Затрыманы былы журналіст і палітвязень Сяргей Гардзіевіч
Паводле папярэдніх звестак, 24 студзеня быў затрыманы былы карэспандэнт незалежнага сайта «Першы Рэгіён» Сяргей Гардзіевіч з Драгічына. Яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе, вырабе, захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 19.11 КаАП РБ). Іншых падрабязнасцяў пакуль няма.
Сяргей Гардзіевіч працаваў на інтэрнет-выданне «Першы рэгіён», пакуль не быў затрыманы напрыканцы 2020 года. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса), у распаўсюдзе загадзя ілжывых і зневажальных да іншых асоб звестак (паклёп), якія змяшчаюць абвінавачванне ў здзяйсненні цяжкага злачынства (артыкул 188), і публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 артыкула 368).
Некаторы час да суда Сяргея Гардзіевіча трымалі пад хатнім арыштам, а 2 жніўня 2021 года суддзя Іванаўскага раёна Генадзь Кудласевіч прызначыў журналісту пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасля гэтага Сяргея Гардзіевіча прызналі палітвязнем, а сваё пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі №17 у Шклове. Тэрмін зняволення для драгічынскага журналіста скончыўся 27 кастрычніка 2022 года.
У лістападзе 2022 года журналіста дадалі ў спіс «экстрэмістаў».
Летась у верасні Сяргей Гардзіевіч быў затрыманы ў пункту пропуску «Брэст», калі вяртаўся з Польшчы ў Беларусь. На мяжы ў былога журналіста вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасля склалі пратакол паводле таго самага «экстрэмісцкага» артыкула 19.11 КаАП. Сяргей Гардзіевіч быў пакараны арыштам на 15 сутак.
Чытайце яшчэ:
Штучны інтэлект пакуль не заменіць журналістаў, затое можа ім дапамагчы. Даем лайфхакі
Затрымалі былую журналістку catholic.by Аксану Ючкавіч
У Віцебску затрымалі былога выдаўца і распаўсюджвальніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду