Вітаем на борце! Запрацаваў сайт Магілёўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў
Магілёўскія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавалі сайт сваёй суполкі.
Рашэнне стварыць уласны сайт сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” прынялі на агульным сходзе ў Магілёве ў снежні 2018 года. Падчас сходу ўдзельнік лідарскіх курсаў ГА “БАЖ” Юрый Плоткін прэзентаваў калегам распрацаваны ім праект па прамоцыі дзейнасці магілёўскай бажаўскай суполкі і незалежных медыярэсурсаў у рэгіёне. Праект прадугледжваў і стварэнне сайта.
Юрый Плоткін адказна паставіўся да даручэння сяброў. За даволі кароткі прамежак часу сайт быў распрацаваны і пачалася праца па яго напаўненні кантэнтам. На старонках mogilev.press ужо зараз можна знайсці інфармацыю пра апошнія падзеі ў жыцці суполкі, азнаёміцца з матэрыяламі з яе гісторыі, даведацца пра парадак уступлення ў ГА “БАЖ”.
Па словах Юрыя Плоткіна, сайт будзе пастаянна абнаўляцца: наведнікі mogilev.press змогуць атрымаць інфармацыю пра дзейнасць магілёўскіх бажаўцаў, пра мерапрыемствы, якія яны праводзяць. Ужо бліжэйшым часам на сайце з’явіцца больш матэрыялаў з гісторыі суполкі.