Як праходзіць суд на Ірынай Слаўнікавай: бацьку на пасяджэнне не пусцілі
У Гомельскім абласным судзе 23 чэрвеня а 10-й гадзіне пачаўся працэс над журналісткай Ірынай Слаўнікавай. Яе абвінавачваюць паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 – "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і ч. 1 арт. 361 – "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем". Справу вядзе суддзя Мікалай Доля.
Яшчэ апалове на дзясятую на інфармацыйным стэндзе суда не было пазначана, што суд закрыты. Але ўжо праз пятнаццаць хвілін з’явілася новая абвестка: судовае пасяджэнне па справе Ірыны Слаўнікавай закрытае.
Падтрымаць Ірыну прыехаў бацька Аляксандр, некаторыя сваякі і калегі, але нікога з іх у судовую залу не пусцілі.
Убачыць Ірыну ўдалося праз адчыненыя дзверы, калі ў залу заходзілі афіцыйныя ўдзельнікі працэсу. Ірына ў светлай кофце, у яе акуратная кароткая стрыжка, у судовай «клетцы» за бранявым шклом выглядала засяроджанай.
Аляксандр Слаўнікаў кажа, што ў красавіку, калі завяршылася следства, ён меў спатканне з дачкой у Мінску на Валадарцы. Яна трымалася годна, разумеючы сваю правату і невінаватасць. Абвінавачанняў не прызнавала. Сукамерніцы, якія ведалі журналістку, наогул казалі бацьку: «Ірына – герой».
На пачатку чэрвеня Слаўнікаву перавялі з Валадаркі ў гомельскае СІЗА‑3, адкуль яе сёння і даставілі ў суд пад міліцэйскім канвоем. Абараняе Ірыну адвакат Уладзімір Пыльчанка, але ніякай інфармацыі па справе ён не дае.«З мяне ўзялі падпіску пра неразгалошванне», – зазначае адвакат.
Журналістку Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Сужэнцаў адправілі за краты пад адміністрацыйны арышт нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым і за «дробнае хуліганства».
Аляксандра Лойку праз 45 сутак адпусцілі, а Ірына пасля месячнага адміністрацыйнага арышту на волю так і не выйшла.
Пазней стала вядома, што журналістку зрабілі падазраванай у крымінальнай справе па «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А сёлета ў красавіку падчас спаткання бацька Ірыны даведаўся, што дачцэ дадалі яшчэ і новае абвінавачанне – «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».
Следчы камітэт сцвярджаў, што падчас расследавання крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Санкцыі паводле новага крымінальнага артыкула – да 7 гадоў няволі.
Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомелі ў сям’і вайскоўца. Па адукацыі яна – эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў камерцыйных фірмах, пасля бухгалтарам у газеце «Беларуская маладзёжная», дзе і захапілася журналістыкай.
Калі на пачатку 2000‑х бацькі паехалі ў Германію, з імі выправілася туды і Ірына. Займела яна ў Нюрнбергу нават від на жыхарства. Але вытрымала ў чужой краіне толькі год – вярнулася назад у Беларусь.
У 2007 годзе быў створаны беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які трансляваў перадачы з Польшчы, але так і не быў зарэгістраваны ў Беларусі пасля паўдзесятка зваротаў да ўладаў. Слаўнікава супрацоўнічала з тэлеканалам, брала чынны ўдзел ў праваабарончай праграме «Маю права». Яна ўступіла ў шэрагі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і на з’ездзе сяброў аб’яднання ў красавіку 2021 года была абраная адным з намеснікаў старшыні.
На момант затрымання Ірына Слаўнікава ўжо працяглы час не супрацоўнічала з «Белсатам», а з’яўлялася штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканала TVP.
Чытайце яшчэ:
Тры адметныя факты пра Ірыну Слаўнікаву
Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае
Аксана Колб: «У Беларусі шмат годных людзей. А дзе ж з імі яшчэ сустрэцца, як не за кратамі?»