Вайскова-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка занеслі ў «экстрэмісцкі» спіс МУС
Міністэрства ўнутраных спраў чарговым разам абнавіла пералік грамадзян Беларусі і іншаземцаў, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод чатырох дзясяткаў новых фігурантаў цяпер і вядомы эксперт у вайсковых пытаннях Ягор Лебядок.
«Спіс экстрэмістаў» сілавога ведамства папоўніўся адразу 41 прозвішчам — тут інстаблогеры, студэнты, спартоўцы, грамадскія актывісты ды іншыя беларусы, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў.
21 сакавіка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю ад імя Ягора Лебядка, аднак прызначаны на працэс суддзя Уладзімір Чэравач на падставе «супастаўлення фактаў» прыйшоў да высновы, што суд першай інстанцыі «меў рацыю» ў вызначэнні ступені вінаватасці і пастанавіў адмовіць у задавальненні скаргі.
Адвакаты Ягора Лебядка аспрэчвалі рашэнне Мінскага абласнога суда, які ў снежні 2022 года пакараў незалежнага аналітыка 5 гадамі зняволення паводле двух крымінальных артыкулаў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361–4 КК і ч. 2 арт. 361–4 КК).
У пачатку гэтага года незалежнага вайскова-палітычнага аглядальніка перавялі з СІЗА № 1 Мінска, дзе яго ўтрымлівалі да прад’яўлення абвінавачання, у СІЗА № 6 Баранавіч. Неўзабаве яго этапуюць у адну з калоній для адбыцця прызначанага пакарання.
А што за абмежаванні прадугледжвае «экстрэмісцкі» статус, якім асуджаных паводле палітычных артыкулаў надзяляюць сілавікі?
Згодна часткам 3 і 4 артыкула 18 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», грамадзянам, у дачыненні да якіх маецца прысуд, што ўступіў у законную сілу, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:
● займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў; псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў;
● педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм);
● выдавецкай дзейнасцю;
● займаць дзяржаўныя пасады;
● праходзіць ваенную службу.
Эксперта ў вайсковых пытаннях Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня 2022 года па месцы жыхарства ў Смалявічах. Спачатку арыштавалі на 15 сутак нібыта за «непадпарадкаванне супрацоўнікам унутраных органаў» (паводле арт. 24.3 КаАП), а затым пачалі крымінальную справу на падставе артыкула 361–4.
Фармальнай прычынай для пераследу стаў удзел адмыслоўца ў праграмах «Еўрарадыё» — пры тым, што яго затрыманне здарылася на тыдзень раней, чым медыя атрымала статус «экстрэмісцкага фармавання».
Следам улады пазбавілі Ягора Лебядка вайсковага звання «старшы лейтэнант» (разам з дзясяткамі іншых грамадзян) за «правапарушэнні і дыскрэдытуючыя правіны, несумяшчальныя са статусам ваеннаслужачага». Гаворка пра публічнае асуджэнне гвалту сілавікоў у 2020 годзе. Тады ён падпісаў зварот навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.
Летась 14 снежня ў Мінскім абласным судзе распачаўся разгляд справы, а праз 10 дзён суддзя Алена Міснік прызначыла абвінавачанаму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ягор Лебядок — колішні лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі таленавітым навукоўцам-кандыдатам навук. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі. Абараніў дысертацыю «Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек» на ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук.
У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежную пляцоўку пра вайсковую бяспеку краіны. Выступаў у беларускіх і замежных выданнях.
Чытайце яшчэ:
«Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве
«Коля або кайфуе ад жыцця, або копія бацькі і трохі „паехаў кукухай“». Вялікае інтэрв’ю з аўтарам «Сумнага Коленькі»
The Wall Street Journal призвала выслать посла РФ и всех российских журналистов из США