• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За няпоўны 2022 год сілавікі завялі 5000 спраў за “экстрэмізм», і “кіпучая дзейнасць” не спыняецца

    Генеральны пракурор Андрэй Швед пахваліўся, што ў Беларусі працягваюць заводзіць крымінальныя справы на "экстрэмістаў", колькасць якіх ад пачатку года ўжо перавысіла пяць тысяч, і працягвае імкліва павялічвацца.  

    Як удакладніў кіраўнік ведамства ў разгорнутым інтэрв’ю тэлеканалу СТБ, згаданая лічба “злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці” зафіксаваная па выніках 11 месяцаў бягучага года. 76% ад гэтай колькасці прыпадае на сетку інтэрнэт: паклёпы на адрас дзяржавы і вышэйшага кіраўніцтва, абразы прадстаўнікоў улады, наўмыснае распальванне варожасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.  Абсалютная большасць эпізодаў — наўпроставае рэха падзей 2020-га і  наступнага перыяду.

    Адчувальна папоўнілі статыстыку незалежныя медыя, якія праз пераслед і рэпрэсіі вымушана падаліся ў эміграцыю, а таксама тэлеграм-каналы, карпаратыўныя чаты, інтэрнэт-супольнасці.

    Паводле афіцыйных звестак, за апошні год кантэнт амаль 1500 інтэрнэт-рэсурсаў рашэннямі судоў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а яшчэ больш за сотню з падачы КДБ і МУС сталі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

    Акрамя таго, шэраг журналістаў трапілі ў чорны спіс Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў якасці асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

    Пры гэтым Андрэй Швед нагадаў пра інстытут так званай “спецыяльнай вытворчасці”, які дазваляе ўладам судзіць сваіх апанентаў завочна. Маўляў, “збеглым” палітыкам, актывістам, журналістам цяпер няма дзе хавацца ад правасуддзя па-беларуску. 

    “Што тычыцца так званых збеглых і ўсіх астатніх, тут выйсце толькі адно: панесці адказнасць за свае злачынствы. У сувязі з гэтым сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі прымаюцца меры, накіраваныя ў тым ліку на ўдасканаленне заканадаўства. Сёлета з’явіўся новы інстытут — спецыяльная вытворчасць, якая дазваляе прымаць рашэнні ў адсутнасць злачынцаў, якія ўцяклі. Гэтая практыка зараз напрацоўваецца, і такіх працэсаў у бліжэйшы час будзе ўсё больш і больш”, — праанансаваў дыстанцыйны судовы канвеер кіраўнік Генпракуратуры.

    Андрэй Швед асабліва адзначыў “станоўчую ролю” Расіі, сёлета яна прыняла рашэнне аб выдачы 25 беларусаў, якія абвінавачваюцца ў злачынствах «экстрэмісцкай накіраванасці». Паводле яго слоў, 16 чалавек ужо дэпартаваныя на радзіму, астатнія найбліжэйшым часам паўстануць перад непазбежнасцю пакарання. А вось іншыя краіны, прызнаўся ён, ад шчыльнага ўзаемадзеяння адмаўляюцца.

    “Мы накіроўваем даручэнні аб аказанні прававой дапамогі, але там, дзе выкарыстоўваюць нацысцкую ідэалогію для дасягнення сваіх мэтаў і звяржэння законных канстытуцыйных уладаў у шэрагу дзяржаў, у тым ліку і ў нашай краіне, яны будуць рабіць усё магчымае, каб збеглых не выдаваць. Аднак я думаю, што лёс гэтых злачынцаў у тых краінах будзе незайздросным. Наўрад ці яны там змогуць спакойна адсядзецца. Урады гэтых дзяржаў зробяць усё магчымае, каб выкарыстоўваць іх у сваіх інтарэсах”, — прыгразіў чыноўнік.

    Асобна Андрэй Швед спыніўся на тым, пад якімі сімваламі апаненты рэжыму ўчыняюць свае “злачынствы”. І паабяцаў, што любое выкарыстанне “нацысцкіх знакаў адрознення” будзе карацца “самым жорсткім чынам”.

    “Доўгія гады гэтаму пытанню не надавалася ўвага. Значная частка насельніцтва проста не ведае, што гэтая сімволіка для нас роўная нацысцкай. У гады Вялікай айчыннай вайны нашы беларускія адшчапенцы, апрануўшы на руку шэўроны з БЧБ-сімволікай, нароўні з іншымі нягоднікамі знішчалі сваіх жа суграмадзян. Грамадскасці будзе прадстаўлена, што фашысцкі акупацыйны рэжым выкарыстоўваў гэтую сімволіку як сімвал датычнасці, удзелу беларускіх калабарантаў у правядзенні тых масавых мерапрыемстваў”, — паабяцаў генеральны пракурор, які асабіста педалюе тэму “генацыду беларускага народу”.

    Прызнанне суб’екта ці прыватнай асобы ў “экстрэмісцкім злачынстве” цягне адміністрацыйнае пакаранне за распаўсюд зместу такога рэсурсу, а таксама прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у “фармаванні”. 

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Як гродзенцы-эмігранты выдавалі газеты ў Мексіцы і Аргенціне

    Працягнулі арышт журналісту і краязнаўцу Сяргею Чыгрыну

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці