Жонка Фядуты пракаментавала рашэнне мужа не прымаць таблеткі на пратэст супраць абмежаванняў у ліставанні
Сёння стала вядома, што ў Аляксандра Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць: на Валадарцы ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі.
Палітолаг, затрыманы у межах справы па «замаху» на Лукашэнку і членаў яго сям’і, адмовіўся прымаць таблеткі на пратэст супраць абмежаванняў у ліставанні з роднымі. Без іх у мужчыны можа здарыцца інфаркт.
Жонку Аляксандра Марына Шыбко расказала пра тое, што яшчэ ёй вядома пра стан мужа.
«Я даведалася ад адваката, што АІФ (Аляксандр Іосіфавіч Фядута — Заўв. рэд) не п’е таблеткі ўжо з 20 снежня. А ў яго цэлы букет захворванняў, у тым ліку сардэчная недастатковасць. Яшчэ калі ён утрымліваўся раней у «амерыканцы», яго абследавалі там і вынайшлі мігацельную арытмію», — расказала Марына Шыбко.
Пры гэтым адвакат вязня пакуль у ад’ездзе, таму жанчына даслала мужу ліст, дзе просіць спыніць медыцынскую забастоўку.
«Напісала ў лісце, каб ён пачаў прымаць медыкаменты. Сказала, што гэта дурасць і так горш толькі нам. Буду спадзявацца, што ён прачытаў яго. Таму што самой мне апошні ліст ад яго прыйшоў 15 снежня. Вельмі за яго перажываю».
Нагадаем, Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Ён разам з Рыгорам Кастусёвым і Юрасём Зянковічам з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».