілі, дакументы накіравалі на новы разгляд.
Зміцер Казакевіч падкрэслівае, што рашэнне суда пра адмену арышту ён меў пры сабе:
— У Віцебску ўжо такое было, што міліцыя шукала былых арыштаваных, якіх выпусцілі 12 жніўня. Тым, хто не падаваў скаргі, прапаноўвалі “дасядзець”, таму афіцыйная папера цяпер заўжды пры мне. Я паказваў яе ў Першамайскім РАУС некалькі разоў, але ніхто не стаў звяртаць на гэта ўвагу. Восем гадзін мяне трымалі ў пастарунку ў так званым “стакане” — адзіночнай камеры, а ў дзве гадзіны ночы паведамілі, што павязуць у ІЧУ. У ізалятары я таксама казаў, што не мушу тут знаходзіцца, але мяне ўжо аформілі, забралі рамень і шнуркі ад чаравікаў. Але раптам супрацоўнікі пачалі раіцца па тэлефоне са сваім кіраўніцтвам, і праз дзве гадзіны я ўжо быў вольны.
Зміцер Казакевіч кажа, што будзе падаваць скаргу на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў з Першамайскага РАУС, якія яго затрымлівалі, і потым незаконна трымалі за кратамі цягам дзесяць гадзін.