• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Коля або кайфуе ад жыцця, або копія бацькі і трохі „паехаў кукухай“». Вялікае інтэрв’ю з аўтарам «Сумнага Коленькі»

    У беларускім твітары сем гадоў таму з’явіўся акаўнт «Грустный Коленька», у якім пісалі ад імені малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Жарты паступова станавіліся ўсё папулярнейшымі, а цяпер думкі ад імені нібыта Мікалая Лукашэнкі чытае амаль 350 тысяч чалавек. Аўтар «Сумнага Коленькі» доўгі час заставаўся ананімным, але сёння вырашыў выйсці з ценю хаця б напалову. Мы пагаварылі з ім пра твітар і сапраўднага Колю Лукашэнку, уплыў гумару на палітыку, падкаст і шпіца Умку.

    «Меркаванне 12-гадовага хлопчыка, у якога іншы свет у галаве, заўсёды здавалася смешным»

    — Як вы прыдумалі акаўнт «Сумны Коленька»?

    — Насамрэч усё пачалося з адной фатаграфіі Коленькі, калі ён прымаў парад. Ён стаіць там, вельмі смешны маленькі хлопчык у вайсковай форме. Гэта ад пачатку выглядае камічна. Мы з сябрамі напісалі: «Чаму ён усюды мяне цягае з сабой?» І аказалася, што гэта вельмі смешна. Потым прыдумалі: «Цяпер бы спаць, а не прымаць гэтыя вашыя парады». І аказваецца, што любую фразу можна напісаць да гэтай фатаграфіі, і будзе смешна.

    Пасля гэтага мы вырашылі стварыць акаўнт Колі Лукашэнкі: я паставіў гэтую фатаграфію на аватарку — і з’явіўся «Сумны Коленька». Гэта быў такі персанаж, які ад імені Коленькі агучвае сваё меркаванне пра факты, якія адбываюцца ў Беларусі. Бо меркаванне 12-гадовага хлопчыка, у якога іншы свет у галаве, заўсёды здавалася смешным.

    — Як вы прыдумляеце жарты?

    — Часам проста бачыш навіну — і праз секунду з’яўляецца твіт. Часам жарт месяц ляжыць у чарнавіках, і я яго кручу, спрабую смяшней сфармуляваць. Часам сябры дасылаюць ідэі.

    Я думаю, што сур’ёзная развілка адбылася ў 2020 годзе, калі пачаўся кавід. Тады гэта ўжо сталі не думкі гэтага хлопчыка, а мае. Трэба было пісаць не толькі жарты, але і выказваць нейкую грамадзянскую пазіцыю. Бо ў пачатку 2020 года я вельмі жорстка хварэў на каранавірус, палова Беларусі хварэла. А вось гэты вусаты персанаж казаў, што «нет нікакіх вірусаў, нічыво не летает» (гэтую фразу суразмоўца гаворыць голасам Аляксандра Лукашэнкі. — Заўв. рэд.). І я думаю: блін, а ты што вярзеш? І тады пачаліся такія відавочныя разыходжанні, і жарты сталі трохі іншымі.

    — Які свой жарт вы лічыце найлепшым, а які — найгоршым?

    — Улюбёных жартаў шмат. Напрыклад вось гэты.

    Але ёсць яшчэ адзін класны жарт, які не падабаецца нікому. Гэта быў пачатак 2020 года, каранавірус. І тады я напісаў: «У вас няма адчування, што мой тата — е**** (вельмі кепскі чалавек. — Заўв. рэд.)?» Гэта смешна і з таго пункту гледжання, што гэта нібыта кажа сын, які да сваіх 15 гадоў не ўсведамляў, хто яго бацька. Усе ў свеце, усе ў Беларусі ўжо разумелі, але толькі калі пачаўся каранавірус і яго бацька пачаў гаварыць такія рэчы, Коленька такі: «Блін, пачакайце, я нешта не звяртаў увагі».

    Найгоршага жарту не назаву — думаю, як і многія ў твітары, я выдаляю такое, калі думаю: «Што я напісаў наогул?»

    — Чаму Коленька «сумны»?

    — Гэта менавіта праз тую фатаграфію. Ён там ве-е-ельмі сумны. Ну рэальна, гэта дзевяць гадзін раніцы, нейкія танкі едуць, нейкі парад, і ў яго такі-і‑і маркотны твар. Ён наогул не разумее, што там робіць.

    — Хто чытачы «Сумнага Коленькі»? Апішыце іх.

    — Акаўнт жыве сваім жыццём і жыве хвалямі. Першы ўсплёск быў у самым пачатку, усе пачалі актыўна рэтвіціць. Думаю, тады аўдыторыяй былі ўсе беларусы, якія сядзелі ў твітары.

    Наступная хваля была ў 2019‑м і пачатку 2020 года, гэта былі ў асноўным дзяўчаты. Тады пачалі з’яўляцца фатаграфіі Колі, дзе ён вельмі прыгожы, проста нейкі галівудскі актор Том Холанд. І маленькія дзяўчаты думалі, што гэта рэальна ён. Пісалі паведамленні: «А ты сапраўды Коленька?»

    А пасля 2020 года, калі ўсе ўсё ўсвядомілі, то гэта больш вальнадумныя людзі, больш дэмакратычна настроеныя. Вось такія тры хвалі.

    — Што вы адказвалі гэтым 15-гадовым дзяўчатам, якія пісалі?

    — Я не памятаю. У мяне заўсёды былі на руках карты ананімнасці і маўклівасці, я стараўся наогул нікому не адказваць, весці акаўнт моўчкі. Я нават у рэплаях ніколі нічога не пісаў. Бо інакш жарт не спрацуе.

    — То-бок дзяўчынкі засталіся без адказу?

    — У дзяўчынак свой свет. Ужо пад канец 2020 года я даведаўся, што ёсць тэлеграм-каналы, і там проста фандом Колі Лукашэнкі. Яны малююць яго, пішуць пра яго гісторыі, ходзяць да яго на хакей. І калі людзі пісалі нешта ў каментарах, маўляў, ён сын дыктатара, гэтыя дзяўчынкі так злаваліся: «Вы нічога не ведаеце пра яго, ён добры, ён гуляе ў хакей, ён прыгожы. Не чапайце яго!»

    «Гэта ўжо хлопец, які жыве ў выдуманым свеце, катаецца па розных краінах і кайфуе»

    — Які, па-вашаму, Коля Лукашэнка?

    — Слухайце, гэта ўсё ж будзе аналітыка па фатаграфіях і відэа. Я не прыхільнік такога, каб так судзіць людзей, трэба ўсё ж па ўчынках. Хаця б па інтэрв’ю нейкім. Мне здаецца, тут можа быць усё што заўгодна.

    Але я дакладна ўпэўнены, што ён вельмі адукаваны, вельмі спартыўны, у яго найлепшыя трэнеры і настаўнікі. Я ўпэўнены, што яго абсалютна не падпускаюць ні да якай інфармацыі, што ў яго няма выхаду да ўсіх экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, твітара. Мне здаецца, гэта ўжо хлопец, які жыве ў выдуманым свеце, катаецца па розных краінах і кайфуе. Я так яго ўспрымаю. Але магчыма, усё па-іншаму. Можа, ён копія бацькі і таксама трохі «паехаў кукухай».

    — Наколькі я разумею, раз вы думаеце, што ў Колі няма доступу да сацсетак, то і ў ліку вашых падпісчыкаў яго няма?

    — Я ўпэўнены, што ён нават не ведае пра мой твітар. У яго свой выдуманы свет, яго загружаюць усялякімі справамі. Ён вучыць кітайскую мову, ён грае на піяніна, у хакей. Вось 100% яму кажуць: «Ты не вер усяму, што там адбываецца, калі нешта ўбачыш ці табе хтосьці нешта скажа». Мне здаецца, яго аж ахоўваюць і аберагаюць.

    — Як думаеце, каго Лукашэнка любіць больш: Колю ці Умку?

    — Мне здаецца, Лукашэнка нікога не любіць (смяецца). Але проста цяпер шпіц для яго дакладна важнейшы, гэта чарговая спроба ачалавечыць дыктатара. Коленька вырас і больш не прыносіць яму тых плюсаў, дзеля якіх быў прыдуманы гэты вобраз. Так што шпіц цяпер выконвае ролю Коленькі.

    — То-бок вы думаеце, што як да сына ён да Колі цёплых пачуццяў асабліва не адчувае?

    — Ды вядома, адчувае (смяецца). Гэта больш жарт.

    — А вы б хацелі, каб Коля ўбачыў гэты акаўнт?

    — Я думаю, лепш за ўсё было б калі-небудзь запісаць з ім падкаст і пагаварыць. Гэта было б вельмі крута і для мяне, і для яго. Але мне здаецца, гэта нерэальна.

    — А што вы сказалі б яму пры сустрэчы?

    — Думаю, я б задаваў вельмі шмат пытанняў, усё будзе залежаць ад кантэксту, ад сітуацыі. А магчыма, я б казаў: «Даруй мне, калі ласка, перастань мяне біць токам, не трэба адразаць мне вуха. Гэ-э-эй, гэта ж усё жарты былі» (смяецца). Я думаю, ёсць яшчэ такі варыянт.

    — Ці была нейкая рэакцыя на вашыя твіты з боку адміністрацыі Лукашэнкі, ідэолагаў, спецслужбаў?

    — Не, я ж не парушаю ніякіх законаў (смяецца). Мне здаецца, яны супраць любых згадак Колі з негатыўнай канатацыяй. Гэта ж проста жарты. Мне здаецца, навошта ім скандал на роўным месцы раздзімаць?

    «Пасля 2020-га была эйфарыя, эйфарыя, эйфарыя, расчараванне, надзея»

    — Ведаю, што вы не хочаце раскрываць сваю асобу. Раскажыце пра сябе што можаце: хто вы, чым займаецеся?

    — Я сцэнарыст, ужо гадоў 10 займаюся тым, што пішу рознага кшталту гумарыстычныя праекты, шоу і серыялы. Ва Украіне пісаў, у Расіі, у Беларусі. А «Сумны Коленька» — гэта такая аддушына, дзе ты можаш сказаць сваю думку, і яе прачытае вельмі шмат людзей. Дзе ты можаш сказаць наогул што заўгодна.

    — А колькі вам гадоў?

    — (паўза) Ды-ы‑ы не ведаю. А якая розніца?

    — Цікава, наколькі ў вас вялікая розніца з Колем Лукашэнкам. Калі вам 20 — гэта адно, а калі 40 — іншае. У другім выпадку, напэўна, складана пісаць твіты ад імені падлетка.

    — Ну, мне дакладна не 18, як яму. Было б дзіўна, калі б 11-гадовы хлопчык у 2015 годзе пачаў весці твітар. Але мне не нашмат больш, я не стары мужык. А што ёсць розніца ва ўзросце… У сцэнарыстыцы гэта называецца «рэсёрч». Сцэнарыст жа можа пісаць пра музыканта, калі сам не музыкант, пра дарослую разведзеную жанчыну, калі сам не яна. А пра Коленьку шмат інфармацыі, каб адчуць сябе ім.

    — А ці бывае такое, што ў звычайным жыцці вы думаеце як ваш персанаж?

    — Не (смяецца). Я ж не так часта пішу ад яго імені, у мяне няма раздвойвання асобы.

    — Расказваючы пра свае любімыя твіты, вы сказалі, што пасля пачатку пандэміі каранавіруса ўжо трэба было не проста жартаваць, але выказваць сваю пазіцыю. Да 2020 года вы цікавіліся палітыкай?

    — Я пісаў пра гэта ў першай калонцы для KYKY: на жаль, да 2020 года значная частка беларускага грамадства была па-за палітыкай. А цяпер мы разграбаем наступствы. Думаю, што праз гэта цяпер вялікая колькасць людзей цалкам занурылася ў палітыку і толькі пра гэта і гаворыць. Ды і я таксама.

    Калі браць падзеі 90‑х, рэферэндумы — мне тады было зусім мала гадоў, усё гэта міма мяне прайшло. У 2010 годзе я таксама быў малады, чамусьці мяне цікавілі іншыя рэчы. А далей была адліга нейкая, пачынаючы з 2014 года, з чэмпіянату свету па хакеі. Ну крута ж было! Усе гэтыя музычныя фестывалі, «Вуліца ежа», муралы малявалі, Мобі прыязджаў. І я прыдумаў такую думку нядаўна: гэта мы думалі, што адліга, а насамрэч была залатая восень. Цяпер жа пачалася зіма.

    — Якім быў для вас 2020 год?

    — Ды мне здаецца, будзе такі ж адказ, як і ва ўсіх пра апошнія тры гады. Эйфарыя, эйфарыя, эйфарыя, расчараванне, надзея. Але я так скажу: я нават падкаст зрабіў праз тое, што, мне здаецца, усе ўжо стаміліся ад пытанняў пра 2020 год. Хочацца агучваць новыя думкі і новыя тэзісы. Сумняваюся, што скажу нешта новае. Я адкажу гэтак жа, як і вы, як любы жыхар Беларусі, акрамя Азаронка.

    — Вы часта жартуеце пра Лукашэнку як пра тату Коленькі — ці чакалі такой жорсткасці ад яго?

    — Вядома, не, ніхто не чакаў.

    «Мой падкаст — гэта размова трох сяброў на кухні»

    —  «Сумны Коленька» запусціў падкаст «Даколі». А навошта?

    — Ёсць дзве прычыны, чаму я вырашыў рабіць падкаст: альтруістычная і эгаістычная. Першая ў тым, што ўсе дагэтуль гавораць пра палітыку, пра вайну, пра тое, што мы зрабілі не так у 2020 годзе, што трэба было зрабіць. Гэта нейкая вечная рэфлексія. І хочацца трохі пагаварыць на іншыя тэмы. Цяжка, я разумею. Траўма вельмі вялікая, і людзі ўвесь час скочваюцца ў тэмы, якія нібыта ўжо мусяць быць прапрацаваныя.

    Цяжка казаць пра стэндап у Беларусі, калі суразмоўца з’ехаў з краіны са зразумелых прычын. Так ці інакш гэта будзе звязана. Але я хачу, каб людзі паслухалі і трохі адпачылі, расслабіліся. Гэта не стомленасць ад палітыкі, гэта ж не «вместо, а вместе». Таму што вось заходзіць беларус у YouTube, а там нічога свайго забаўляльнага няма. І тады ён ідзе глядзець рускі, украінскі кантэнт. А трэба прасоўваць дэмакратычныя каштоўнасці не толькі праз размовы пра палітыку.

    А другое — хочацца навучыцца гаварыць, выказваць свае думкі. Як сцэнарыст я заўсёды пісаў, а цяпер хачу паспрабаваць у рэальным часе фармуляваць свае думкі. І яшчэ хочацца пагаварыць з нейкімі крутымі беларусамі, пачуць іх думкі, данесці іх да іншых. Хочацца развівацца.

    Гэта размова трох сяброў на кухні. Размова, у якой любы слухач хацеў бы паўдзельнічаць. Каб было весела, цікава, пазнавальна. Думаю, у кожнага была крутая размова, а другой гадзіне ночы на кухні, калі думаеш: «Божа, як мы класна пагаварылі, калі б мы гэта запісалі, быў бы падкаст». Але ў той жа час хочацца, каб размова была прадметная. Таму з комікамі я размаўляю пра гумар, з музыкамі — пра музыку, журналістамі — пра журналістыку.

    — З кожным новым выпускам усё больш людзей будзе ведаць, хто такі «Сумны Коленька». Калі раскрыеце сваё імя ўсім?

    — Тут два варыянты. Альбо рана ці позна ўсе даведаюцца, хто я, альбо проста людзям стане ўсё адно. Я не тое каб баюся ці не хачу гаварыць пра сябе, але гэта сапсуе канцэпт, усё будзе не так весела.

    Вядома, падкаст я вяду ад сябе, дзіўна было б размаўляць з гасцямі, прыкідваючыся сынам дыктатара. Гэта было б весела, але дзіўна. Амплуа Колі тут патрэбнае для таго, каб яго больш людзей пачула. Таму што падкаст ад нейкага сцэнарыста будзе не так цікавы, як ад «Сумнага Коленькі».

    — Якая, на вашую думку, роля комікаў і гумару ў грамадскім і палітычным жыцці краіны?

    — Тут трэба канкрэтызаваць, якіх менавіта комікаў. Калі браць беларускую гісторыю, то ўсё, што робіць Маргарыта Ляўчук, Андрэй Павук, калі тэлефануе чыноўнікам, хлопцы з Pan Standup і нават твіты Ільіна і Джыпсінкова — гэта погляд на сучасныя падзеі праз прызму гумару. Калі ты можаш неяк цікава гэта асвятліць.

    Людзі стамляюцца ад сухіх навін. І прасцей данесці, што тое, што адбываецца, ненармальна, праз смешны твіт, песню або маналог у стэндапе. Людзі слухаюць, смяюцца і сваім смехам згаджаюцца з тым, што гэта ненармальна.

    — Пасля 2020 года не раз выказвалася меркаванне (у тым ліку вы гаворыце пра гэта ў сваёй калонцы), што, калі мы смяёмся з Лукашэнкі, мы бачым не жорсткага, гатовага на забойства дзеля ўлады чалавека, а пажылога мужчыну, які «забыў выпіць таблеткі». Ці можа такое высмейванне прывесці да таго, што людзі недаацэняць дыктатара?

    — Мне здаецца, наадварот. Калі ты высмейваеш кагосьці, ты паказваеш яго з горшага боку і што яго не трэба баяцца. Мне здаецца, усе выдатна ўсё разумеюць і выдатна ўсё ацэньваюць. Проста я не палітолаг, не ўпэўнены, што я наогул кампетэнтны ў такіх пытаннях.

    — Тым не менш акаўнт «Коленькі» звязаны з палітыкай, таму зусім ад гэтага адысці не атрымаецца.

    — Згодны, але я не Шрайбман або Чалы, якія ведаюць усё пра палітыку. Я проста пішу жарты, і часам яны адлюстроўваюць маю грамадзянскую пазіцыю.

    «У ідэале, калі ўсё скончыцца, перадаць Колю гэты акаўнт»

    — Што мусіць здарыцца, каб Коленька павесялеў?

    — (паўза) Сумны Коленька ці той, [Мікалай Лукашэнка]?

    — Давайце абодва.

    — Мне здаецца, Коленьку трэба казытаць (смяецца). Тады ён будзе вельмі вясёлым. А наогул я думаю, што пераназаву акаўнт у «Вясёлы Коленька», калі ўсё скончыцца і ўсе вернуцца ў Беларусь. І я прыфоташоплю яму ўсмешку — мне здаецца, няма ніводнай фатаграфіі, дзе ён усміхаецца. Хіба нейкія з хакея, калі ён забівае шайбу — там ён 100% вясёлы.

    — А будзеце ў такім выпадку працягваць весці акаўнт?

    — Так, вядома. Калі людзі будуць чытаць. Наогул, у ідэале, вядома, калі ўсё скончыцца, запісаць падкаст з Колем і перадаць яму стырно, каб ён сам яго вёў, гэты акаўнт. Ён атрымае сінюю галачку, паставіць сваю фатаграфію, і, мне здаецца, будзе нашмат смяшней і цікавей.

    — Які твіт будзе ў «Сумнага Коленькі» ў дзень адстаўкі або смерці Лукашэнкі?

    — Я буду думаць анлайн, я рэдка загадзя прыдумляю твіты.

    — Якой у вашым уяўленні будзе тая Беларусь, у якую ўсе вернуцца?

    — Свабоднай. Без страху нешта сказаць і нешта напісаць. Усё, што адбываецца цяпер, нерацыянальнае, дэструктыўнае і разбуральнае. Гэта немагчыма падтрымліваць бясконца. Але я ўпэўнены, што рана ці позна Коленька стане вясёлым!

    Чытайце яшчэ:

    «Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве

    У Беластоку прэзентавалі часопіс «Мінкульт»

    Беларускі афіцыёз занепакоены незразумелай засакрэчанасцю «саюзнага медыяхолдынга»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці