Журналіста Паўла Падабеда арыштавалі на 15 сутак
Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", затрыманаму 20 студзеня журналісту інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Раней Беларускай асацыяцыі журналістаў сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці затрымання відэааператара Паўла Падабеда, які пры загадкавых абставінах “знік” удзень 20 студзеня.
Паводле наяўных звестак, якую атрымала служба маніторынгу БАЖ, у мінулую пятніцу Павел Падабед выправіўся на пошту, каб аплаціць “плацёжкі” за навучанне сына.
Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды ўжо ён не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь.
З улікам, што на пошце паспеў аформіць толькі адзін плацёж, высокая верагоднасць, што затрымалі яго менавіта там.
Прынамсі сам факт затрымання Павел пацвердзіў у тэлефанаванні сваякам — праўда, без удакладненняў, што канкрэтна яму інкрымінавалі. Толькі паспеў паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус.
З вонкавага агляду жылля родзічы зрабілі выснову, што знік камп’ютар і, відавочна, іншыя носьбіты інфармацыі — уключна з тэлефонам, які ў Паўла Падабеда быў пры сабе.
Нягледзячы на тое, што ў панядзелак 23 студзеня мінулі 72 гадзіны ад моманту папярэдняга затрымання, на волю журналіст так і не выйшаў. Сваякі збіраюцца перадаць яму перадачу 25 студзеня, аднак да канца не разумеюць, дзе яго на гэты момант утрымліваюць.
Такім чынам, прычыны цікавасці з боку сілавікоў да 43-гадовага відэааператара, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных медыяў, пакуль невядомыя. Прынамсі ці звязаны арышт з колішняй прафесійнай дзейнасцю.
Для Паўла Падабеда гэта не першае знаёмства з праваахоўнай сістэмай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступнай пратэснай актыўнасці грамадства журналіста разам з іншымі калегамі неаднаразова дастаўлялі ў аддзяленні міліцыі — як, напрыклад, за асвятленне “маўклівых шэсцяў” 2011-га ў межах акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” альбо перфомансаў падчас датэрміновага галасавання ў “парламент” ад кампаніі “Гавары праўду”.
Тады ўсё збольшага заканчвалася “прафілактычнай гутаркай” з міліцыянерамі ды загадам на выдаленне адзнятага матэрыялу — нават без складання пратакола.
Увосень 2020 года, калі Беларусь ахапілі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і наступнага гвалту сілавікоў, Паўла Падабеда таксама затрымлівалі за прафесійную дзейнасць пасля адной з акцый пратэсту. У выніку ўсё скончылася без адчувальных наступстваў.
Але цяпер сітуацыя кардынальна іншая – за кратамі ўжо нямала тых, хто фіксаваў драматычныя падзеі 2020-га. Гаворка перадусім пра відэааператараў Аляксандра Любенчука, асуджанага на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні”, і Івана Мураўёва, які атрымаў на паўгода меней на падставе аналагічнага абвінавачання.