• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як у Бабруйску затрымлівалі журналістаў «Бобруйского курьера» і іншых выданняў

    26-га сакавіка міліцыя незаконна затрымала ў горадзе восем журналістаў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ.

    У гэты дзень у Бабруйску, а 12.00, на плошчы Перамогі павінна было адбыцца масавае мерапрыемства — «Марш нетунеядцев».

    Каб асвятліць гэтыя падзеі, рэдакцыя «Бобруйского курьера» накіравала на плошчу Перамогі карэспандэнта Андрэя Шобіна, відэааператара сайта Віктара Масаловіча. А таксама журналістку Ганну Дусь (у выніку, застаўшыся на волі, яна і змагла справіцца з заданнем).

    Адправіўся на месца падзей і галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка. І для таго, каб праверыць «умовы працы» сваіх» супрацоўнікаў (іх бяспеку), і для таго, каб паўдзельнічаць у стварэнні матэрыялу для свайго выдання.

    Зрабіўшы некалькі здымкаў і заўважыўшы незразумелы рух экіпіяваных супрацоўнікаў МУС, Анатоль Санаценка падышоў бліжэй — для фіксацыі таго, што адбываецца.

    Побач апынуўся намеснік начальніка Бабруйскага УУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі падпалкоўнік Андрэй Малахаў. Ён знаёмы кіраўніку «Бобруйского курьера» шмат гадоў. У тым ліку як пазаштатны, у мінулым, карэспандэнт гэтага выдання.

    Анатоль Санаценка звярнуўся да яго, каб удакладніць сітуацыю і таксама ці не будзе цяпер праблем у працы яго журналістаў.

    Андрэй Малахаў тут жа прарэагаваў словамі: «Я вас не ведаю. Ваша пасведчанне». (Менавіта «пасведчанне», а не пашпарт, паколькі ён разумеў, што перад ім журналіст, кіраўнік СМІ).

    Калі Анатоль Санаценка прад’явіў сваё пасведчанне, Малахаў, азнаёміўшыся з ім, даў каманду: «Пройдзем». І схапіў кіраўніка «Бобруйского курьера» за локаць, суправадзіўшы яго ў аўтазак.

    Анатоль Санаценка апынуўся адным з першых затрыманых на плошчы (да яго было затрыманыя толькі два бабруйчаніна) і першым затрыманым з журналістаў.

    Хвілін праз дзесяць пасля гэтага былі затрыманыя і дастаўлены ў той жа аўтазак журналісты «Бобруйского курьера» Андрэй Шобін і Віктар Масаловіч.

    Пазней, прыкладна, праз паўгадзіны, калі аўтазакі прывезлі ўсіх затрыманых у Бабруйскае УУС, высветлілася, што затрыманых журналістаў больш амаль у тры разы.

    «Захопленымі ўё палон» апынуліся карэспандэнты бабруйскіх выданняў «Вячэрні Бабруйск» і «Камерцыйны кур’ер»; фрылансер, блогер Дзяніс Носаў, а таксама, па некаторых дадзеных, карэспандэнт навінавага агенцтва «Спутник».

    Журналістаў «вытрымалі» у актавай зале УУС  дзве-тры гадзіны, перапісалі дадзеныя, склалі пратакол апытання, правялі «прафілактычную гутарку», выклікаючы па адным да таго ж намесніка начальніка УУС Андрэя Малахава, а затым адпусцілі.

    Пазней за ўсіх на свабоду былі адпушчаныя  журналісты менавіта «Бобруйского курьера»: Анатоль Санаценка — каля 16.00, Андрэй Шобін, Віктар Масаловіч — каля 18.00.

    У першым выпадку з часу затрыманьня (і высвятлення асобы) прайшло амаль чатыры гадзіны, у другім – каля шасці гадзін.

    У каментарах Прэс-службе ГА «БАЖ» кіраўнік «Бобруйского курьера» сказаў, што мае намер  запатрабаваць, каб пракуратура дала прававую ацэнку дзеянням бабруйскай міліцыі.

    «Да таго ж, ёсць падставы меркаваць, што, у выпадку з журналістамі парушана два артыкулы Крымінальнага кодэксу.

    Артыкул 198. «Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» (у Беларусі забаронена перашкода ў якой бы там ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста).

    І артыкул 455. «Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады», — кажа Анатоль Санаценка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці