• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры адметныя факты пра Ірыну Слаўнікаву

    23 чэрвеня пачынаецца суд над журналісткай Ірынай Слаўнікавай.

    Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Хто гэтая жанчына, якую абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і арганізацыі масавых беспарадкаў?

    Як сьцьвярджае Сьледчы камітэт, пры расьсьледаваньні крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцаю «Белсату», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

    Мела від на жыхарства ў Нямеччыне, але вярнулася ў Беларусь

    Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомлі ў сям’і вайскоўца. Паводле адукацыі яна эканаміст, скончыла «наргас» (цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт). Працавала эканамістам у камэрцыйных фірмах. У сярэдзіне 1990‑х трапіла на пасаду бухгальтаркі ў газэту «Беларуская маладзёжная» і паступова захапілася журналістыкай.

    На пачатку 2000‑х Ірына зьехала з бацькамі ў Нямеччыну, атрымала від на жыхарства, жыла ў Нюрнбэргу, але вытрымала там толькі год — вярнулася ў Беларусь.

    У інтэрвію Радыё Свабода ў 2003 годзе Ірына тлумачыла:

    «Усё роўна я буду адчуваць сябе эмігранткай. Там проста нецікава і сумна. Там у мяне пастаянна была дэпрэсія, нічога не хацелася рабіць, нікога бачыць, таму я вярнулася сюды, у Беларусь… Туды — толькі ў госьці. Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць».

    Калі быў створаны тэлеканал «Белсат», Ірына пайшла працаваць туды. Пэўны час працавала на праваабарончай праграме «Маю права». Аднак на момант затрыманьня журналістка ўжо працяглы час не супрацоўнічала зь «Белсатам», а была штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканалу TVP.

    Блізкія кажуць, што ў Ірыны абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Сябры ўзгадваюць, як у дзень выбараў 9 жніўня 2020 году Ірыну бліжэй да вечара прэвэнтыўна затрымалі. Прывезьлі ў РУУС, на ўсе патрабаваньні патлумачыць, за што яе трымаюць, нічога ўцямнага не сказалі. Як толькі прайшлі тры гадзіны, Слаўнікава ўстала, заявіла, што паводле закону трымаць яе больш ня маюць права, і пайшла з РУУС. Міліцыянты былі настолькі агаломшаныя, што ніхто нават не адважыўся яе спыніць.

    Працэс над Ірынай Слаўнікавай будзе закрытым. Сябры мяркуюць, што ўлады проста баяцца Ірыну.

    «І сьледчы, і дзяржабвінаваўца, і судзьдзя Доля, які выносіў прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, а зараз будзе судзіць Слаўнікаву — яны, я перакананая, баяцца выглядаць бледна на яе фоне пры людзях, якія прыйдуць падтрымаць Ірыну, таму і зрабілі суд закрытым», — кажа яе сяброўка Галіна.

    Захапляецца дайвінгам, вандруе па экзатычных краінах

    Ірына вельмі любіць вандраваць, наведваць розныя краіны (пабывала, акрамя эўрапейскіх краін, у Занзыбары, Кітаі, Мэксыцы, Эгіпце). Захапляецца дайвінгам, расказвае яе аднакурсьніца і сяброўка Галіна.

    «Гэта яна падаравала мне першую маску і трубку для ныраньня, а пасьля плаваньня з тыгравымі акуламі ў Мэксыцы пацягнула вучыцца дайвінгу. Усе нашы самыя незвычайныя вандроўкі ў экзатычныя краіны — гэта яе ініцыятыва. У яе ёсьць талент знаходзіць туры „на край сьвету“ па вельмі даступных коштах. „Галя, ты не падрыхтавалася“ — казала яна мне, калі мы прызямліліся, напрыклад, на Хайнані, і пачынала расказваць гісторыю вострава», — узгадвае сяброўка Слаўнікавай Галіна.

    Вельмі любіць жывёлаў, асабліва катоў

    Сябры ўзгадваюць сьмешны выпадак, як Ірына на шпільках і ў міні-спадніцы ганялася за варонай, адбіваючы ў яе маленькага верабейку.

    Сябе яна называе «кацінай мамай».

    Спачатку ў Ірыны жыла котка рэдкай пароды «арыентал», якую завуць Прынцэса Саці. Другога ката — Эпсіка, беспароднага Эпсілона, муж Ірыны знайшоў у траве сьляпым кацянём і прынёс дадому. Ірына яго выкормлівала, выходжвала, насіла з сабой на працу, бо яго трэба было карміць кожныя тры гадзіны. Для кацяняці меркавалі знайсьці новых гаспадароў. Але так атрымалася, што кот застаўся ў іх. Цяпер дваровы кот Эпсілон і пародзістая арыенталка Саці жывуць у Ірыніных бацькоў.

    У Ірыны ёсьць дарослы сын Міхал.

    Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў аэрапорце Менску, калі яны вярталіся з адпачынку з Эгіпту. Спачатку абаіх асудзілі на 15 сутак за «публікацыю ў Face­book экстрэмісцкага кантэнту».

    Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсату» пэрыяду, калі тэлеканал яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім. Праз 15 сутак іх не адпусьцілі, павезьлі ў іншае РУУС, перазатрымалі нібыта «за дробнае хуліганства» і зноў далі па 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 году Ірыну Слаўнікаву прызналі падазраванай па крымінальнай справе і перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 на «Валадарку». Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

    Першапачаткова Слаўнікавай выставілі абвінавачваньне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1 — «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Потым журналістку абвінавацілі яшчэ і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361, частка 1).

    Чытайце яшчэ:

    Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае

    Псіхалагічная дапамога: Правілы аказання першай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі

    Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гісторыя мінулых гадоў беларускіх медыяў — гэта гісторыя поспеху

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці