Журналіст «Бобруйского курьера» атрымаў «здзеклівы» адказ са Следчага камітэта
У праваахоўныя органы Віктар Качан скардзіўся на незаконнае затрыманне 23-га сакавіка 2017 г. каля будынку Бабруйскага суда.
У той дзень журналісты «Бобруйского курьера» Віктар Качан і Ганна Дусь па заданні рэдактара прыйшлі да будынка суда, каб асвятляць працэс па справе грамадскай актывісткі – арганізатара пратэстных акцый Галіны Смірновай.
Чакаючы пакуль з ІЧУ прывязуць «падсудную», яны знаходзіліся ў двары суда.
Неўзабаве да іх (і да астатніх грамадзян, што там былі) падышоў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Уладзіміравіч Рудзько, які запатрабаваў ад усіх праехаць з ім у пракуратуру.
Калі Віктар Качан, патлумачыўшы, што ён — журналіст, і тут знаходзіцца з працоўнымі задачамі, Сяргей Рудзько перагарадзіў шлях і ў катэгарычнай форме паўтарыў сваё патрабаванне.
Разумеючы, што на іх могуць скласьці адміністрацыйны пратакол за «непадпарадкаванне», Віктар Качан і Ганна Дусь прайшлі ў міліцэйскі мікрааўтобус, які ў той час прыехаў у двор суда.
Усіх затрыманых, у тым ліку журналістаў «БК», даставілі ў бабруйскую пракуратуру.
Віктар Качан здолеў звязацца са сваёй рэдакцыяй. Пасля званкоў галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» Анатоля Санаценка ва УУС і кіраўніцтву пракуратуры, журналістаў адпусцілі.
З астатнімі грамадзянамі пракурор правёў «прафілактычную гутарку», патлумачыўшы, што яны не маюць права ўдзельнічаць у недазволеных ўладамі масавых акцыях.
Знаходзячыся ў пракуратуры, Віктар Качан напісаў скаргу на незаконныя дзеянні Сяргея Рудзько.
Як аказалася пазней, яго заяву адправілі для разгляду ў Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Віктара Качана запрасілі туды для дачы тлумачэнняў. Журналіст расказаў следчаму, як усё было, патлумачыў свой статус. І праз некалькі дзён атрымаў па пошце адказ.
У ім гаворыцца: «… довады заяўніка не ўтрымліваюць звестак аб відавочна супрацьпраўных дзеяннях з боку супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Рудзько С. В. Так, згодна з тлумачэннямі Качана В. М., ён сам добраахвотна прайшоў у пракуратуру г. Бабруйска па просьбе міліцыі».
«У сваіх паказаннях у Следчым камітэце я засяродзіў увагу на тым, што каля будынка Бабруйскага суда знаходзіўся ў якасці журналіста. Што ёсць сведкі, як мяне «прымушалі» ехаць разам з усімі «затрыманымі», хоць я перад гэтым прадставіўся Рудзько», — кажа Віктар Качан.
«Лічу, што ў прававых адносінах гэты адказ са Следчага камітэта — здзеклівы. У ім «выведзена за дужкі» тая акалічнасць, што быў затрыманы менавіта журналіст, які выконваў свае прафесійныя функцыі; а таксама тое, што Віктар Качан не па добрай волі паехаў у пракуратуру — яго прымусілі гэта зрабіць.
Дарэчы, «выпадак» 23 сакавіка можна лічыць «падрыхтоўкай» да далейшых парушэнняў правоў журналістаў: 26 сакавіка, падчас асвятлення «маршу недармаедаў» у Бабруйску, тыя ж супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўжо мяне самога», — каментуе галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.
Віктар Качан мае намер абскардзіць гэты адказ ў вышэйстаячай структуры Следчага камітэта.
У Бабруйску затрымлівалі журналістаў “Бабруйскага кур’ера”
Як у Бабруйску затрымлівалі журналістаў «Бобруйского курьера» і іншых выданняў