• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскія бажаўцы падвялі вынікі года

    У Магілёве 22 снежня прайшоў сход сябраў Магілёўскай суполкі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Мясцовыя бажаўцы падвялі вынікі сваё дзейнасці ў 2018 годзе і абмеркавалі планы на надыходзячы 2019-ы.

    У працы сходу прыняў удзел намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў. Ён распавёў пра накірункі дзейнасці арганізацыі ў наступным годзе, а таксама паведаміў, што ў выпадку прававых праблем магілёўцам можна звяртацца да іх добрага знаёмага, вядомага рэгіянальнага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча.

    Лідар Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч у сваёй справаздачы нагадаў удзельнікам сходу пра мерапрыемствы, якія сябры суполкі зладзілі сёлета. Ён адзначыў, што гэтых мерапрыемстваў, нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя цяжкасці, адбылося даволі шмат, і праходзілі яны заўсёды пры актыўным удзеле большасці магілёўскіх бажаўцаў.

    За сваю дзейнасць Магілёўская суполка ГА “БАЖ” была ўзнагароджаная дыпломам Лаўрэата конкурсу “Лепшая філія 2018 года”.

    Пасля гэтага бажаўцы пачалі актыўнае абмеркаванне планаў дзейнасці суполкі на 2019 год. Барыс Вырвіч распавёў пра тое, што на сустрэчы кіраўнікоў філій, суполак і ўдзельнікаў лідарскіх курсаў ГА “БАЖ” прынятае рашэнне павялічыць колькасць разнастайных міжрэгіянальных мерапрыемстваў, і заклікаў мяцовых бажаўцаў актыўна ў іх удзельнічаць.

    Таксама Вырвіч прапанаваў сябрам суполкі правесці ў наступным годзе шэраг традыцыйных для рэгіёна мерапрыемстваў, такіх як круглыя сталы, прэс-клубы, канферэнцыі, дэбаты і г. д. Прапановы кіраўніка суполкі былі ўхваленыя. Акрамя гэтага, бажаўцы выказалі свае ідэі. У прыватнасці, Аліна Скрабунова прапанавала зладзіць прэс-тур для сябраў суполкі і журналістаў з іншых рэгіёнаў, і назвала месцы, дзе гэты прэс-тур можа адбыцца і будзе цікавы журналістам.

    Зміцер Салаўёў прапанаваў правесці на Магілёўшчыне рэгіянальныя “Бажынкі” для сябраў суполкі альбо зладзіць “БАЖынкі” ў наступным годзе менавіта ў Магілёўскай вобласці. Было вырашана дапрацаваць і канкрэтызаваць гэтыя і іншыя ідэі. Пасля яны будуць прапанаваныя для ўнясення ў планы дзейнасці суполкі.

    Удзельнік лідарскіх курсаў ГА “БАЖ” Юрый Плоткін прэзентаваў калегам распрацаваны ім праект па прамоцыі дзейнасці Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” і незалежных медыярэсурсаў у рэгіёне. Удзельнікі сходу ўхвалілі канцэпцыю праекта і пажадалі Юрыю поспехаў у яго рэалізацыі.

    Сярод іншага магілёўскія бажаўцы абмеркавалі пытанне пра неабходнасць больш актыўна рабіць сяброўскія ўнёскі і прынялі рашэнне зняць з уліку некалькіх чальцоў мясцовай суполкі.

    Ад імя ўсіх сябраў ГА “БАЖ” магілёўскія журналісты павіншавалі з 50-гадовым юбілеем калегу Яўгена Глушкова.

    Напрыканцы сходу яго ўдзельнікі прынялі адмысловую заяву, у якой выказалі сваё стаўленне да дзеянняў кіраўніцтва Магілёўскай абласной бібліятэкі. Магілёўская абласная бібліятэка імя Леніна адмовілася ад падарунка  –  пяцітомніка «Галасы ўтопіі» лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

    У заяве сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны выказалі меркаванне, што сваёй адмовай кіраўніцтва бібліятэкі праявіла недальнабачнасць і непавагу да вядомай ва ўсім свеце пісьменніцы, а таксама і да сваіх чытачоў, якія ў дадзеным выпадку былі пазбаўленыя свабоды выбару.

    Бажаўцы Магілёўшчыны лічаць, што гэтую памылку неабходна выправіць і зрабіць усё магчымае, каб творы Святланы Алексіевіч на беларускай мове змаглі дайсці да чытачоў Магілёўскай вобласці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці