Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйныя скаргі відэааператара Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько
Разгляд у Вярхоўным судзе апеляцыйных скаргаў на прысуд зняволеннем віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава і яго жонкі Таццяны Пыцько прызначаны на 21 лістапада. Старшыняваць на пасяджэнні будзе суддзя Юрый Руткоўскі. Слуханне пройдзе ў закрытым рэжыме.
Відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько 25 верасня 2023 года Віцебскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Лазарава судзілі паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса, Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Яўген Буруноў прыгаварыў Вячаслава Лазарава да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Таццяну Пыцько — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэты вырак сужэнцы спрабуюць аспрэчыць у вышэйшай судовай інстанцыі.
Абодвух звінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем. Вячаслава — за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну — за тое, што дапамагала мужу падчас правядзення відэаздымак. Працэс у абласным судзе таксама адбываўся за закрытымі дзвярыма, таму складана меркаваць, на якіх фактах базуецца абвінавачанне.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала зняволеных сужэнцаў палітычнымі вязнямі.
Нагадаем, Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны.
Таццяну Пыцько затрымалі праз чатыры месяцы — 6 чэрвеня 2023 года, пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі ў Віцебскім раёне. На момант затрымання Таццяна была ў адпачынку па даглядзе за дзіцём — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой на момант затрымання маці было 1 год і 1 месяц. Дзяўчынку забралі супрацоўнікі сацыяльнай службы, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх ейных дзяцей ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.
Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА.
Ім абодвум давялося пабываць за кратамі і раней — пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020 годзе. Таццяна была пакараная ў выніку штрафам у межах адміністрацыйнай справы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 8 жніўня, але тады яго адпусцілі без складання пратакола. Увосень таго ж года ў Лазарава прыводзілі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суда справа не даходзіла таксама.
Да таго, у 2018–19 гадах Вячаслава Лазарава некалькі разоў штрафавалі паводле арт. 22.9 КаАП па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі пры беларускім Міністэрстве замежных спраў.
Чытайце яшчэ:
Журналіста Паўла Мажэйку ўнеслі ў так званы спіс экстрэмістаў
В МВД Германии рассказали, кто сможет получить проездной документ вместо паспорта
«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую». Што вядома пра аўтара «Новага часу» Дзядка